Навіны

Маё пакаленне

Гэта было на прыпынку ў Гародні. Размаўлялі між сабой група мужчын сярэдняга веку. Малодшы выглядаў на гадоў крыху больш за сорак, старэйшы ўжо добра за пяцьдзесят. Маё пакаленне.

– Усё часцей задумваюся, куды пайшло жыццё, – уздыхнуў старэйшы. – Увесь час гарбаціўся, круціўся… А час так хутка праляцеў і што ў выніку?! Заробку няма, перспектыў аніякіх. Нават дзеці з гэтай краіны ад такога жыцця за мяжу паўцякалі. А самому і старасць спакойна сустрэць не даюць. Улада ўсё нешта прыдумвае, каб забраць тое, чаго ў мяне няма. Усё я нешта ім вінен. Думаў некалі хоць на пенсіі адпачну. Дык ужо і надзеі на пенсію не маю. Выглядае на тое, што пенсійны ўзрост будуць павялічваць так імкліва, што я за ім не ўганюся. А каб і дацягнуў нейкім цудам, то ці мажліва выжыць на тую пенсію. Эх, вярнуцца б гадоў на дваццаць-трыццаць назад і пачаць спачатку!

Сумны маналог. А ўлічваючы тое, як іншыя суразмоўцы ў знак згоды заківалі галовамі, можна было зрабіць выснову, што і ў іх сітуацыя падобная. І памяняць яе ўжо няма ні часу, ні сілаў, ні надзеі…

А вось дваццаць-трыццаць гадоў назад сапраўды былі перспектывы, шанцы, надзеі, сілы і час… Дык што ж здарылася? Што маё пакаленне зрабіла не так? Адказ на гэтае пытанне лаканічны, даходлівы, злы, справядлівы і гучыць як прысуд: –  Усё! Усё зрабілі не так! Хоць была мажлівасць накшага выбару. Але маё пакаленне выбрала гэты шлях. І тады, калі пасля скону Савецкага Саюзу на яго нечакана звалілася свабода, яе, гэтую свабоду не ацанілі і не сталі бараніць. Яе проста выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах пакуль яна была. А ў гэты час, на іх вачах адбываўся злачынны гандаль і радзімай, і сумленнем, і гонарам, і будучыняй…

Былі і тыя, што не стамляліся настойваць. што трэба бараніць сваю свабоду, будаваць сваю краіну, змагацца за незалежнасць і выбіраць сваю ўладу. Яны ахвяравалі не толькі сваім часам, дабрабытам і ўласнай свабодай, але нават рызыкавалі жыццём. Былі канешне і ёсць і дагэтуль такія героі і ў маім пакаленні. Але да крытычнай масы іх колькасць не дарасла. Маё пакаленне не пайшло за сваімі прарокамі, не скарыстала свайго шанцу, які яму ласкава падарыў лёс. І зараз яно наракае на гэты лёс і шкадуе страчаных гадоў…

Пакаленне маіх бацькоў не мела такога шанцу. Мой бацька дзіцянём кідаў камні ў плечы ўзброенаму нямецкаму жаўнеру, які хацеў забраць бабкінага гуся. Крыху пазней узброеныя савецкія салдаты забралі таго гуся ў калгасны загон разам з іншай жыўнасцю і з яе гаспадарамі. Лёс не даваў пакаленню маіх бацькоў аніводнага шанцу на іншае жыццё. І то ім удалося выканаць сваю зямную місію – выхаваць тых, хто будзе шукаць і расказваць праўду, хто знойдзе і будзе бараніць Курапаты, хто пойдзе за справядлівасць у астрогі і будзе рызыкаваць сваімі свабодай і жыццём, хто будзе адраджаць свае каштоўнасці і паказваць іншым праўдзівы шлях. Яны ў жудасных умовах выканалі сваю нацыянальную беларускую місію. Маё ж пакаленне мела шанец, якога не мелі іх бацькі. Але не скарыстала яго.

І зараз яму застаецца невялікі выбар. Ці і далей наракаць на свой гаротны лёс, вінаваціць ва ўсім кепскую ўладу і з жахам назіраць за набліжэннем старасці, за ўцёкамі сваіх дзяцей туды, дзе папярэднія пакаленні вырашылі падобныя праблемы, ці ўсё ж пастарацца выправіць трыццацігадовую памылку, паказаўшы, што не толькі ў асобных яго прадстаўнікоў, але і ў ўсяго пакалення ёсць годнасць, гонар, сумленне, сорам і адказнасць перад будучыняй.

Але ў кожным выпадку, пры любым развіцці падзей наступнае пакаленне зробіць свае высновы з жыцця папярэднікаў. Прынамсі задумаецца, ці варта губляць трыццаць год, каб пасля наракаць на лёс і баяцца старасці. Відаць у тым і ёсць гістарычны сэнс і правільнага і памылковага выбару кожнага пакалення. Кола гісторыі ўсядно пойдзе сваім шляхам і прыйдзе да належнага выніку. А кожнае пакаленне мае шанец быць не страчаным у гэтым працэсе. Не паасобныя яго героі, якіх зразумела што мае кожная эпоха, але цэлае пакаленне.

У майго ж пакалення для гэтага засталася апошняя мажлівасць.

Віктар Сазонаў


08.07.2017

праваабарончыя сайты