Навіны

Зянон Пазьняк: Маскоўская гібрыдная акупацыя пачалася

…У грамадстве мы назіраем насіленне тыпова акупацыйных рэпрэсіяў.

Знішчэнне беларушчыны і гістарызму ў школьных праграмах (забарона нават ужываць слова “Біблія” ў беларускай мове і літаратуры, каб не казаць пра Скарыну), арышты маладых за Беларускі Сцяг на канцэртах, пагром незалежных прафсаюзаў (нягледзячы на іх поўную лаяльнасць да акупацыйнага рэжыму), кваліфікацыя вайсковай Тактычнай групы “Беларусь” як экстрэмісцкай тэрарыстычнай арганізацыі за тое, што выступае на баку вольнай Украіны, і г.д.

Усё гэта рабілася і робіцца здрадніцкім рэжымам канкрэтна ў плане зачысткі грамадскага стану перад падрыхтоўкай расейскай акупацыі Беларусі.

Фармальна і рэальна маскоўская гібрыдная акупацыя (гэта значыць замаскаваная пад іншыя дзеянні) пачалася 24 ліпеня гэтага года, калі ўзброеныя жаўнеры чужой краіны ўвайшлі на нашую зямлю. Першы тэст на акупацыю быў для чужынцаў паспяховым. Чужыя жаўнеры без пазнакаў на адзенні і з аўтаматаматычнай зброяй з’явіліся ў грамадскіх месцах у Віцебску і Берасці. Ніхто не падышоў да іх і не спытаў, хто яны, чаму без апазнавальных знакаў і чаму са зброяй. Для расейцаў гэта важная інфармацыя для заключэння, што супраціўлення ў Беларусі не будзе.

З дваццаць чацвертага ліпеня ў Беларусі на чыгуначных платформах ноччу перавозіцца расейская бронетэхніка. Адрас той жа – Віцебск, Берасце.

З пачатку жніўня на палігоне Кіслава пад Псковам адбываліся вучэнні расейскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Эксперты адзначаюць, што “тактычныя вучэнні плаўна трансфармуюцца ў стратэгічныя”. Пасля вучэнняў штурмавыя дэсантнікі будуць перакінуты ў Беларусь быццам бы для вучэнняў “Захад-2017”. У калгаснага здрадніка ўжо ніхто не пытае. Ён пра тое, відаць, нават не ведае. Расейскія войскі па ўсёй лініі з Поўначы на Поўдзень падцягваюцца да межаў Беларусі і Украіны. З’явіліся звесткі, што на беларускім накірунку будуць задзейнічаныя не адна пскоўская дывізія ПДВ, але тры штурмавыя дывізіі (гэта 30-36 тысячаў жаўнераў). Прытым яны быццам бы ў поўнай баявой гатовасці будуць заставацца на пэрыяд вучэнняў ў Расеі на мяжы з Беларуссю і толькі па асобым загадзе ўрываюцца ў Беларусь.

У міжнародным плане раскручваецца даволі штучны скандал і нагнятанне напружанасці вакол Паўночнай Карэі. Пуцін не раз бываў у Паўночнай Карэі. Аб чым там дамовіліся саюзнікі, ніхто не ведае. Але карэйская небяспека, якую раздзьмухваюць з абодвух бакоў, — тыповы прыклад адцягнення ўвагі ад падрыхтоўкі акупацыі Беларусі.

Ва ўнутранай палітыцы калгасны рэжым займаецца тым жа самым – адцягненнем увагі беларусаў ад надыходзячай расейскай акупацыі. Тут і пагром незалежных прафсаюзаў, і абяцанне паўтары тысячы на зарплату, і палёт у космас і шэраг шызоідных заяваў пра Дэкрэт №3 і т.п.

11 жніўня Пуцін унёс у Думу праект закона “Аб выкарыстанні СПА на межах Беларусі”. Ставіцца задача ратыфікаваць пратакол аб зменах і дапаўненнях у Пагадненне паміж двума рэжымамі ад 3-га лютага 2009 г. аб сумеснай ахове мяжы неіснуючай “саюзнай дзяржавы”. Гэты таемны пратакол быў падпісаны калгасным правіцелем 2 лістапада 2016 г. Масква трымала яго да зручнага моманту. І вось той момант для іх настаў.

Сутнасць гэтага пуцінскага закона (пасля таго, як ён будзе прыняты) заключаецца ў тым, што ў Беларусь павінны будуць уведзеныя сістэмы расейскай Супрацьпаветранай абароны. Комплексы СПА прадугледжваюць сістэму абслугі, камунікацыі, аховы, інфраструктурнае і сістэмнае забеспячэнне і г.д. Словам, патрабуе наяўнасці ў Беларусі расейскага войска, бо толькі яно, згодна пуцінскага праекту, будзе ажыццяўляць “порядок применения оружия и боевой тэхники”.

З гэтага вынікае наступнае:

Расейскае войска, якое цяпер завозяць у Беларусь, могуць пакінуць тут пад выглядам абслугі, аховы і эксплуатацыі СПА.

У выніку збройнага канфлікту Расеі з Захадам (а ўсё да таго ідзе, і Пуцін здольны справакаваць вайну), першы змасаваны ракетна-бомбавы ўдар наносіцца па сістэмах СПА і па краіне, дзе яны размешчаныя. Такім чынам, расейцы выводзяць сваю СПА на Беларускія межы і падстаўляюць беларусаў пад удар і знішчэнне, зберагаючы сябе.

Тут горка спраўджваюцца словы калгаснага здрадніка аб тым, як беларусы будуць паміраць за Маскву. Расейскія агрэсары спасылаюцца пры гэтым на міфічнае “союзное государство” Расеі і Беларусі, якое ніхто не прызнаў і якое супярэчыць Канстытуцыі і ўсім законам Беларусі і ў рэальнасці не існуе. Змова двух нягоднікаў і рабаўнікоў – вось што такое гэтае “союзное государство”, а не рэальнасць.

Звяртаю ўвагу, што ў апошні час з’явілася шмат аналітычных артыкулаў, дзе не толькі агентура і прапагандысты, але і разумныя, вопытныя адукаваныя людзі аргументавана даводзяць, што акупацыі не будзе, што Маскве гэта невыгадна з усіх пунктаў гледжання, што гэта блеф Пуціна і т.п. Пры ўсёй павазе да аўтараў напісанага, тое, што яны пішуць гэта ёсць у цяперашніх абставінах вельмі шкодныя пісанні і, як не дзіўна, поўнае неразуменне Расеі. Тут не павінна быць заспакаення. У сваіх войнах і акупацыях Расея ніколі не карысталася выгадай (інакш бы Расеі проста не існавала). Цяперашнія планы акупацыі Беларусі (першы этап – увядзенне войска і стварэнне вайсковага плацдарму, з захаваннем фармальнай дзяржаўнасці і ўлады Лукашэнкі) не ажыццявяцца толькі тады, калі будзе рэзкая рэакцыя супраць гэтых планаў ў Беларусі, у суседзяў Беларусі і ў міжнароднай супольнасці. Але найперш ў Беларусі. Цяпер ужо створаныя такія абставіны, што словаў мала, патрэбныя антыакупацыйныя дзеянні рознага кшталту і перш за ўсё – збройнае супраціўленне, партызанскія акцыі. Масква ў сваіх агрэсіўных планах не чуе і не разумее слоў. Толькі цвёрдая пазіцыя і рашучыя дзеянні могуць давесці да яе сведамасці сэнс антываеннай лексікі і пазіцыі права.

Беларусам не трэба цяпер слухаць нічыйго і ніякага ляманту. Прыступайма да абароны свабоды, Бацькаўчыны і Незалежнасці. Нашае натуральнае права, Канстытуцыя і міжнароднае права на нашым баку.

Што б ні рабіў рэжым – ён прайграе. 26 гадоў – гэта цэлае пакаленне Незалежнасці. Галоўнае – верма ў самых сябе, спадзяваймася на сябе і не боймася. Пераможам толькі ў барацьбе. Настае такі час.

Зянон Пазьняк, pazniak.info

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/zyanon-paznyak-maskouskaya-gibrydnaya-a/

15.08.2017

праваабарончыя сайты