Навіны

Робэрт Вінніцкі: Польскі ўрад зрабіў памылку

Беларускія палякі пратэстуюць супраць увядзення новых паправак у Кодэкс аб адукацыі. Змяненні  абавяжуць перавесці агульныя прадметы ў польскіх школах на дзяржаўную, чытай, расейскую мову. Тым не менш, адносіны між афіцыйным Менскам і Варшавай не пагоршыліся.

Польскі ўрад зрабіў памылку, гаворачы пра пацяпленне адносінаў з Лукашэнкам, лічыць Робэрт Вінніцкі, дэпутат Сейма і старшыня партыі “Нацыянальны Рух”. Яшчэ не так даўно з сеймавай трыбуны дэпутат прапаноўваў прыпыніць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці,  узамен за выкананне правоў беларускіх палякаў, а потым ініцыяваў стварэнне “Польска-беларускай парламенцкай групы” (разам з чальцамі Палаты Прадстаўнікоў). Як вядома, з наступнага года Польшча перастане фінансаваць“Белсат”. Цяпер Робэрт Вінніцкі абураецца ціскам на польскую меншасць.

Робэрт Вінніцкі: Два тыдні таму ў нас было паседжанне камісіі па сувязях з палякамі замежжа, дзе намеснік міністра замежных справаў Ян Дзядзічак выказаўся вельмі адназначна, што польскія ўлады будуць рэагаваць. На маю думку, урад зрабіў памылку, абвяшчаючы пацяпленне польска-беларускіх адносінаў у той час, калі ніякія жэсты з боку Менска не былі зроблены. Значыць, нават у той момант, калі былі гэтыя дзве школы, то жэстамі з Менска павінна было стаць адкрыццё новых школьных адзінак з польскай мовай навучання. Гэта скандал, што на некалькі тысяч палякаў ёсць толькі дзве школы. Яшчэ большы скандал – гэта тое, што цяпер ёсць план, каб іх зачыніць. Мяне гэта непакоіць. Лічу, што калі Беларусь пойдзе гэтай дарогай, то гэта замарозіць нашыя ўзаемныя адносіны на чарговыя гады і дзесяцігоддзі.

РР: Але спадар дэпутат, Вы былі адным з тых, хто падтрымліваў новае адкрыццё Варшавы на Менск, Вы казалі пра тое, што Польшча павінна заплюшчыць вочы на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, на парушэнне правоў беларускай апазіцыі, а за гэта палякі будуць мець забяспечаны свае правы. То Вы памыліліся. Ці прызнаеце Вы сваю памылку?

Робэрт Вінніцкі: Не. Я ад самага пачатку, як толькі мы мелі сустрэчу з амбасадарам Авяр’янавым, запрапанаваў дакладна такую мадэль. Мы шануем вашу палітычную суверэннасць, не стараемся арганізоўваць Беларусь паводле нашых уяўленняў, а вы за гэта шануеце нашу нацыянальную меншасць. Гэта была такая задача, з якой я ўвогуле ўвайшоў у польска-беларускую групу, і пра гэтую задачу я ўвесь час гавару.

Я лічу, што ўрад паступіў няправільна, бо зрабіў некаторыя жэсты ў бок Менска перад тым, як ён паказаў добрую волю ў адносінах да палякаў у Беларусі. Гэта я лічу памылкай, і менавіта гэта я крытыкаваў ад самага першага моманту. Напрыклад, калі наступіла гэтая дыскусія наконт грошай для “Белсата”, я сцвердзіў, што, магчыма, у такім цвёрдым палітычным гандлі гэта ёсць нейкая валюта, але пакуль з менскага боку не будуць зроблены нейкія жэсты, то мы не павінны ні ў чым саступаць.  Гэта элементарная дыпламатыя. Польскі ўрад зрабіў памылку, бо паехаў і паверыў на цёплыя вочы Аляксандра Лукашэнкі, як гэта сказаў маршалак Карчэўскі.

Я за тое, каб спрабаваць дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам, але чакаючы канкрэтных цвёрдых жэстаў у адносінах да палякаў у Беларусі. Такіх, як адкрыццё новых школаў, а не закрыццё тых, якія існуюць.

РР: А калі сітуацыя ў адносінах да палякаў у Беларусі не зменіцца, то што Польшча павінна зрабіць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

Робэрт Вінніцкі: Думаю, што тады сітуацыя застанецца такой, якой была дагэтуль. То бок, нічога асабліва не зменіцца. А мы павінны будзем увесь час думаць, якім чынам у гэтай існай невыгоднай сітуацыі дапамагаць нашым суайчыннікам у гэтай краіне. Неяк павялічыць дапамогу, спрабаваць іншыя формы. Калі гэта не можа быць школьніцтва, то, можа, яшчэ больш спрабаваць развіваць такое суботня-нядзельнае школьніцтва. Мы маем устанавіць гэта абсалютным прыярытэтам.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/zakrytstsyo-polskikh-shkol-zamarozits-ad/

07.06.2017

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты