Навіны

Канец фільма

Многа чаго давялося наслухацца і наглядзецца ў судах Рэспублікі Беларусь па грамадска-рэзанансавых справах за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў. Але мяжы і вяршыні абсурду, падаецца, усё ж няма. Чарговая грамадска-палітычная справа, якую разглядаў гарадзенскі суд, не прынесла нейкіх станоўчых вынікаў, хоць і мела свае адметнасці. І канечне сваё дасягненне, якое можна смела заносіць у сусветную кнігу судовага абсурду. Такая кніга, праўда, не існуе, але відаць наспела пара яе стварыць.

Справа датычыла іску аднаго з лідараў Гарадзенскай філіі партыі Беларускі Народны Фронт Вадзіма Саранчукова да Гарадзенскага тэлерадыёаб’яднання аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Пасля веснавых маршаў пратэсту ў горадзе над Нёманам з нетраў гарадзенскага дзяржаўнага тэлебачання на блакітныя экраны жыхароў Прынямоння выйшаў дакументальны фільм пра некаторых актывістаў рэгіянальнай дэмакратычнай апазіцыі. Фільм пад назвай “Маршем в никуда”. Назваць, зрэшты, гэта фільмам ці журналісцкай творчай працай, цяжка. Па-сутнасці дзяржаўныя прапагандысты скляпалі брудны пасквіль, не шкадуючы чорнай фарбы і агідных выразаў, збэсцілі некалькі грамадскіх і палітычных актывістаў, якія тым ці іншым чынам удзельнічалі ці прысутнічалі на веснавых акцыях так званага пратэсту недармаедаў. Адзін з антыгерояў па версіі аўтараў гэтай паскуднай стужкі Вадзім Саранчукоў падаў заяву ў суд. І правільна зрабіў. Бо адна справа, калі грамадскіх актывістаў паліваюць брудам на нейкіх ананімных сайтах, якіх развялося зараз у вялікай колькасці. І зусім іншая рэч – калі дыскрэдытацыяй, сведамай хлуснёй і абразамі займаецца дзяржаўнае тэлебачанне!

Што замоўцаў гэтага фільму-пасквіля мы не ўбачым у судовым працэсе, было зразумела ад пачатку. Гэта людзі з іншых кабінетаў і установаў. А ўжо ў час дасудовага разбіральніцтва стала ясна, што не з’явяцца ў залі судовага паседжання і выканаўцы палітычнага заказу. Глядзець у вочы людзям гэтыя псеўдажурналісты, асобы, якія пакліканыя вяшчаць праўду, але насамрэч займаюцца хлуслівай прапагандай, папросту баяцца. На працэс яны выпхнулі нейкага Барыса Іванавіча, юрыста, які прадстаўляў бок адказчыка.

Цікавай разынкай працэсу стала тое, што суддзя Ксенія Стасюкевіч вяла яго па-беларуску. З’ява рэдкая як для сённяшняй Беларусі. А вось прадстаўнік Гарадзенскага тэлебачання прасіў разглядаць справу па-расейску. Зрэшты, як і належыць прадстаўніку па-сутнасці антыбеларускага тэлебачання. І вось тут падыходзім да сама галоўнага – нечакана выявілася, што ў згаданага фільма няма аўтара. Стужка з канкрэтнымі часам і назвай ёсць, вісіць яна ў інтэрнэце дагэтуль, відэа ёсьць, голас, які агучвае пасквіль, пазнавальны многім, а аўтара ці аўтараў фільма…няма! Так сцвярджае адказчык і гэта па-сутнасці прызнае і вызначае суд. Вызначае таму, што адхіляе ўсе хадайніцтвы аб выкліку сапраўдных сведак. А некаторых асоб прысутная грамадскасць хацела б убачыць і паслухаць. Прыкладам, дырэктара тэлерадыёкампаніі “Гродно” Николая Мельяченко, пры якім гарадзенскае тэлебачанне стала амаль цалком расейскамоўным. І стала такім, што прадукуе фільмікі кшталту “Маршем в никуда”. На гарадзенскім тэлерадыёаб’яднанні працуе агулам каля ста чалавек. Цікава, у якую незгаральную шафу ўсе яны запхнулі сваё сумленне?!

У выніку суд пры разглядзе іску заглыбіўся ў дробныя і неістотныя дэталі, высвятляючы з’яўляецца Саранчукоў рамеснікам ці не, вырабляе ён сувенірную прадукцыю ці не і таму падобнае. І як ужо здагадаўся чытач, суд адхіліў пазоў заяўніка, а значыць не прызнаў, што тэлерадыёкампанія прынізіла гонар і годнасць грамадскага актывіста і нанесла шкоду яго дзелавой рэпутацыі. Вось такі ён, Ленінскі суд Гародні. Калі судзяць незалежных журналістаў-фрылансераў, то іх прызнаюць аўтарамі матэрыялаў і штрафуюць паводле артыкулаў, за якія маюць адказваць толькі юрыдычныя асобы – рэдакцыі. Калі ж справа кранулася дзяржаўнага тэлебачання, то тут аўтараў няма. Як кажуць, канцы ў ваду. І канец фільма…

Уладзімір Хільмановіч 

20.07.2017

праваабарончыя сайты