Навіны

Верасень 2017

Прапануем вашай увазе каляндар памятных датаў гарадзеншчыны на верасень бягучага году.

1 верасьня

585 гадоў таму (1432) – Замах на Сьвідрыгайлу ў Ашмянах. У ВКЛ адбыўся дзяржаўны пераварот у выніку якога вялікім князем ВКЛ абвешчаны Жыгімонт Кейстутавіч.

4 верасьня

25 гадоў таму (1992) – У Таронта памёр Сяргей Хмара (сапр. Сіняк), беларускі пісьменьнік, паэт, журналіст, выдавец, з 1944 жыў у эміграцыі (Нямеччына, Канада). Нараджэнец мяст. Казлоўшчына (Дзятлаўскі р-н).

5 верасьня

100 гадоў таму (1917) – У в. Гарадэчна (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Язэп Сажыч, дзеяч беларускай эміграцыі (ЗША), старшыня рады БНР з 1982 па 1997.

80 гадоў таму (1937) – Расстраляны Анатоль Дзяркач (сапр. Анатоль Зімёнка), беларускі паэт, сатырык, гумарыст. Нараджэнец мяст. Турэц (Карэліцкі р-н).

7 верасьня

Дзень беларускага пісьменства і друку

185 гадоў таму (1832) – У маёнтку Шаўры (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Людвік Нарбут, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1863-64.

8 верасьня

Дзень беларускай вайсковай славы.

10 верасьня

75 гадоў таму (1942) – У Пецярбургу саветамі быў расстраляны Павал Хоміч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар. Нараджэнец Ваўкавыску.

15 верасьня

110 гадоў таму (1907) – У Берасьці нарадзіўся Барыс Суравы (памёр у сьнежні 1998), беларускі грамадзкі дзеяч, эмігрант (Вялікабрытанія). У час другой сусьветнай вайны быў школьным інспэктарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе.

20 гадоў таму (1997) – Памёр Рудольф Пастухоў, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Жыў у Слоніме.

17 верасьня

105 гадоў таму (1912) – У в. Пількаўшчына (Мядзельскі р-н) нарадзіўся Максім Танк (сапр. Яўген Скурко), беларускі грамадзкі дзеяч, паэт. Удзельнік заходнебеларускага руху.

95 гадоў таму (1922) – У в. Сіняўская Слабада (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Калесьнік, беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік.

90 гадоў таму (1927) – У в. Купіск (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Павал Навара, удзельнік БКА, дзеяч эміграцыі (Вялікабрытанія). Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай семінарыі.

18 верасьня

210 гадоў таму (1807) – Памёр Францішак Смуглевіч (Пранас Смуглявічус), жывапісец, графік, педагог, які працаваў на Гарадзеншчыне.

19 верасьня

220 гадоў таму (1797) – У Гародні нарадзіўся Януар Сухадольскі, жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830-31.

20 верасьня

95 гадоў таму (1922) – У в Праважа (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Уладзімер Сідлярэвіч, дзеяч БКА, беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Вучыўся ў Лідзе, працаваў настаўнікам у Васілішках (Шчучынскі р-н).

25 верасьня

20 гадоў таму (1997) – Гарадзенскі гарсавет зацьвердзіў сьцяг Гародні – блакітная харугва, на якой вышыты залаты алень, Сьвятога Губэрта, які пераскоквае праз плот.

27 верасьня

595 гадоў таму (1422) – Каля возера Мельна (у сутоках рэк Вісла і Аса) падпісаны мір паміж Польшчай з ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам, які канчаткова завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ.

125 гадоў таму (1892) – У в. Віцькі (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Сяргей Баран (загінуў у 1937 (?) у савецкім зьняволеньні), беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог.

28 верасьня

80 гадоў таму (1937) – У Менску НКВД расстраляны Міхаіл Лойка, беларускі эканаміст, географ, матэматык. Нараджэнец в. Ярэмічы (Карэліцкі р-н). 

30 верасьня

125 гадоў таму (1892) – У мяст. Мяджыбаш (цяпер Лятычаўскі р-н Жытомірскай вобл., Украіна) нарадзілася Зоська Верас (сапр. Людвіка Сівіцкая, па мужу Войцікава), беларуская пісьменьніца, грамадзка-культурная дзяячка. Жыла ў Гародні.

50 гадоў таму (1967) – У Кастоўцу (Варшаўскае ваяв., Польшча) памёр Янка Францук, беларускі каталіцкі сьвятар, вязень савецкага канцлягеру. Нараджэнец в. Ліпнішкі (Івейскі р-н).

 

 

 

31.08.2017

праваабарончыя сайты