Навіны

«Кактэйлі Молатава» і Фраў А. аказаліся мітам», — Бяляцкі лічыць, што «справа патрыётаў» можа не дайсьці да суду

Алесь Бяляцкі

 

Сьледчы камітэт Беларусі прыняў распачатую КДБ крымінальную справу па артыкуле 287 КК РБ — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня«, вядомую як «справа патрыётаў». Але па артыкуле за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» крымінальны перасьлед спынены.

Што гэта значыць, Свабодзе кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Па-першае, гэта значыць, што той міт, які распаўсюджвалі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі пра беспарадкі, цяпер разьвеяўся канчаткова. Ён нічым ня быў пацьверджаны за тыя амаль два месяцы пасьля падзеяў, што адбываліся ў сакавіку.

Прапагандысцкі фільм БТ аб справе „Белага легіёну“

Канечне ж, гэта выклікае вялікія пытаньні і да прафэсіяналізму КДБ, які распачаў гэтую справу. Атрымліваецца, што ўсе гэтыя эпізоды пра „кактэйлі Молатава“, якія былі „знойдзеныя“ 25 сакавіка, пра „Фраў А.“, якая выступала ў амбасадзе са зваротам па масавых беспарадках — усё гэта аказалася прапагандысцкім фэйкам.

Гэта паказвае, што ў распачынаньні гэтай справы галоўным быў палітычны падтэкст, а ня нейкія дзеяньні, якія сапраўды мелі месца.

Тое, што справа была перададзеная з КДБ, мне падаецца, паказвае, што КДБ вырашыў ухіліцца ад далейшага разьвіцьця гэтай справы. Я не сумняюся, што КДБ будзе стаяць за сьпінай СК, фактычна схаваўшыся за СК. Але думаю, што яны надалей будуць кантраляваць ход гэтай справы, а калі справа дойдзе да суду, то і самі суды.

„Улады бачаць грамадзянскую супольнасьць як небясьпечнага праціўніка“, — Алесь Бяляцкі ў „Інтэрвію тыдня“

Але шанцы на тое, што справа дойдзе да суду, зьменшыліся. На адзін артыкул стала меней — гэта кажа пра тое, што мо і ўся справа ня дойдзе да суду. Будзем глядзець вельмі ўважліва».

*

Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Адзін зь лягераў нібыта быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія — ва Ўкраіне і ці то Літве, ці то Польшчы. Пасьля пачаліся затрыманьні. Затрымалі прынамсі 35 чалавек (большая частка — або сябры «Маладога Фронту», або людзі, зьвязаныя з колішнім «Белым легіёнам»), на сёньня за кратамі застаюцца 14.

«Вясна» і большая частка праваабарончых арганізацый Беларусі не прызнаюць фігурантаў «справы патрыётаў» палітвязьнямі, бо ня маюць аб справе дастатковых зьвестак (абвінавачаньні фармальна не палітычныя — дзеяньні, якія інкрымінуюцца фігурантам, сапраўды незаконныя, але рэальныя дэталі справы невядомыя). У той жа час шэраг праваабарончых арганізацый, у ліку якіх і «Вясна», патрабуюць неадкладна вызваліць затрыманых, бо тыя, каго затрымлівалі, казалі пра катаваньні. Але Генпракуратура ня бачыць падставаўдля пракурорскай праверкі.

Што напісаць затрыманым па «справе патрыётаў». Сьпіс адрасоў

https://www.svaboda.org/a/28558801.html

16.06.2017

праваабарончыя сайты