Навіны

У Маладэчне збілі актывіста анархісцкага руху

Актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава вечарам 21 чэрвеня збілі ў Маладэчне.

Як паведаміў Касінераў БелаПАН, прыблізна а дзясятай вечара ён з таварышам і двума дзяўчынамі ішоў па цэнтральнай плошчы горада. „Там сядзела кампанія, адразу да нас падышлі, запыталі, хто мы, завязалася бойка”, — сказаў ён.

Паводле слоў актывіста, нападнікаў было больш за 20 чалавек, яны адразу прызналіся ў сваіх неанацысцкіх поглядах. Касінераў удакладніў, што збівалі ўсіх чацвярых, у тым ліку дзяўчат. Ужо пасля інцыдэнту, падкрэсліў ён, кампанію да вакзала суправаджала машына з невядомымі.

Касінераў не выключае, што гэта была спланаваная правакацыя: „нас заўважылі, калі мы прыехалі ў горад, і абвясцілі „план перахоп”. Ён таксама лічыць, што нападнікі дзейнічалі ўпэўнена, ведаючы, што за гэта „ім нічога не будзе”.

Актывіст паведаміў, што ў сувязі са збіваннем яму тэлефанавалі з міліцыі, аднак ён не мае намеру пісаць заяву аб распачынанні крымінальнай справы і здымаць пабоі, таму што не верыць, што „ў нашай краіне гэта працуе”. Паводле слоў анархіста, у яго чэрапна-мазгавая траўма і зламаны нос.

Касінераў быў адным з фігурантаў рэзананснай „справы графіцістаў”. Ён і яшчэ два чалавекі былі затрыманыя ў жніўні 2015 года паводле падазрэння ў нанясенні графіці „Беларусь мае быць беларускай” і „Рэвалюцыя сьвядомасьці, Яна ўжо ідзе…”, а таксама ў псаванні фарбай сацыяльнай рэкламы на двух білбордах з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў Менску. Прыблізна месяц ўсе трое знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 29 студзеня 2016 года судом Касінераў быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (на той момант 6,3 млн недэнамінаваных рублёў) на падставе арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Актывіст таксама зведаў крымінальны пераслед за перформанс у цэнтры Менска 12 сакавіка. У знак пратэсту „супраць міліцэйскага гвалту” ён накінуў пятлю на нядаўна ўсталяваную скульптуру царскага гарадавога і два разы паляпаў яго па твары. Помнік устаноўлены насупраць будынка МУС у гонар 100-годдзя беларускай міліцыі. Больш за месяц Касінераў знаходзіўся пад вартай, аднак за тыдзень да суда быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. 27 красавіка яго аштрафавалі на пяць базавых велічыняў (115 рублёў).

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/aktyvista-anarkhistskaga-rukhu-zbili-u-m/

22.06.2017

Відэа

праваабарончыя сайты