Навіны

Суседскія гавэнды

Зараз амаль кожны, хто цікавіўся гэтай так званай суседскай падзеяй, задае сабе толькі адно пытанне: “А што гэта такое было?” А вось да таго як усё закончылася гэтая падзея называлася сустрэчай Парашэнкі і Лукашэнкі. Увогуле то яна насіла вельмі высокі статус афіцыйнай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Украіны. Але ў прэсе гаворка неяк усё больш ішла пра персаналіі самых кіраўнікоў, чым пра краіны, якія яны прадстаўляюць.

Дык што ж увогуле адбылося насамрэч? Што мы пра гэта ведаем? Ну сустрэліся кіраўнікі двух суседскіх краін, адна з якіх, Украіна, сёння рыхтуецца да мажлівай вайны з трэцяй сваёй суседкай Расеяй, называючы тую краінай-акупантам за анексію Крыма і сцвярджае, што Расея ўжо мае прамое дачыненне да гібрыднай вайны на ўсходзе Ўкраіны. Ну а другая, Беларусь, з гэтай суседкай Расіяй праводзіць сумесныя вайсковыя вучэнні і ўваходзіць у адзіную саюзную дзяржаву, і з ёй жа ў Саюз Незалежных Дзяржаў, і з ёй жа ў адзіную мытную прастору, і з ёй жа ў некі вайсковы блок, і ў яшчэ безліч нейкіх дамоўленасцяў на ўзгадванне каторых паперы не хопіць.

Здавалася б, пра што могуць гаварыць гэтыя людзі з такімі супрацьлеглымі інтарэсамі і поглядамі? Што ў іх такога агульнага, што патрабуе персанальнай размовы тэт-а-тэт? А аказваецца пагаварыць знайшлі пра што. Сцвярджаецца, што яны між іншым і пра Чарнобыль пагаварылі, і пра эканоміку… Многіх прыемна ўразіла што яны не забыліся пра Чарнобыль. А яшчэ для большай колькасці людзей стала адкрыццём тое, што аказваецца у гэтых краін ёсць эканоміка. Ну што тут скажаш. Тут як гаворыцца: “Добрашчасны хто верыць”.

Дык што ж яны хацелі ад гэтай сустрэчы? Украінскі кіраўнік хіба шмат раіўся з сваімі хаўруснікамі пра тое, што можна ад гэтага спаткання чакаць і атрымаць. Дарадчыкаў зараз ва Ўкраіны багата, а як сцвярджае народная мудрасць у “сямі нянек дзіця з пабітым носам”. Таму, хіба што, лепш было б параіцца з адным Міхаілам Саакашвілі, які зараз акурат у Украіне знаходзіцца. Бо ён на гэтыя граблі ўжо наступаў і мае што параіць. Баючыся каб Беларусь не прызнала пасля расейска-грузінскай вайны адарваныя ад Грузіі тэрыторыі незалежнымі краінамі, ён таксама рабіў пэўныя рэверансы ў бок беларускага кіраўніка. А ў гэты час Расея рыхтавалася да грузінскіх выбараў. Добра рыхтавалася. А беларуска-грузінскія перамовы маглі цалкам упісвацца ў гэты план як частка шматхадовага працэсу. Беларусь то не прызнала адарваныя ад Грузіі землі незалежнымі. Але вось Саакашвілі больш не праводзіць пачатыя рэформы ў сябе на радзіме. Ну а тыя землі, як і ўкраінскі Крым, Беларусь і так не прызнала б. Які сэнс. Няўжо гэтае прызнанне ці не прызнанне нешта памяняла б.

Няма сумневу, што і да ўкраінскіх выбараў Расія рыхтуецца не менш дасканала і шматхадова. А на сённяшні момант дык выглядае так, што толькі яна адна пакуль што і рыхтуецца да тых украінскіх выбараў. А яе хаўруснікі верай і праўдай ёй дапамагаюць. Здаецца кіраўнік Украіны на гэтую тэму не пагаварыў з галоўным хаўруснікам Крамля. Ну і сапраўды можа эканоміка важней. Асабліва для тых, хто верыць што яе мае. Тут як кажуць зноў жа ў народзе, “чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала”.

Беларускі кіраўнік столькі замежных дарадцаў як яго ўкраінскі калега не мае. У яго выбар невялікі. Раіцца або слухацца, тут кожны хай выбера для сябе больш прывабную фармулёўку, трэба толькі аднаго дарадцу. Затое прыехаў ён з вялікім эскортам і добрай аховай, як і належыць галоўнаму хаўрусніку і сябру Масквы. Ды і хіба ведаў чаго прыехаў. Шкада вось, што больш ніхто таго не ведае.

Але ўсядно галоўнай зоркай сустрэчы стала звычайная ўкраінская дзяўчына, якая напісала на аголеных грудзях “Жыве Беларусь!!!” і паўтарыла гэты лозунг уголас. Пішуць, што яе цяпер будуць судзіць. У Беларусі за лозунг “Жыве Беларусь!!!” таксама ўзнагароды не выдаюць. Пакуль што не выдаюць. Ну а як моцна пакараюць, ці зусім не пакараюць тую дзяўчыну даведаемся пазней. Адно ясна, што пра яе будуць узгадваць нашмат часцей, чым пра тыя гавэнды кіраўнікоў суседскіх краін на вельмі высокім роўні.

Віктар Сазонаў


26.07.2017

праваабарончыя сайты