Навіны

Каталікі адзначаюць Божае Цела

Святам еднасці ўсіх каталікоў называюць Божае Цела, якое адзначаецца сёлета 15-га чэрвеня. Урачыстыя працэсіі з удзелам каталікоў лацінскага і грэцкага абрадаў пройдуць у гарадах Беларусі.

Свята дае магчымасць паказаць сваю веру ў Ісуса Хрыста, сваю нацыянальную адметнасць. Беларускія грэка-каталікі традыцыйна ідуць на працэсіі ў нацыянальных строях з абразамі і харугвамі. Кажа пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні айцец Андрэй Крот:

– Людзі, якія выходзяць паказаць сваю веру, – гэта свядомыя людзі. На жаль, ёсць тыя, якія хаваюцца са сваёй верай, але не трэба баяцца. І я думаю, што для тых, хто яшчэ не ўсвядоміў сваю веру, хавае яе ці проста саромеецца, гэтае свята – дэманстрацыя таго, што нас шмат, і мы ідзем з рэлігійнымі песнямі, рэлігійнымі сімваламі, верай і малітвай. Магчыма, гэта падштурхне людзей да таго, каб сваю веру вызнаваць адкрыта.

Свята прыйшло ў Рыма-каталіцкую царкву з ХІІІ стагоддзя. Папа Рымскі Францішак заклікае ў гэты дзень у Эўхарыстычнай малітве быць побач тых братоў і сясцёр, якія не могуць выражаць сваю веру ў Ісуса Хрыста адкрыта і падвяргаюцца пераследу

. Урачыстасці свята Божага Цела ў Гародні пачнуцца ад катэдры Францішка Ксаверыя а 18-ай гадзіне. Адсюль пачнецца працэсія, якая завершыцца ў зарэчанскім храме Маці Божай Анёльскай.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kataliki-adznachayuts-bozhae-tsela/

15.06.2017

праваабарончыя сайты