Навіны

38-я паралель як ілюстрацыя

Апошнім часам стала модна параўноўваць дзве вялікія дзяржавы – ЗША і Расею. З’явіліся нават адмысловыя дыскусійныя перадачы, слухаць ці глядзець якія досыць цікава. Устаўлю і я свае “пяць грошаў” на гэтую тэму. Часам даводзіцца размаўляць з людзьмі на тэмы палітыкі, і калі гэтыя суразмоўцы здольныя пачуць хоць нейкія аргументы, то варта тлумачыць сваю пазіцыю ім як мага прасцей, як кажуць “на пальцах”. Простыя параўнанні зазвычай найбольш эфектыўныя і пераканаўчыя. Так і тут. Возьмем для пачатку хоць бы паказнік змяняльнасці ўлады ў гэтых дзяржавах, якія прэтэндавалі і прэтэндуюць на так званую сусветную гегемонію.

За апошнія 100 гадоў прэзідэнты ЗША змяніліся 17 разоў. Толькі некалькі з іх абіраліся на дзве кадэнцыі. Найдаўжэй кіраваў Франклін Рузвельт – з 1933-га па 1945-ы – 12 гадоў. Апошнія дзесяцігоддзі абіраліся на 2 кадэнцыі дэмакрат Біл Клінтан, рэспубліканец Джордж Буш-малодшы і дэмакрат Барак Абама. Але дзве кадэнцыі – гэта 8 гадоў, а не 18 гадоў, як ужо кіруе ў Расеі Пуцін і нават не збіраецца зыходзіць (спецаперацыю “плюшавы мядзведзік” па дэкаратыўнай змене крамлёўскай улады тут не ўлічваем). У Расеі-Савецкім саюзе-зноў Расеі з 1917 года вярхоўная ўлада мянялася толькі 8 разоў. Крывавы Ленін дэградаваў псіхічна і сканаў у 1924 годзе, пасля гэтага вялізную дзяржаву амаль 30 гадоў тыраніў яшчэ больш крывавы Сталін. Урэшце ён канчаўся ў поўнай адзіноце ў лужыне сваёй мачы. Кукурузнік Хрушчоў трымаўся за крамлёўскі пасад 11 гадоў, пакуль не быў скінуты ў выніку “палацавага перавароту”. Фальшывы герой “Малой зямлі” і нястомны барэц за мір ва ўсім свеце Брэжнеў сядзеў на вышэйшым камуністычным троне планеты 18 гадоў, пакуль яго не вынеслі нагамі наперад. Потым былі “бліц-партыі” крамлёўскіх старцаў Андропава і Чарненкі, якія “каранаваліся” зусім перад смерцю. І толькі ў 1985 годзе бліснуў прамень надзеі ў выглядзе гарбачоўскай перабудовы. Сам Гарбачоў і не думаў зыходзіць з прэзідэнцкай пасады, але імклівы распад Савецкага саюзу прадвызначыў канец яго кіравання. Першы кіраўнік новай Расеі Ельцын пачынаў як дэмакрат, але бясслаўна скончыў свой кіроўны тэрмін, уласнаручна па сваёй волі ці прымусам перадаўшы ўладу ў рукі непатапляльных кагэбэшнікаў.

Каб зразумець галоўнае адрозненне Амерыкі ад Расеі варта хоць бы крыху прасачыць вынікі іх замежнай палітыкі. І найлепшая ілюстрацыя тут Карэя і яе падзел на Паўночную і Паўднёвую па 38-й паралелі, у якім удзельнічалі ЗША і СССР. Пасля яго і грамадзянскай вайны 1950-53 гадоў (якую скончыць стала магчыма толькі пасля таго, як сканаў Сталін) прайшло не так шмат часу па мерках гісторыі, але ўвесь свет выразна ўбачыў, як з аднаго народу можна зрабіць настолькі розныя дзяржавы. За гэты час Паўднёвая Карэя паводле амерыканскай мадэлі пераўтварылася ў багатую, развітую і дэмакратычную краіну, якая дасягнула надзвычай высокага развіцця эканомікі, культуры, спорту, іншых сфераў жыцця. На іншым полюсе свету апынулася суседняя Паўночная Карэя, якую з асаблівым здзекам і цынізмам называюць Карэйскай народна-дэмакратычнай рэспублікай. Яе грудзямі выкармілі камуністычныя Масква і Пекін. Што з гэтага вырасла – добра вядома. Як вядома – па пладах пазнаеце іх. І цяпер жахлівы антычалавечы рэжым Паўночнай Карэі падтрымліваюць менавіта Расея і Кітай. Масква зараз нават сваіх кагэбэшнікаў паслала вучыць прыхільнікаў чучхэ як ахоўваць дарагога правадыра і чарговага “бацьку народу”.

І ня трэба нават больш іншых прыкладаў наступстваў знешняй палітыкі ЗША і Расеі. Хоць можна з гісторыі прыгадваць і ФРГ-ГДР, і розныя Кубы, афрыканскія рэжымы камуністычных канібалаў і многія іншыя.

Чым вялікая імперыя СССР-Расеі – гэта толькі сваёй агромністай, заваяванай у многіх народаў тэрыторыяй. Гэта імперыя фізічнай сілы і гвалту, вынішчэння тоеснасці іншых народаў. Ніякай іншай ідэалогіі яна не можа прапанаваць паводле сваёй сутнасці і драпежнай прыроды. На жаль, многія беларусы гэтага не ўсведамляюць дагэтуль.

Уладзімір Хільмановіч     

31.08.2017

праваабарончыя сайты