Навіны

Навошта гэтыя межы?”

“Навошта гэтыя межы, калі за іх рэжуць!?” – спяваецца ў вядомым хіце папулярнага беларускага музычнага гурту. А сапраўды – навошта яны? Навошта яны там, дзе не патрэбныя! А калі патрэбныя – то каму? – пытанне натуральнае і простае як аглобля.

Давялося мне апошнім месяцам упершыню праехаць праз некалькі адметных межаў. Граніц не нейкіх аддаленых заморскіх дзяржаваў, а межаў менавіта нашай бліжэйшай прасторы, можна сказаць памежжа. Неяк ехалі аўтамабілем з сябрам з Літвы – Друскенікаў у Польшчу – у кірунку Сэйнаў. Але замест звыклай трасы праз Лаздзіяй-Агароднікі выпадкова збочылі лявей і трапілі на іншую дарогу. Асэнсаваўшы кіламетраў пра дзесяць сваю памылку, пастанавілі ехаць гэтым выпадковым шляхам далей, паколькі на мапе дарога была пазначана з Літвы ажно да сумежных Бержнікаў. Вузкая асфальтоўка ішла спярша ў засені густых дрэваў, у адным месцы яна перайшла ў фрагмент брукаванкі, які пакінулі, па ўсім відаць, адмыслова як частку гісторыі. А месцамі на шляху пераважала лясная гравійка. Насустрач ці ўслед аніводнай машыны. Так праз лес урэшце ў ганаровай адзіноце і пераехалі мы з Літвы ў Польшчу. А на тым месцы, дзе яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму быў сапраўдны “жалезны мур”, убачылі толькі сціплы адкрыты шлагбаўм ды знак, што пачалася тэрыторыя іншай дзяржавы. Такая мяжа. Найбольшай заваёвай Еўрапейскага звязу напэўна можна лічыць вось гэтую адкрытасць межаў, вольнага перамяшчэння чалавека амаль па ўсёй Еўропе.

Цяпер вось да гэтай еўрапейскай бязмежавай супольнасці далучылася і Ўкраіна. За суседзяў можна толькі парадавацца – цяпер яны могуць ехаць па кантыненце без візаў. І гэта вялікая заваёва ўкраінскай дзяржавы. Выступаючы на ўрачыстым канцэрце, украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка працытаваў класічны лермантаўскі верш “Прощай, немытая Россия, страна рабов, страна господ!”. А Беларусь катастрафічна адстае ад паўднёвых суседзяў, тыя ж біяметрычныя пашпарты пачнуць выдаваць нам толькі ў 2019 годзе.

Іншая экзатычная мяжа, якой давялося праехаць на мінулым тыдні – гэта пешаходна-роварны пераход Лясная-Рудаўка на беларуска-польскім сумежжы праз Аўгустоўскі канал. Раней можна было праз гэты памежны пункт толькі праплыць на байдарках ці іншым водным транспарце. Зараз, з гэтага году, у летні сезон можна ісці пешкі альбо ехаць роварам. Праехалі мы групай на роварах з вялікай прыемнасцю. Ды яшчэ больш упэўніліся ў штучнасці гэтай мяжы. І беларускія і польскія ветлівыя мытнікі і памежнікі, падобныя вёскі, хай сабе па польскім боку і больш заможныя, прыдарожныя крыжы і помнікі, усюды зычлівыя людзі. Польскіх турыстаў, аднак больш, бо яны могуць ехаць на тэрыторыю, прылеглую да Аўгустоўскага канала і да Гародні на пяць дзён без візаў. Дзяржава Беларусь можа яшчэ больш спрасціла б уезд палякам і іншым еўрапейцам, але цэлы час мусіць азірацца на ўсходняга суседа. А ў Маскве вельмі хваравіта рэагуюць на кожнае, нават невялічкае збліжэнне Беларусі з Еўропай. І гэта вынік той, больш чым дваццацігадовай арыентацыі ўраду Рэспублікі Беларусь на інтэграцыю з Расеяй. Пагроза нам ідзе менавіта з усходу і вось там патрэбная мяжа, для спынення нелегалаў ды  бандытаў. Але там, дзе неабходная пільная мяжа, яе няма, і наадварот.

Беларусам жа ў Еўропу дагэтуль патрэбныя шангенскія візы, якія дастаткова дарагія і якія не так проста атрымаць. Паводле апошніх даследзінаў беларускі пашпарт у глабальным рэйтынгу “моцы пашпартоў” толькі на 58-ым месцы з 94 пазіцый. А на кожнай пазіцыі па некалькі краін. Такім чынам вышэй Беларусі больш за сто дзяржаў. Без візы беларусы могуць ездзіць у 70 краін свету (у 37 – зусім бяз візы, яшчэ ў 33 з атрыманнем візы на месцы). Але гэта пераважна краіны Азіі. Дзеля параўнання – усе суседзі вышэй па гэтым рэйтынгу – Польшча – 10-я (ажно 150 бязвізавых краінаў!), Літва і Латвія – на 11-ым месцы, Україна ужо на 30-ым (119 бязвізавых краін). І нават Расея значна вышэй – на 41-ым (106 краін). Вось такая горкая для беларусаў рэчаіснасць адкрытасці свету. Горкая, але, на жаль, заканамерная.  

Уладзімір Хільмановіч 

20.06.2017

праваабарончыя сайты