Навіны

150 гадоў з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага

Беларускі гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі нарадзіўся 14 чэрвеня 1867 года ў Рэчыцы. Паходзіў з сям’і дробнага беззямельнага дваранства, сын калежскага сакратара Віктара Доўнар-Запольскага. Значны перыяд яго жыцця быў звязаны з Кіевам. Яшчэ ў раннім юнацтве быў адлічаны з 8-га класа гімназіі за чытанне кнігаў “злачыннага зместу” – твораў Тараса Шаўчэнкі і лістоў да Аляксандра Герцана. Аднак здолеў здаць гімназічныя іспыты экстэрнам і паступіць ва ўніверсітэт. У 1893 годзе скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 190-ым абараніў магістарскую дысертацыю, у 1906-ым – доктарскую дысертацыю па гісторыі. З 1899 г. быў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта, з 1902-га – прафесарам рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэту. Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў у Кіеве (1906 г.), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

   Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута ў 1917 г. і так званай “Справы Сташэўскага” адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. У снежні 1919 года – прафесар Харкаўскага інстытуту народнай гаспадаркі, у 1920-21 – прафесар Харкаўскага ўніверсітэту. У 1922-25 гадах працаваў прарэктарам Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесарам Бакінскага політэхнічнага інстытута. Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. (кастрычнік 1925 – восень 1926). Разам з Дзмітрыем Даўгялам у 1925 г. быў стваральнікам Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. Пасля змушанага пераезду ў Маскву увосень 1926 г., часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-ыя). У 1920-ых-1930-ых гадах таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

   Доўнар-Запольскі актыўна падтрымліваў БНР, узначальваў Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве, падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску. У траўні-кастрычніку 1918-га удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі. Па просьбе ўладаў БНР склаў “Мемарыял” (“Асновы беларускай дзяржаўнасці”), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней быў перакладзены на англійскую мову. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

   Мітрафан Доўнар-Запольскі – аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Масковіі, Расіі ў 19 ст., гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычных рухах, сялянскім пытанні, этнаграфіі Беларусі. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш за 20 архіваў (Масква, Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж, іншыя). Шмат з працаў дагэтуль застаюцца неапублікаванымі. Надрукаваная але непублікаваная кніга “Гісторыя Беларусі” ў 1926 годзе выклікала абурэнне ўладаў БССР, была названа “катэхізісам нацыянал-дэмакратызму”, забаронена, а рукапіс канфіскаваны. Пасля гэтага гісторык быў змушаны пераехаць, практычна высланы, у Маскву (восень 1926-га), і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь.

   Памёр Мітрафан Доўнар-Запольскі 30 верасня 1934 года ў Маскве. Пахаваны на маскоўскіх данскіх могілках.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

14.06.2017

праваабарончыя сайты