Навіны
Пракуратура перанакіравала ліст Сяргея Верамеенкі тэлерадыёкампаніі
У Гародні яшчэ адзін грамадскі актывіст, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка дамагаецца праз пракуратуру знайсьці аўтара прапагандысцкай стужкі. 17 красавіка гэты фільм быў паказаны па Гарадзенскім тэлебачанні. У ім былі паказаны ў негатыўным святле некалькі гарадзенскіх дэмакратычных актывістаў.
Грамадскі актывіст ужо атрымаў адказ з пракуратуры вобласці на сваю скаргу. Кажа Сяргей Верамеенка:
– Я хачу высветліць, хто быў аўтарам гэтага фільма і на якой падставе ўвогуле выйшаў у эфір сюжэт, які зневажае не толькі мяне, але і маіх блізкіх. Пракуратура фактычна перанакіроўвае маю заяву на Гарадзенскае тэлебачанне. Але ж гэта зацікаўлены бок, які павінен адказваць за тое, што зрабіў. Для мяне гэта незразумела.
Першым падаў скаргу ў пракуратуру лідар гарадзенскай структуры партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які пазьней, не атрымаўшы адказу ў вызначаны законам аб звароце грамадзянаў час, накіраваў заяву ў суд на тэлерадыёкампанію „Гродна”. Сяргей Верамеенка ня выключае тое, што і яму давядзецца, абараняючы свой гонар і годнасьць, зьвярнуцца ў суд каб бараніць свае правы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/prakuratura-peranakiravala-list-syar/