Навіны

У Гародні прайшоў фэст вышыванкі

У Гародні адбыўся першы фэст вышыванкі, які сабраў некалькі соцень гарадзенцаў. На фэсце можна было набыць цішоткі з нацыянальнай сімволікай, лялькі і прадметы валення, народныя вырабы і кнігі беларускіх класікаў.

Пра фэст распавядае яго арганізатар Алесь Мазанік:

– Былі падазрэнні, што прыйдзе 10 мясцовых і 5 журналістаў. Ёсць такі падыход, калі песімізм заўсёды памыляецца станоўча. Я вельмі моцна памыліўся станоўча. Тыя дзясяткі, а нават сотні людзей, якія прайшлі праз імпрэзу, тыя расейскамоўныя людзі, якія набывалі сваім дзеткам беларускамоўныя кніжкі, тыя людзі, хто імкнуўся зрабіць прыемнасць сваім сябрам, каханым, яшчэ камусьці па-беларуску і з густам, – гэта вельмі моцна ўражвае.

Для Іллі Дабратвора, сябра партыі БНФ, які адмыслова прыехаў на фэст з Менска, лічыць, што такія дні трэба ладзіць па ўсёй Беларусі.

– Я прыехаў з Менска падтрымаць гэтае свята. Лічу, што і менчукам, якім неабыякава гэта, варта прыязджаць у абласныя цэнтры безумоўна, а таксама маленькія гарады. То бок трэба праводзіць такія дні па ўсёй краіне, каб мы знаёміліся, бачылі, што нас дастаткова шмат. У тым ліку я прыехаў, каб сустрэцца з аднапартыйцамі. А другі момант – на жаль, за 36 гадоў жыцця я ніколі не бываў у Гародні.

Пра фэст распавядае адна з майстроў, гарадзенка Вольга Верамеенка:

– Дзень вышыванкі – гэта вельмі цудоўнае свята. Я вельмі рада, што яно ў Гародні ў нас. І спадзяюся, што гэта быў першы, але не апошні раз. Вельмі спадабалася. Тут шмат розных імпрэзаў, розных прэзентацый, можна выставіць свае рэчы, якія таксама звязаныя з вышыванкай, нашым беларускім арнаментам.

Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў крытычна ставіцца да такіх святаў вышыванкі:

– Свята вышыванкі – гэта ў нейкім сэнсе свята папулярызацыі берарускасці, беларушчыны, культуры беларускай. І, канешне, гэта добра. Адзінае, я хацеў бы сказаць і пра лыжку дзёгцю ў тым сэнсе, што калі людзі думаюць, што праз вышыванкі ці нейкія налепачкі штосьці зменіцца, то, прабачце, нічога не зменіцца. Па-першае, мода прыходзіць і адыходзіць. Таму калі не працаваць больш грунтоўна, шырока і па розных франтах, а засяродзіцца толькі на вышываначных мерапрыемствах, то нічога не зменіцца.

У гэты дзень можна было паслухаць такіх цікавых беларусаў, як Павел Севярынец, Славамір Адамовіч, Наста Кудасава. Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў выканаў перад прысутнымі каля дзясятка песень.

Фэст творцаў, літаратараў і арнаменту – так гарадзенцы назвалі першы фэст вышыванкі.

Ён адбыўся дзякуючы розным грамадскім ініцыятывам, такім як Imbryk.by, якім кіруе арганізатар фэсту Алесь Мазанік, а таксама дзякуючы «Арт Сядзібе», «Будзьма Беларусамі», дабрачыннаму фонду “Вяртанне”, якія дапамаглі як у правядзенні фэсту вышыванкі, так і прызамі ды падарункамі.

sdrdavdavmdedavsdrsdrsdrdavdav

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-garodni-prajshou-fest-vyshyvanki/

11.09.2017

праваабарончыя сайты