Навіны

Новы палігон

На мінулым тыдні пераважная бальшыня насельнікаў Беларусі моўчкі пракаўтнула яшчэ адзін здзеклівы акт. Ні то традыцыйная рахманасць і пакорлівасць тут, ні то прыйшоўшая нарэшце летняя спёка мазгі размякчыла. У кожным разе не было ні нейкіх стыхійных пратэстаў, ні гучных заяваў апазіцыйных партый, ні належнай медыйнай рэакцыі розных выданняў. А здарылася, між іншым, чарговая страшная рэч, чарговае грэбаванне інтарэсамі людзей і бяспекай краіны пад белымі крыламі і пад чорнымі хмарамі.

Кіраўнік дзяржавы прыняў указ №259, паводле якога ўшчыльную да радыёактыўнай чарнобыльскай зоны можна будзе садзіць і сеяць кармавыя культуры, разводзіць і пасвіць хатнюю жывёлу. Нібыта задумана гэта дзеля таго, што такая мера будзе спрыяць гаспадарчай дзейнасці паблізу мяжы Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Зразумела, канешне, што гэты абсурдны ўказ ухвалілі ўсе іншыя дзяржаўныя, фактычна падначаленыя, органы.

Шкоднасць, абсурднасць і небяспеку для здароўя людзей выдатна ацаніў ведамы беларускі грамадскі дзеяч, вучоны-фізік Юрый Варонежцаў. Напомню, што ён некалі быў адказным сакратаром Камісіі Вярхоўнага савету СССР па расследаванні прычынаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў адказных асобаў у пасляаварыйны перыяд. Дык вось Варонежцаў звяртае ўвагу на тое, што дваццаць гадоў таму вучоныя Савецкага саюзу, а таксама эксперты сусветнага роўню даследавалі гэтую праблему і пастанавілі, што такія землі нельга чапаць дзесяцігоддзямі, а можа і стагоддзямі. Дык навошта спатрэбіліся для сельскай гаспадаркі новыя і пры тым забруджаныя плошчы?! Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе па колькасці ворыўнай зямлю на душу насельніцтва і ніякай практычнай, а тым больш пільнай, патрэбы пашыраць гэтую плошчу няма. Калі ж ня будзе жорсткага кантролю на тэрыторыі запаведніка, там можа пайсці вытворчасць, у тым ліку і нелегальная, “брудных” прадуктаў харчавання. Хапае і таго, што ў анкалагічных дыспансерах Гомельшчыны лечацца зараз людзі з забруджаных раёнаў, дзе спажываюцца ўжо такія прадукты. Рэнтабельнасць вытворчасці прадуктаў у “адкрытай” зоне тым больш сумнеўная. А новая “забруджаная” прадукцыя будзе яшчэ шырэй распаўсюджвацца на ўсю Беларусь, так званая калектыўная доза радыяцыі яшчэ больш падвысіцца. Канцэпцыя ж бяспечнага пражывання ў Беларусі прадугледжвала, што ў ахоўнай зоне не будзе ніякага землекарыстання. У скрайнім разе, там можна пасадзіць лес і праз 120 гадоў яго спілаваць. Тым больш навукоўцы да канца так і не ведаюць як адбываецца размяшчэнне радыянуклідаў, іх рух, трансфармацыя. Ужо гэтага было б дастаткова, каб не прымаць такіх антычалавечых указаў і не пераўтвараць забруджаныя землі ў чарговы выпрабавальны палігон.

Аднак ці ўяўнымі патрэбамі пашырэння сельскагаспадарчых земляў кіраваліся тыя, хто вырашыў абмежаваць закрытую “зону”?! Дастаткова кінуць адзін позірк на мапу, каб дапусціць – цікавасць да гэтай тэрыторыі можа быць зусім іншага характару. Гэтыя раёны Гомельскай вобласці мяжуюць з украінскай тэрыторыяй. Праз іх вельмі зручна атакаваць расейскім войскам вобласці Ўкраіны. Ва ўмовах эскалацыі напругі і пераходу гібрыднай вайны ў гарачую стадыю – гэта вельмі зручны плацдарм для агрэсара. Бо што будуць аднаўляць і будаваць найперш у адкрытай “зоне” – канешне дарогі і масты. Калі адбываецца ўсё больш супольных вайсковых расейска-беларускіх вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, калі “зялёныя чалавечкі” ужо з’яўляюцца ў нашай краіне, перспектыва пуцінскай экспансіі ва Ўкраіну з “чарнобыльскай зоны” становіцца ўсё больш рэальнай. Адтуль і да Чарнігава і да самога Кіева, як кажуць у народзе, рукой дастаць. Цана ж нядаўніх перамоваў і магчымых патаемных дамоваў пра ўзаемадапамогу двух -шэнкаў вядомая – грош ім цана. З іншага ж боку чарговы патэнцыйны і рэальны крэдыт Масквы мог падацца для начальніка Беларусі салодкім абаранкам. Для беларускага ж народу ён у кожным разе будзе горкім.

 Уладзімір Хільмановіч

 

03.08.2017

праваабарончыя сайты