Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Пятро Бітэля

Беларускі пісьменнік, паэт, перакладнік, педагог, праваслаўны святар Пятро Бітэль нарадзіўся 19 чэрвеня 1912 года ў мястэчку Радунь (цяперашні Воранаўскі раён). Паходзіў з сям’і паштальёна. Ахрышчаны ў лідскім Сьвята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Калі сям’я была ў бежанстве ў час вайны, наведваў у Расіі школу. Пасля вяртання ў Беларусь хадзіў у Вішнеўскую школу (Валожынскі р-н). З 1925 года вучыўся ў Барунскай настаўніцкай семінарыі. Пазней – у  Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў ў 1931 годзе. Пэўны час кароткімі перыядамі настаўнічаў на Нясвіжчыне (1931-33 гады). У 1933-34 гадах служыў у польскім войску. У 1935-39 – загадчык пачатковай школы ў вёсцы Даўгінава (Карэліцкі р-н), актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

У верасні 1939-га Пятро Бітэль мабілізаваны падпаручнікам зноў у польскае войска. Браў удзел у баях з фашыстамі. У Берасці трапіў у савецкі палон. Вывезены ў расійскі Арзамас, дзе быў вызвалены і ўрэшце вярнуўся ў Беларусь. У 1940 годзе працаваў настаўнікам у Вішневе, пасля дырэктарам сямігадовай СШ №2 Валожына, інспектарам-метадыстам раённага аддзелу адукацыі. Пасля чэрвеня 1941-га да 1942-га хаваўся ад немцаў. Пасля стаў настаўнікам гандлёвай школы ў Валожыне. У 1944 годзе з сям’ёй вывезены ў Нямеччыну па падазрэнні ў сувязях з партызанамі. Па дарозе ў выніку аварыі цягніка ўдалося ўцячы. Жыў з сям’ёй у Кашаліне, апекаваўся дзецьмі, якія былі вывезены з Беларусі. У траўні 1945-га мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У пачатку 1946-га вярнуўся дамоў, працаваў настаўнікам ў вёсцы Забрэззе Валожынскага раёну. Але ўжо ў 1947-ым звольнены з настаўніцкай працы па палітычных матывах. Скончыў падрыхтоўчыя царкоўныя курсы ў Жыровіцкім манастыры і стаў праваслаўным святаром. Служыў ў царкве вёскі Міжэвічы, з 1949-га – у Докшыцах на Віцебшчыне. У 1950 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Зняволенне адбываў у Камышлагу Кемераўскай вобласці, Омску, Джэзказгане (Казахстан). Вызвалены з канцлагеру толькі ў 1956 годзе. Быў праваслаўным святаром на Гомельшчыне да 1962 года, калі зноў трапіў пад пераслед. У 1963-1974 гадах працаваў настаўнікам нямецкай мовы і малявання Вішнеўскай школы. Дачакаўся рэабілітацыі толькі ў 1978 годзе.

Як літаратар Бітэль друкаваўся з 1929 года ў часопісе “Шлях моладзі” пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Артыкулы на педагагічныя тэмы друкаваў з 1937 года, вершы – з 1939-га. Завочна скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфаку Мінскага педагагічнага інстытуту. Пятро Бітэль – аўтар паэм “Замкі і людзі” (1968 год), “Сказанне пра Апанаса Берасцейскага” (1984). Пераклаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, “Конрад Валенрод”, “Гражына”, “Дзяды”, “Крымскія санеты”, польскамоўныя паэмы і п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Юзафа Крашэўскага “Хата за вёскай”, асобныя творы Марыі Канапніцкай, Баляслава Пруса, Юліуша Славацкага, Генрыка Сянкевіча, Міхаіла Лермантава, Аляксандра Пушкіна, Івана Франко, Тараса Шаўчэнкі, Бяртольда Брэхта, Ёгана-Вольфганга Гётэ, Фрыдрыха Шылера, іншых. Рукапіс перакладу паэмы “Пан Тадэвуш”, зроблены Бітэлем у савецкім канцлагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. 

Памёр Пятро Бітэль 18 кастрычніка 1991 года ў Маладэчне. Пахаваны ў Вішневе.

 

19.06.2017

праваабарончыя сайты