Навіны

Апошні аргумент

Порах трэба трымаць сухім. З гэтай даўняй прымаўкай ніхто не стане спрачацца. Асабліва цяпер, у наш такі няпросты з кропкі гледжання бяспекі час. Свет ваюе. Свет здурнеў і ваюе. Штодзённа гінуць людзі. Ужо мільёны ўцекачоў, якія паўцякалі з тых земляў, дзе ідуць баявыя дзеянні, тузаюцца па зямлі і моры, шукаючы свайго месца пад сонцам. І як аказваецца знайсці яго не так проста. То там, то тут узнікаюць новыя праявы ўзброенага гвалту. І канца гэтай агрэсіі пакуль што не бачна. Наадварот. Агрэсія пачынае праяўляцца ўсё на большай тэрыторыі планеты.

Ды што там звычайная страляніна, да якой ужо ўсе прывыклі настолькі, што нават не заўважаюць колькасць ахвяраў. Нават авіяўдары навейшай лётнай зброі сёння ўжо не выклікаюць аніякага здзіўлення. Асабліва пасля заяў Паўночнай Карэі, што яна прыцэльваецца для ўдару па амерыканскай ваеннай базе і для гэтага паспяхова выпрабоўвае ядзерныя і вадародныя бомбы. Ну і ракеты выпрабоўвае, на якіх тыя бомбы павінны будуць дастаўлены ў свет правоў чалавека, справядлівых судоў, чэсных выбараў і роўных мажлівасцяў.

У такой сітуацыі, калі ЗША, ці Японія, ці Паўднёвая Карэя стануць праводзіць шырокія вайсковыя вучэнні, ніхто не здзівіцца. Трэба ж неяк адказваць на пагрозы і рэальна рыхтавацца да іх нейтралізацыі. Ніхто не засумняваецца ў неабходнасці такіх вучэнняў у еўрапейскіх краінах з-за супрацьстаяння з Расеяй і не толькі з ёй. І ніхто не здзівіцца вайсковым вучэнням у самой Расеі, улічваючы яе супрацьстаянне не толькі з Захадам, але і з бліжэйшымі суседзямі. Яны збіраюцца ваяваць. Абараняцца ці нападаць – гэта ўжо справа дзясятая. Галоўнае, што збіраюцца.

А вось што на іх ваенных вучэннях робіць Беларусь – патрабуе асобнага аналізу. Прычым на сваёй уласнай зямлі, дзе беларусы могуць і маюць права праводзіць свае вучэнні хоць кожны дзень, не патрабуючы нічыёй апекі. Дык не жа ж. На гэтую сваю зямлю незразумела навошта ўпусцілі вялікую колькасць замежных ваякаў і навейшую баявую тэхніку суседняй дзяржавы. І зараз увесь свет ламае галаву, ці пойдуць гэтыя войскі пасля вучэнняў да сябе на радзіму, ці застануцца тут як сталы кантынгент войскаў Расейскай Федэрацыі, ці можа застануцца тут у выглядзе незразумелых зялёных чалавечкаў, ці застануцца пераапранутыя ў беларускую вайсковую форму, ці застануцца як адпускнікі і проста ўзброеныя прадстаўнікі “рускага міру”, ці зробяць у Беларусі вайсковы пераварот, ці пойдуць адсюль, прыкладам, у якія-небудзь суседнія краіны, ці… Ну, варыянтаў тут безліч. Усе і не пералічыш. 

Для расейскіх войскаў, якія зараз стала акапаліся ў Крыме і маюць досвед баявых дзеянняў у Грузіі і не толькі там, прашчупаць беларускую зямлю для падобных задач справа вельмі карысная. Ну ўявіце сабе, што Беларусь, як некалі Украіна, вырашыць абраць еўрапейскі кірунак развіцця. Ну як можна самым нешта выбіраць, калі на тваёй тэрыторыі чужыя войскі? Ці, калі гэтыя войскі ўжо правялі шырокамаштабныя вучэнні як гэтую тэрыторыю ў разе чаго прайсці з усходу на захад і з поўначы на поўдзень за такі кароткі час, што і мабілізацыю абвесціць не паспееш.

Але ў беларускім ваенным штабе і ў беларускіх палітычных кабінетах такіх варыянтаў развіцця напэўна не баяцца. А калі і баяцца, то значна менш чым украінскага развіцця падзей або ўзнікнення у галовах беларусаў нейкай міфічнай краіны, тыпу Вейшнорыі, адкуль дэмакратычныя ідэі з іх прагай да правоў чалавека, справядлівых судоў, чэсных выбараў і роўных мажлівасцяў могуць распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь, і тады наша краіна як і ЗША стане патэнцыйнай мішэнню Паўночнай Карэі.

Як казаў класік, гэта было бы вельмі смешна, каб не было вельмі сумна. Бо Беларусь з гэтага моманту можа быць рэальна ўцягнутая ў чужыя канфлікты. Прычым між сваёй волі. Бо яе войска зараз можа разглядацца іншымі краінамі як частка ўзброеных сіл суседняй дзяржавы.

Ну а для свайго насельніцтва ўлада губляе апошні аргумент на сваю карысць. Бо яшчэ зусім нядаўна гэтым аргументам было тое, што Беларусь, хоць і не багатая, але нейтральная мірная краіна, якая не ўцягнецца ні ў якія ўзброеныя авантуры.

Віктар Сазонаў

06.09.2017

праваабарончыя сайты