Навіны

У Гародні ўшанавалі Ларысу Геніюш — малітвамі, вершамі, песьнямі

Падчас паніхіды ў Калоскай царкве ў гонар 107-й гадавіны Ларысы Геніюш

У Калоскай царкве ў Гародні адбылася паніхіда на беларускай мове за спачын душы Ларысы Геніюш. 9 жніўня адзначаюцца 107-я ўгодкі яе дня нараджэньня.

Паніхіду адслужыў айцец Ігар Данільчык. Пасьля гэтага ўсіх прысутных запрасілі ў царкоўна-прыходзкі комплекс, дзе ўжо другі год існуе бібліятэка імя Ларысы Геніюш. Тут адбылася літаратурная сустрэча, прысьвечаная 107-й гадавіне з дня нараджэньня паэткі.

Айцец Ігар Данільчык расказаў біяграфію Ларысы Геніюш, цытуючы яе вершы і ўрыўкі са «Споведзі». Сьвятар шмат увагі аддаў лягерным гадам пісьменьніцы і зазначыў, што Ларыса Геніюш дагэтуль застаецца нерэабілітаванай, хоць грамадзяне ня раз зьвярталіся ў гэтай справе да ўладаў Беларусі.

Айцец Ігар Данільчык

Айцец Ігар Данільчык

— Магчыма, час на гэта яшчэ не прыйшоў, але яе жыцьцё застаецца прыкладам для нас усіх. І асабліва тое, што, прайшоўшы шматлікія жыцьцёвыя выпрабаваньні, яна засталася сапраўднай хрысьціянкай, ня страціла праваслаўнай веры і годна несла яе праз усё жыцьцё. На прыкладзе Ларысы Геніюш мы выхоўваем дзетак у нядзельнай школе, — сказаў айцец Ігар Данільчык.

Гарадзенскі паэт Юрка Голуб расказаў пра асабістыя сустрэчы і кантакты з Ларысай Геніюш, прачытаў свае вершы, прысьвечаныя ёй. Адмысловы даклад з аналізам творчасьці Ларысы Геніюш прадставіла філёляг Інга Сакута. Яна цытавала шматлікія вершы Геніюш, а таксама ўрыўкі са «Споведзі».

Удзельнікі літаратурнай сустрэчы ў гонар 107-й гадавіны Ларысы Геніюш у бібліятэцы імя Ларысы Геніюш

Удзельнікі літаратурнай сустрэчы ў гонар 107-й гадавіны Ларысы Геніюш у бібліятэцы імя Ларысы Геніюш

Яшчэ адзін даклад, пра рэлігійнае ў жыцьці і творчасьці Ларысы Геніюш, прачытаў сябра праваслаўнага брацтва Мікалай Фядытнік.

На кніжнай паліцы ў бібліятэцы імя Ларысы Геніюш

На кніжнай паліцы ў бібліятэцы імя Ларысы Геніюш

На імпрэзе гучалі песьні на словы Ларысы Геніюш у выкананьні «Песьняроў».

— Царква надае Ларысе Геніюш належную пашану, паколькі і яна пры жыцьці ніколі ёй ня здрадзіла, пражыла і памерла як сапраўдная хрысьціянка, — сказаў напрыканцы сустрэчы айцец Ігар Данільчык.

https://www.svaboda.org/a/28667372.html

09.08.2017

праваабарончыя сайты