Навіны

Буферная зона

Ніхто не хоча ваяваць на сваёй зямлі. Але так не заўсёды атрымліваецца. Прыкладам савецкая даваенная прапаганда заўсёды падкрэслівала, што Чырвоная армія будзе біць ворага выключна на яго тэрыторыі. І гэта моцна ўплывала на звычайных грамадзян. Галодныя і бяспраўныя людзі знаходзілі ў сабе апошнія сілы, каб цярпець усе цяжкасці кіравання камуністычнай сістэмы, абы ў іх хаты не прыйшла вайна. Але вайна прыйшла. Бо генералы гітлераўскай Германіі таксама збіраліся біць ворага на чужой тэрыторыі. Наваяваліся тады ўсе. І на чужой тэрыторыі, і на сваёй. А тыя, хто асабіста поўзалі пад кулямі, шчыра верылі, што чалавецтва больш ваяваць не будзе ніколі. Але ў тых, хто імі кіраваў, былі іншыя думкі наконт гэтага. Ім нават спадабалася пагуляць у вайнушку. Вось толькі каб не на сваёй тэрыторыі. А то рыкашэтам які снарад можа не туды даляцець.

Вось таму пасля Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз вельмі моцна заангажаваўся ў стварэнне буферных тэрыторый. Маўляў, у выпадку чаго, будзем ваяваць там. Гэта былі краіны Ўсходняй Еўропы з марыянеткавымі рэжымамі, якія не маглі пярэчыць волі і загадам Крамля. Вось на такіх тэрыторыях саветы любілі праводзіць вайсковыя вучэнні. Самым маштабным было “Запад-81”. Акурат у тым годзе мяне прызвалі ў савецкае войска на адну з такіх буферных тэрыторый у Чэхаславакію. Таму ёсць што ўспомніць, бо быў непасрэдным відавочцам як адразу пасля гэтых вучэнняў пачаліся наступныя, “Шчыт-82”. І калі на вучэннях “Запад-81” адпрацоўваліся баявыя схемы ўзаемадзеяння звычайных узбраенняў, то “Шчыт-82” ужо прадугледжваў адпрацоўку навыкаў прымянення ядзернай зброі. А чаму б і не пазначыць на нейкай буфернай зоне кропкі такога прымянення? Гэта ж па вялікім рахунку чужая зямля. Галоўнае, каб вораг да Крамля не дайшоў.

Зараз у таго Крамля марыянеткавых рэжымаў значна паменшала. А непрыяцеляў Масква штампуе як па заказу. Таму, каб праводзіць вайсковыя вучэнні у буфернай зоне, дзе ў прынцыпе і павінны ў разе чаго праходзіць самыя страшныя баявыя дзеянні, выбар невялікі. Гэта ў першую чаргу Беларусь, у другую і трэцюю чаргу зноў Беларусь, у чацвёртую і пятую таксама Беларусь. Правядзенне вайсковых вучэнняў “Захад-2017” гэта пацвярджае. У нашу краіну ўжо паехала баявая тэхніка з усходу і пацягнулася жывая сіла. Адпаведна, не трэба быць надта разумным каб уявіць, што ваенныя галовы заходніх краін пачынаюць настройваць сваю баявую машыну таксама менавіта на гэтую тэрыторыю. Пра ядзерную зброю думкі хіба што залазяць у галовы абодвух бакоў. Бо буферная зона на тое яна і буферная, што яна чужая для ўсіх галоўных гульцоў у вайну. І менавіта на яе прыходзіцца максімальная колькасць і наўмысных і памылковых удараў.

Што ў такой сітуацыі робіць кіраўніцтва Беларусі? Толькі тое, што можа рабіць – добры выраз фізіяноміі пры кепскай гульні. Яно сцвярджае, што гэта нашы вучэнні таксама. Тое самае казала кіраўніцтва Чэхаславакіі як я там служыў. Але чэхаславацкія жаўнеры на тых сумесных вучэннях не выказвалі гарачую падтрымку такой заяве. Наадварот. Адзін чэшскі дэсантнік неяк ціхенька мне паведаміў, што калі пачнецца сапраўдная вайна, то яны будуць ваяваць на другім баку…

Ніякай вайны не спатрэбілася. Не прайшло і дзесятка гадоў пасля тых самых маштабных вучэнняў, якія мелі за мэту напалохаць ўвесь свет і паказаць неверагодна вялікую баявую моц Савецкага Саюзу, як гэтага Савецкага Саюзу не стала. Яго знішчылі не ваенныя сілы НАТА, на супрацьстаянне з якімі былі выкінутыя шалёныя сродкі. Яго знішчылі зусім іншыя фактары. А бяздумныя і бясконцыя, ды ў дадатак непад’ёмныя для эканомікі краіны правядзенні вайсковых вучэнняў ды стварэнні буферных зон толькі дапамаглі гэтаму.  

Думаю, што і гэтыя вучэнні не паспрыяюць нармалізацыі адносін Расеі з Захадам. Але гэта іх праблемы. Нашы ж праблемы ў тым, што мы сталі буфернай зонай. І мы будзем гэтай буфернай зонай незалежна ад таго, пойдуць расейскія салдаты пасля гэтых вучэнняў дахаты ці застануцца тут. А ў такой зоне існаваць, мякка кажучы, не зусім бяспечна.

Віктар Сазонаў

26.08.2017

праваабарончыя сайты