Навіны
Клуб маладых паэтаў Гародні запрашае ўсіх выцягваць з шуфляд вершы
«Пакалаенне Y» – такую назву атрымаў клуб маладых аматараў паэзіі, які 6-га чэрвеня пачаў сваю дзейнасць. Некалькі юнакоў і дзяўчат, якія жывуць у Гародні, вырашылі стварыць паэтычную тусоўку, дзе кожны ахвотны змог бы падзяліцца сваімі творамі, пачытаць любімыя вершы або проста прыйсці і паслухаць пра што піша новае пакаленне.
Як лічыць адзін з арганізатараў Артур Камароўскі, такая ініцыятыва павінна была паўстаць ужо даўно, бо шмат у каго дома пыляцца цікавыя творы, якія варта паказаць публіцы.
— Мы хацелі б даведацца пра тое, чым жыве моладзь, маладыя паэты, і таму нават назва у нас такая «Пакалаенне Y». Гэтыя людзі — нашы аднагодкі, мы адкрытыя да ўсіх, кожны можа прыйсці і пачытаць ці проста паслухаць. Няма ніякіх абмежаванняў па ўзросце. І нават назва — гэта проста прывязка да сённяшняга часу.
Наступная паэтычная сустрэча адбудзецца ў аўторак 13-га чэрвеня ў Цэнтры гарадскога жыцця а 19-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/klub-maladykh-paetau-garodni-zaprashae/