Навіны

Чаму для грамадскасці і экспертаў няма доступу на будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС?

Будаўніцтва Астравецкай АЭС

Эксперты і грамадскія актывісты ў чарговы раз уздымаюць пытанне адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС перад адказнымі асобамі.

“На пачатку красавіка звярнуліся ў дырэкцыю атамнай электрастанцыі, каб правесці супольна з імі круглы стол па пытаннях празрыстасці і адкрытасці будаўніцтва АЭС. Але дырэкцыя не пайшла насустрач. Нам нічога не заставалася, каб проста сабраць мясцовых актывістаў, якія пражываюць у рэгіёне будаўніцтва, запрасіць экспертаў, якія валодаюць хоць нейкай інфармацыяй і пагаварыць пра далейшыя нашыя крокі”, - адзначае праваабаронца з г. Маладзечна Алесь Капуцкі.

Грамадскі актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч адзначае, што грамадскія актывісты і зацікаўленныя людзі накіроўваюць свае высілкі на тое, каб спыніць будаўніцтва, якое нічога добрага Беларусі не прынясе.

“І зараз небяспека як ніколі вялікая. Пра гэта сведчаць тыя выпадкі, што адбыліся ў 2016 годзе, калі адзін рэактар уранілі на зямлю, а другі – ударылі аб стоўб электраперадачаў”, - кажа ён.

Алесь Капуцкі падкрэслівае:

“Усё закрыта, ніхто нічога не ведае, інфармацыя хаваецца. Пытанне: “Чаму? Чаму няма доступу незалежнай грамадскасці і экспертаў на будаўнічую пляцоўку?” Значыць напэўна ёсць, што хаваць”.

Сябра Рады грамадскага аб’яднання “Экадом”, адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС Таццяна Новікава лічыць:

“Праблема ў тым, што Беларусь парушыла Орхускую канвенцыю, канвенцыю ЭСПА у працэсе будаўніцтва, таму што яна не ўлічыла ні меркаванне грамадскасці пры прыняцці рашэння пра будаўніцтва беларускай АЭС, ні меркаванне суседніх краінаў”.

 

Круглы стол па абмеркаваннях праблемаў у працэсе будаўніцтва АЭС адбыўся 5 чэрвеня.  

http://spring96.org/be/news/87163

12.06.2017

Відэа

праваабарончыя сайты