Навіны

Падатковая рассылае «лісты шчасця» ацалелым падчас Халакосту беларускім габрэям

Улады наважылі «зарабіць» на гуманітарнай дапамозе міжнародных габрэйскіх арганізацый.

Тысячы габрэйскіх састарэлых людзей Рэспублікі Беларусь - рэцыпіенты гуманітарнай дапамогі ад амерыканскага JDC («Джойнта»), нядаўна атрымалі паведамленні аб неабходнасці заплаціць падаходны падатак з кошту тых дабрачынных паслуг, якія ім былі нададзеныя па лініі «Хэсэдаў» - рэгіянальных аддзяленняў «Джойнта» для надання дапамогі габрэям, якія жывуць у нястачы, паведамляе выданне «Габрэйскі свет».

Патрабаванні заплаціць «падатак з дабрыні» мелі нават рэтраактыўны характар - напрыклад, у красавіку было даслана патрабаванне аплаціць падатак з дабрачынных паслуг за студзень-люты-сакавік 2017 года. Пры гэтым сума налічанага за тры месяцы падатку складала палову месячнай пенсіі сярэднестатыстычнага пенсіянера Беларусі.

Вядома, што сродкі для састарэлых габрэяў, якія перажылі Халакост, вылучаюцца амерыканскім габрэйскім размеркавальным камітэтам («Джойнт») адмыслова для гэтай мэты з бюджэту «Claims Conference» - галоўнай арганізацыі матэрыяльных патрабаванняў да Нямеччыны за генацыд і рабаванне габрэяў у перыяд Халакосту.

Такім чынам, значныя сродкі для дапамогі старым у «Джойнце» маюцца - чаму ж яго аддзяленні ў гарадах Беларусі патрабуюць падаткі з састарэлых і бедных людзей, замест таго, каб выплаціць гэтыя расходы з уласных бюджэтаў? Каб атрымаць адказы на пытанні аб прычынах такіх патрабаванняў, мы звярнуліся ў галоўны офіс «Джойнта».

У адказе рэгіянальнага дырэктара JDC аб краінах экс-СССР Міхаль Франк (Michal Frank), атрыманым 19 чэрвеня 2017 года, падкрэсліваецца, што ініцыятарам збірання падатку з дабрачыннай дапамогі і паслуг стала менавіта беларуская дзяржава.

Згодна з новаўвядзеннем уладаў Беларусі, гуманітарная дапамога і догляд за старымі ўспрымаюцца з гэтага часу як атрыманне дадатковага даходу гэтымі састарэлымі людзьмі. Напрыклад, аплата «Хэсэдам» некалькіх гадзін на тыдзень памочніцы (патранажнай сядзелкі) - гэта нібыта «дадатковы даход» для 85-90-гадовых людзей, часцяком вельмі хворых, якія перажылі незлічоныя пакуты ў перыяд Другой Сусветнай вайны.

«Беларускія падатковыя органы патлумачылі нам, што (цяпер) існуе адказнасць асабістага падаходнага падатку. Пасля шматлікіх запытаў у мясцовыя падатковыя інспекцыі, мы зразумелі наступнае:

1. Састарэлыя кліенты «Хэсэда» абавязаныя паведаміць уладам пра кошт паслуг, якія яны атрымліваюць (такія, як догляд дома), каб заплаціць падаткі згодна з каштоўнасці гэтых паслуг.

2. Закон уключае некаторыя льготы, якія можна выкарыстоўваць толькі асабіста, пасля таго, як кліент атрымлівае афіцыйны падатковы запыт ад урада.

3. «Хэсэды» не ў стане запытаць гэтыя вызваленні ад падаткаў ад імя сваіх кліентаў, бо патрабуецца законам, каб кліенты запытвалі гэтыя вызваленні ад падаткаў самастойна.

Праз абмежаваныя рэсурсы JDC не ў стане кампенсаваць выдаткі на гэты падатак», - гаворыцца ў адказе рэгіянальнага дырэктара «Джойнта» Міхаль Франк. Высокапастаўленая кіраўніца «Джойнта» таксама адзначыла, што падраздзяленні яе арганізацыі раяць старым кліентам у індывідуальным парадку звяртацца да мясцовых уладаў з просьбай вызваліць пажылых людзей ад падаходнага падатку праз узрост, стану здароўя і сямейны статус. Паводле інфармацыі «Габрэйскага Свету», гэтыя падатковыя патрабаванні ўжо прывялі да таго, што пажылыя габрэі рэзка скарачаюць сабе гадзіны дапамогі (грошы на якую выдзяляюцца ад «Claims Conference») - каб не плаціць лішні падаходны падатак. Так, напрыклад, у г. Светлагорску Гомельскай вобласці 86-гадовая Лізавета Маркаўна Б. скараціла з 25 да 10 гадзін на тыдзень час працы прыходнай памочніцы па дому. Яна гэта матывавала адной прычынай - нежаданнем плаціць вялікі падатак на суму атрыманых «паслуг бязвыплатнай дабрачыннасці». «Мы разумеем, што JDC у Беларусі вымушаны выконваць новае падатковае заканадаўства гэтай краіны. Тым не менш, мы мяркуем, што спагнанне грошай з пажылых і бедных людзей - гэта несправядліва і нават амаральна, і гэта кідае цень на рэпутацыю «Джойнта» як вядучай арганізацыі дапамогі габрэям, якія жывуць у нястачы. Неабходна знайсці нейкае іншае развязанне гэтай праблемы ў маштабах усёй Беларусі», - падкрэсліла ў сваім адказе Міхаль Франк.

 

 

20.06.2017

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты