Навіны

Ленан мацней Леніна?

Апошнія гады тры вяду я свой асабісты, крыху дзіўны, маніторынг. Назіраю за кашулькамі і напісамі на іх, якія носяць людзі ў нашым горадзе над Нёманам. Асабліва плённым для такога назірання, натуральна, ёсць летняя пара. Такім чынам за гэты час праз прыцэл маіх акуляраў прайшлі нават не соткі, а тысячы выяваў і напісаў на разнастайных цішотках ды швэдарах. Гдыбокіх высноў з гэтага не раблю і рабіць не збіраюся, але некаторымі назіраннямі гатовы падзяліцца. Ёсць такое, больш чым спрэчнае, афарыстычнае сцверджанне, “ты ёсць тое, што ты ясі”. Намякае гэтае выслоўе на стыль харчавання і адпаведны выгляд чалавека. Перафразуючы яго, можна сказаць так: у тваёй галаве тое, што напісана на табе. Бясспрэчна адно, чалавек з пэўным наборам духоўных каштоўнасцяў, палітычных і грамадскіх арыенціраў, абы што на сябе не апране. Не ў сэнсе якасці матэрыялу ці кошту рэчы, а менавіта ў сэнсе зместу напісу.

Першая павярхоўная выснова з маіх назіранняў такая – адсоткаў 80 напэўна не задумваецца над тым, што апрануць на сваё тленнае цела. Бальшыня з іх нават не разумее, што напісана на той ці іншай кашульцы. Паколькі тут падыходзім да іншага майго падсумавання – каля 90 працэнтаў тэкстаў на цішотках – гэта англамоўныя надпісы. Ну а з валоданнем ангельскай мовы ў насельніцтва нашай краіны, у значнай ступені адарванай ад еўрапейскай сістэмы адукацыі, самы ведаеце як. Асабіста я ёй таксама не валодаю, хоць многія пісаныя тэксты разумею і для сябе прымаю.

І вось у пэўнай ступені дзіўна, што рускамоўных тэкстаў на кашульках гарадзенцаў зусім мала. Няўжо Ленан сапраўды настолькі перамагае Ленана? Хоць тут можна пасмяяцца і сказаць, што бальшыня моладзі нават не ведае, што гэта за асобы гісторыі. На кашульках гэтых персанажаў дваццатага стагоддзя зараз не носяць. У моладзі і юнакоў больш папулярныя іншыя героі – той жа кіношны Гары Потэр, партрэты якога можна пабачыць часта. Зрэдку можна сустрэць папулярныя некалі цішоткі з выявай незабыўнага і палымянага рэвалюцыянера Чэ Гевары. За тры гады сустрэў я аднойчы ў Гародні маладзёна і з партрэтам Пуціна. Часцей сустракаліся маладыя людзі ў майках з напісам СССР.  Магчыма, такія кашулькі раздаюцца ў час нейкіх юбілейных прасавецкіх мерапрыемстваў, якія у вялікай колькасці арганізоўваюцца і праводзяцца ў цяперашняй Беларусі.

Такі вялізны адсотак англамоўных кашулек можна растлумачыць канешне фактарам вытворчасці – з аднаго боку сярод фірмовых кашулек, якія набываюць моднікі і модніцы, канешне пераважае мова Шэкспіра. З іншага – крамы таннай адзежы, так званыя “сэканды” перапоўнены зноў жа англамоўнай прадукцыяй.

Што да іншых моваў, то сярод астатніх дзесяці адсоткаў спектр іх дастаткова шырокі. Цешыць, што пры агульнай русіфікацыі гораду і краіны, расейскамоўных цішотак не так многа. Ёсць крыху нямецкамоўных кашулек, нават лацінскамоўных, патроху з розных еўрапейскіх краін, куды любяць ездзяць беларусы і дзе ў іх пражываюць сваякі, якія прывозяць адпаведныя падарункі. Сярод моладзі марудна, але патроху становяцца папулярнымі беларускамоўныя саколкі. Праўда, іх пакуль мала ў продажы, а кошт параўнальна высокі. Людзей у польскамоўных кашульках даводзілася сустракаць дастаткова рэдка, пераважна гэта знаёмыя мясцовыя прыяцелі палякі і беларусы. Турыстаў тут пакідаем за дужкамі “даследавання”. Можна сустрэць і пісьмо на тканіне іерогліфамі, але ў параўнанні з колькасцю знаўцаў такой мовы на планеце, гэта кропля ў Жоўтым моры.

Што датычыць сцягоў розных краін, то тут зноў першынствуе сімволіка Вялікабрытаніі. Часам можна сустрэць выявы сцягу ЗША, Грузіі. Грузінскі сцяг у Гародні, дарэчы, можна пабачыць і ў натуральным выглядзе – на стадыёне на матчах “Нёмана” – так землякі Шата Руставелі падтрымліваюць гульца-легіянера, які выступае за гарадзенскі клуб. Частка ходзіць з афіцыйнымі дзяржаўнымі гербамі РБ, пераважна гэта спартоўцы ў адпаведнай вопратцы.

Такія вось вынікі майго суб’ектыўнага і не зусім прафесійнага маніторынгу. Не ўсё ж пра сур’ёзнае...

 

Уладзімір Хільмановіч

17.08.2017

праваабарончыя сайты