Навіны

Суды над слухачамі “Крамбамбулі”: штрафы па 10 базавых велічынь кожнаму

У суд Заводскага раёна даставілі Дзмітрыя Навуменку, які быў затрыманы 5 жніўня разам з Іванам Лісаўцом пасля канцэрту “Крамбамбулі”. Справу ў дачыненні да Дзмітрыя па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства” разглядае Алена Някрасава.

Затрыманага вінавацяць у тым, што ён у нецвярозым стане лаяўся, чапляўся да грамадзянаў, на заўвагі не рэагаваў. 

Дзмітрый Навуменка ў судзе
Дзмітрый Навуменка ў судзе

 

Дзмітрый Навуменка віну не прызнаў, суду патлумачыў, што знаходзіўся на тэрыторыі каля стадыёна “Трактар” на масавым мерапрыемстве, выпіў піва. Калі выходзіў са стадыёна разам з сябрам, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, другі – у цывільным, якія сказалі пайсці з імі. Яны пайшлі ў комнату міліцыі на стадыёне. Дзмітрый не крычаў, а толькі падпяваў, як і шмат іншых людзей, да грамадзянаў не прыставаў, заўваў ад міліцыі ніякіх не паступала. У міліцыі яму патлумачылі, што прычына затрымання – бела-чырвона-белы сцяг, які быў разгорнуты падчас канцэрта. Пры вобшуке сцяг пры затрыманым не знайшлі.

Хлопцаў адправілі на медыцынскі агляд, пасля ў РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да іх. Копію пратакола Дзмітрыю Навуменка не выдалі, а толькі далі пачытаць.

Сведка-амапавец Віктар Харужый распавёў, што бачыў, што Дзмітрый Навуменка паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся матам, была вельмі гучная музыка, аднак сведка змог пачуць. Ніякіх заўваг яму не рабілі, а проста пачакалі на выхадзе са стадыёну. Сведка сказаў, што затрыманы ні да каго не чапляўся, аднак у рапарце напісана – “зняважліва чапляўся да грамадзян”. Тады Віктар Харужый патлумачыў, што меў на ўвазе тое, што Дзмітрый Навуменка проста лаяўся, а гэта і было “зняважлівае чаплянне да грамадзянаў”.

Другі сведка Аляксандр Маісеенка ў суд не з’явіўся. Суддзя вырашае працягнуць разгляд справы без яго ўдзелу. Аднак абаронца хадайнічае аб выкліке АМАПаўца ў суд для дачы паказанняў.

Адвакат звяртае ўвагу суда на тое, што ў пратаколе інфармацыя не знаходзіць падцверджання ў судзе: лаянка павінна быць публічнай і адрасаванай да каго-небудзь. Ён адзначае, што сам сведка абверг складзены пратакол.

Акрамя гэтага ёсць нестыкоўкі і па часе: так затрыманне каля стадыёну адбылося ў 19.20, а дастаўлены ў РУУС Дзмітрый Навуменка быў нібыта ўжо ў 19.45, апытанне ў РУУС, згодна пратаколу, праходзіла з 20.30 да 20.40, а агляд у бальніцы пачаўся ў 20.40. 

Аднак Алена Някрасава палічыла віну даказанай і прысудзіла Дзмітрыя Навуменку да штрафу ў 10 базавых велічынь. 

Гэтая ж суддзя будзе судзіць і Івана Лісаўца, які быў затрыманы разам з Дзмітрыем Навуменкам. 

Іван Лісавец у судзе
Іван Лісавец у судзе

 

Сведка Васіль Свірыдовіч патлумачыў, што Іван Лісавец лаяўся матам на канцэрце, пасля чаго быў затрыманы. В. Свірыдовіч разам з напарнікам Яўгенам Каткаўцом падыходзілі да затрыманага і прасілі яго з сябрам прайсці з імі. Хлопцы падпарадкаваліся і пайшлі.

Атрымоўваецца, што ўжо зашмат болей АМАПаўцаў затрымлівалі Дзмітрыя Навуменку і Івана Лісаўца, чым было высветлена на папярэднім слуханні.

Васіль Свірыдовіч распавёў, што Іван Лісавец лаяўся проста ў паветра, і ня гледзячы на громкую музыку, ён змог пачуць усе словы. Аднак, ніхто з грамадзянаў не рабіў яму заўваг і не абураўся.

Абаронца запытаўся, чаму яны не прынялі ніякіх мераў падчас канцэрту, калі Лісавец не рэагаваў на іх заўвагі і працягваў брыдкасловіць. Васіль Свірыдовіч адказаў, што думаў, што затрыманы сам спыніцца, але ён гэтага не зрабіў. Таму пасля канцэрта яго затрымалі.

Іншы сведка Яўген Каткавец распавядае, што каля 15-20 хвілін Іван Лісавец крычаў у натоўпе, лаяўся, паводзіў сябе не агрэсіўна, але на заўвагі не рэагаваў, а міліцыя наўпрост назірала.

Суддзя адзначае, што ў рапарце напісана, што абвінавачаны паводзіў сябе агрэсіўна. На гэта Я. Каткавец кажа, што пад агрэсіўнымі паводзінамі меў на ўвазе брыдкаслоўе. Сведка заяўляе, што Лісавец стаяў асобна ад людзей, побач з ім нікога не было, аднак у рапарце зафіксавана, што ён “на віду ў грамадзян лаяўся матам”.

Аднак, не гледзячы на ўсе недакладнасці Алена Някрасава ізноў палічыла, што віна даказаная, супярэчанняў не выяўлена, і прызначыла Івану Лісаўцу штраф у памеры 10 базавых велічынь.

http://spring96.org/be/news/87562

08.08.2017

праваабарончыя сайты