Навіны
Зміцер Дашкевіч стаў лаўрэатам прэміі „За свабоду думкі”
Зміцер Дашкевіч стаў лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі”, якую ўручае Рух “За свабоду”. Яна была ўручана ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна на імпрэзе, прымеркаванай да дня нараджэння пісьменніка Васіля Быкава.
Паводле Змітра Дашкевіча, пра прэмію ён не думаў увогуле, а займаўся звычайнай справай. Але, як зазначае Зміцер, канешне, было прыемна яе атрымаць:
– Канешне я ўдзячны і гэта гонар для мяне гэту прэмію атрымаць. Я яе расцэньваю, як прэмію ўсёй камандзе, сябрам, з якімі я разам працаваў. Наўрад ці б я адзін мог нешта зрабіць, з таго што зрабіў. Можа ў нейкіх выпадках я выступаў ініцыятарам, але ў любым выпадку я ацэньваю гэтую прэмію, як адзнаку нашай супольнай працы, нашага супольнага ўнёску ў справу беларушчыны.
Мерапрыемства ў Бычках зладзіў Рух “За свабоду” пры падтрымцы Віцебскага філіяла “Таварыства беларускай мовы”. Вёў імпрэзу бард і актор Віктар Шалкевіч. Падчас імпрэзы быў праведзены конкурс на веданне жыцця і творчасці Васіля Быкава.
Гучалі вершы ў гонар пісьменніка і на тэму свабоды. Таксама прагучалі спевы ў выкананні гурта „Sumarok”, бардаў Віктара Шалкевіча, Георгія Станкевіча і Леаніда Лаўрыновіча.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/zmitser-dashkevich-stau-laureatam-premi/