Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Віктара Вальтара

Беларускі літаратар і публіцыст Віктар Вальтар нарадзіўся 15 (28-га па іншым стылі) ліпеня 1902 года ў горадзе Дзьвінск (цяперашні Даўгаўпілс, Латвія). Паходзіў з сям’і краўца Бенядыкта Вальтара. Бацька добра разумеў патрэбу навучання, і калі хлопцу споўнілася 9 год, аддаў яго спачатку ў Першую мястовую пачатковую школу, а па  сканчэнні  яе – у Дзьвінскую дзяржаўную рэальную вучэльню, дзе здольны юнак выявіў  добрыя поспехі. У час першай сусветнай вайны Віктар разам з сям’ёй быў у бежанстве. Вучыўся ў Харкаўскім рэальным вучылішчы, пасля вяртання на радзіму ў 1921 годзе працягваў вучыцца у расейскай гімназіі. У жніўні 1922 года скончыў Беларускія дзяржаўныя аднагадовыя настаўніцкія курсы. Пры падтрымцы беларускай дыяспары (найперш Кастуся Езавітава і Сяргея Сахарава) стаў стыпендыянтам чэшскага ўраду і трапіў у Прагу, дзе паступіў на каморніцкі факультэт Чэшскага вышэйшага тэхнікума. Праз тры гады захварэў на сухоты і, ня скончыўшы вучобы, вярнуўся на радзіму.

Як пісьменнік Віктар Вальтар дэбютаваў у 1923 годзе нарысам “Аднабочнікі”, які пад псеўданімам Янка Палын быў надрукаваны ў ковенскім часопісе “Крывіч” (№ 4, 5). У 1924 годзе ў пражскай газеце “Студэнцкая думка” апублікаваў абразок “Песня гладыятараў”. Быў актыўным супрацоўнікам газеты “Голас беларуса”, апублікаваў вершы ў калектыўным зборніку “Першы крок” (Рыга, 1926), альманаху “Замежная Беларусь”, часопісах “Родныя гоні”, “Наша доля” і “Новы Шлях”. У 1930 годзе газета “Наша доля” апублікавала яго апавяданне “З-за сена”, а ў 1932-ім пад назваю “Леснікова сена” яно выйшла асобнаю кнігаю ў Рызе. Пісаў Вальтар вершы, апавяданні, пакінуў не друкаваны пры жыцці вялікі  раман “Роджаныя пад Сатурнам”, у якім апісвае жыццё  беларускай  эміграцыі і студэнцтва ў Празе. Напісаны ў 1920-ых раман быў апублікаваны толькі ў 1991-92 гадах у газеце “Голас Радзімы”.

З  1926 году Віктар Вальтар працаваў у беларускіх школах Латвіі, спачатку ў Плейках  Пустынскае воласці, затым у Дзьвінску ў мястовай беларускай школе, потым у Рызе ў Дадатковай беларускай вячэрняй школе, якою кіруе некалькі месяцаў у 1930 годзе і, нарэшце, зноў выязджае на вёску ў Келаўскую школу. За час гэтай працы па школах хвароба рабіла сваю справу і ўсё больш  развівалася. Цяжка было хвораму настаўніку  працаваць у прымітыўных умовах беларускай вясковай школы. Неўзабаве Віктар Вальтар апынуўся ў настаўніцкім санаторыі ў Інчукалне. Троху падмацаваўшы сваё здароўе, ён перабраўся на працу ў горад, але тут аказалася працаваць яшчэ цяжэй, асабліва адбілася  на ягоным здароўі праца ў 1930 годзе ў Рыжскай вячэрняй дадатковай школе, якая, можна сказаць, і зламала яго канчаткова. Выезд на вёску ўжо не ўратаваў Вальтара, і праз некалькі месяцаў яго ня стала.

Пра ахвярнасць беларускага настаўніка яскрава сведчыць дакументальны ўспамін яго калегі, настаўніка А. Барткевіча з Дзьвінску: “У 1931 годзе 20 сакавіка ён захварэў на запаленне нырак. Нягледзячы на цяжкую хваробу, ён ня кідаў працы ў школе. У працягу  трох дзён ён ня мог зняць боты, бо распухлі ногі, аднак у школу хадзіць ня кінуў, і толькі  2 красавіка адважыўся выехаць са школы ў Дзьвінск, дзе зараз жа адвязлі яго ў больніцу  Чырвонага Крыжа”.

Памёр Віктар Вальтар 4 красавіка 1931 года ў шпіталі Чырвонага крыжа і быў пахаваны ў родным Дзьвінску на каталіцкіх могілках. 

28.07.2017

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты