Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Хведара Данілюка

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, праваслаўны святар Хведар (Тодар) Данілюк нарадзіўся 12 жніўня 1887 года ў вёсцы Сурынка Слонімскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сялянскай сям’і Васіля і Агрыпіны Данілюкоў. Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай школе, пасля чаго вучыўся ў духоўнай школе пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, пазней псаломшчыкам у Кобрыньскім павеце. З 1914 года служыў у расійскай арміі, у 1917-ым годзе скончыў у Гатчыне школу прапаршчыкаў. У жніўні 1917 г. браў удзел у з’ездзе беларускіх вайскоўцаў у Маскве, з кастрычніка таго ж года быў на Румынскім фронце камісарам 4-га беларускага корпусу. Пасля дэмабілізацыі некаторы час быў у расійскім Таганрогу.

У верасні 1918 г. вярнуўся ў Беларусь. У снежні таго ж году абраны старшынём беларускай валасной рады ў Ваўкавыску. У 1919-20 гадах служыў у войску Літоўскай рэспублікі, Беларускай вайсковай камісіі. У студзені 1919 г. стаў малодшым афіцэрам 1-га Беларускага Гарадзенскага палку. Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі накіраваны ў Літву ў распараджэнне Міністэрства беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе.

Браў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 года. У канцы лістапада 1920-га разам з Андрэем Якубецкім і Уладзімірам Падгурскім накіраваны на дапамогу ўдзельнікам антыбальшавіцкага чыну. Едучы фурманкамі, афіцэры Беларускай вайсковай камісіі не паспелі даехаць у Слуцак, калі там арганізавалася Слуцкая брыгада, а прыехалі ў Семежава, куды ў той час яна адышла. Данілюк быў прызначаны начальнікам вучэбнай каманды, асобнай адзінкі ад Слуцкага і Грозаўскага палкоў брыгады. Па словах сына Хведара Данілюка Барыса, “цэлая брыгада ці паасобныя палкі цалком у баёх удзелу не бралі, а толькі іхныя патрулі ці аддзелы мелі сутычкі з бальшавікамі, у якіх былі забітыя з боку случчакоў, што былі пахаваныя каля Семежаўскае царквы”. Частка афіцэраў і жаўнераў, у тым ліку Данілюк, была накіравана ў Першы Беларускі батальён польскага войска ў Лодзі.

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны жыў у вёсцы Вярэйкі Ваўкавыскага павету, служыў псаломшчыкам у мясцовай царкве. 21 верасня 1921 года прыняў святарскае пасвячэнне. У 1922-1939 гадах служыў у розных праваслаўных прыходах Слонімскага і Наваградскага паветаў. У 1930-ых пераследаваўся польскай адміністрацыяй, у 1935 годзе яго пазбавілі прыходу. Служыў памочнікам настаяцеля ў Крывошыне і Заблудаве.

У час другой сусветнай вайны ў 1942 годзе браў удзел у саборы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы як прадстаўнік Наваградскай епархіі. З лета 1944 года – у эміграцыі, пэўны час жыў у Нямеччыне, выконваў абавязкі ад’ютанта камандзіра 30-ай (беларускай) дывізіі. Хведар Данілюк быў адным з ініцыятараў адраджэння БАПЦ, браў удзел у праваслаўным саборы аўтакефалістаў у нямецкім Канстанцы. У жніўні 1950 года пераехаў у ЗША, быў настаяцелем прыходу БАПЦ у Брукліне, а пазней настаяцелем кафедральнага сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. На ўстаноўчым з'ездзе епархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў траўні 1960 г. абраны ў епархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзела. Хведар Данілюк – бацька Барыса Данілюка, які таксама быў актыўным змагаром за беларускую праваслаўную царкву.

Памёр Хведар Данілюк 29 ліпеня 1960 года ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку.

 

11.08.2017

праваабарончыя сайты