Навіны

Гарадзенцы збіраюць грошы на крыж у Курапаты

Ініцыятыву на ўсталяванне крыжа памяці ад гарадзенцаў падтрымалі ўдзельнікі фэсту вышыванкі, які прайшоў у Цэнтры гарадскога жыцця.

У скрынку людзі кідалі ахвяраванні на выраб дубовага крыжа, які будзе рабіцца супольнымі намаганнямі грамадзянаў. Кажа Алесь Чахольскі – сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі Беларускі Народны Фронт.

– Ідэя вельмі добрая, яе падказалі берасцейцы, калі два гады таму паставілі ад горада Берасце крыж у Курапатах. Я якраз прымаў у тым удзел. І зараз ёсць задума, каб цэлы пляц паўстаў ад гарадоў Беларусі і іх жыхароў – у народным мемарыяле будуць стаяць крыжы. Крыжы памяці пра сваіх продкаў, пра тых людзей, якія загінулі у час расейскага крывавага сталінскага тэрору.

Пасля фэсту збор сродкаў на выраб гарадзенскага крыжа ў Курапаты будзе працягвацца да наступнага года. Кошт вырабу такога крыжа – больш за 300 рублёў. Ужо цяпер, паводле Алеся Чахольскага, ва ўрочышчах „Курапаты” ўсталяваны тысячы крыжоў.

Тым, хто захоча ахвяраваць на крыж, Алесь Чахольскі дае свае каардынаты ( +375297726221).

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/garadzentsy-zbirayuts-groshy-na-kryzh-pam/

11.09.2017

праваабарончыя сайты