Навіны

Лета

Большасць людзей чакаюць менавіта гэтай пары году. Адны каб з’ездзіць куды адпачыць, другія – каб пакапацца на лецішчы, іншыя – проста каб пагрэцца на сонцы. А для большасці беларусаў немалаважным ёсць і той факт, што летам трэба менш плаціць за камуналку. Тут, як гаворыцца, кожнаму сваё. Але менавіта лета самая чаканая пара году.

Яно доўга не прыходзіць, і хутка зыходзіць. Прычым кожны раз нечакана. Зрэшты, лета гэта яшчэ і добры індыкатар вызначэння дабрабыту як кожнага асобнага чалавека, яго сям’і, так і дзяржавы ў цэлым. Ні для каго не ёсць сакрэтам, што менавіта чыноўнікі і іншыя дзяржаўныя служачыя, а таксама і людзі не толькі надзеленыя ўладай, але і больш-менш блізкія да яе, выкарыстоўваюць гэтую пару году напоўніцу. Гэта сапраўды іх час. Яны бяруць сабе тады адпачынкі, у іх ёсць сродкі каб наведаць экзатычныя месцы планеты з камфортнымі гатэлямі і рэстаранамі з разнастайнай кухняй, і самае галоўнае з поўнай адсутнасцю рускамоўных турыстаў.

Для рускамоўных асобныя гета. Як правіла гэта берагі Турцыі ды Егіпту, і канешне ж не турыстычная паездка па Ніле з ветлівым ангельскамоўным гідам, які значна пашырыць вашы веды не толькі пра Егіпет, але і пра старадаўні свет увогуле, а прыбярэжныя гатэлі, дзе як самыя кажуць шчаслівыя рускамоўныя турысты: “Усё ўключана!”.

Усё! Вось яна мара для чалавека з невялікім грашовым заробкам і з яшчэ меншымі прэтэнзіямі на пашырэнне гістарычных і геаграфічных пазнанняў. Еш колькі хочаш, а самае галоўнае – колькі хочаш пі. За ўсё ўжо заплачана. І галоўная задача адбіць выдаткаваныя на гэты турыстычны адпачынак грошы хоць нейкім чынам. А каб іх адбіць, то столькі з’есці немажліва. А вось выпіць – прасцей простага.

І тут трэба адзначыць, што рускамоўнага беларускага турыста становіцца менш. Большасць беларусаў прыйшлі у гэтае лета з прымаўкай: “Ні да жыру, хоць бы выжыць”. І пахвальных расповедаў пра тое, што наша турыстычная кампанія адных алкагольных напояў выпіла у два разы больш, чым каштаваў іх тур, становіцца ўсё менш. Хіба што гэта найбольш яскравы паказнік дабрабыту грамадства.

Але з дабрабытам народа і так усё зразумела было і без гэтага. Гэтым разам цікава стала тое, што мы бачым летнюю актыўнасць беларускага чыноўніка не на пляжах Мальдзіваў, а ў сваіх кабінетах. І ён, няшчасны беларускі чыноўнік, ці прынамсі хаця б частка з іх, пра заморскія берагі гэтым летам і не марыць. І тут, як кажуць у народзе, становіцца зразумелым, што не так усё добра “ў дацкім каралеўстве”. Закончыліся, відаць, там грошы, а браць больш няма дзе. А ён, чыноўнік, мусіць прыдумаць дзе. І вось ужо паляцелі грамадзянам “самай сацыяльнай краны” новыя “лісты шчасця”. Іх сэнс зразумелы. Можна нават канверт не адчыняць. Грошы плаціце. А за што прыдумайце самі.

Пра які замежны турызм можа ісці гаворка у такой сітуацыі? Тут ужо галоўная задача да сябе замежных турыстаў прывалачы. І візы ім адмянілі, і па вышэйшым загадзе беларускія бліны навучыліся печ, і ўвогуле перасталі цурацца словазлучэння “беларуская кухня”… А праўладная Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі вуснамі свайго лідара заявіла, што будзе ставіць пытанне пра легалізацыю герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга як духоўнай каштоўнасці… Відаць зразумелі ў краіну з якімі сімваламі паедуць замежнікі.

Так і да беларускай мовы дойдзе. Хоць яшчэ нядаўна сцвярджалі, што ад беларускай мовы каўбасы больш не стане. А яе не стала больш ад рускай мовы, пры ўсім яе падмацаванні падачкамі, танным газам і агульнай мытнай прасторай.

Ну вось натуральным чынам, без рэвалюцый і рэзкіх рухаў падыходзім мы да таго часу, калі замест турыстычнай паездкі і беларускі чыноўнік, і звычайны грамадзянін разам сядуць вывучаць родную мову.

А лета ўсяго толькі пара году. І людзі якім за 50, як і аўтару гэтых радкоў, добра ведаюць, што хутка пралятае не толькі яно, але і вясна, і восень, і зіма таксама. І таму трэба спяшацца ў гэтым жыцці зрабіць хоць што-небудзь правільна. Напрыклад, вывучыць родную мову.

Віктар Сазонаў


21.06.2017

праваабарончыя сайты