Навіны

Новаўвядзенні графіка «пад Міколку»: А 8 раніцы цяпер класная гадзіна

Стартаваў новы вучэбны тыдзень пасля рэформы зверху.

Між тым дзеці спаць больш не сталі - хоць менавіта мінімізацыя пазяханняў школьнікаў стала прычынай старту ўрокаў а 9 раніцы. Прадказальна, следам за гэтым трэба пераносіць і час працы бацькоў. У рэгіёнах, дзе школьныя адміністрацыі больш выканаўчыя, пытанне развязваюць як могуць, каб было «і нашым, і вашым», піша onliner.by.

- У Капылі працуе ўзорна-паказальная гімназія №1. Я сам скончыў гэтую гімназію і адчуваю вялікую павагу і пачуццё падзякі да настаўнікаў, якія працуюць там, - піша адзін з бацькоў гімназістаў. - Можна доўга разважаць, чым гэтая спантанная ідэя пераносу часу пачатку ўрокаў абумоўленая, а таксама пра яе плюсы і мінусы - упэўнены, адзінага меркавання тут не будзе. Афіцыйна заяўлена, што тое, у колькі будуць пачынацца заняткі, павінна разглядацца на месцах. Магчыма, дзесьці сапраўды выбар быў зроблены - нам давялі проста факт.

Потым высветлілася, што працоўным бацькам няма куды падзець дзіця а 8 раніцы. Класным кіраўнікам гімназіі №1 давялі інфармацыю, што раз на тыдзень а 8:00 будзе класная гадзіна, а яшчэ раз - інфармацыйная гадзіна (па-народнаму - «палітінфармацыя»). Гэта значыць урокі як бы з 9, а гэта не ўрокі - але на іх прыходзіць трэба ўсім абавязкова. Што ж рабіць з астатнімі трыма днямі? Настаўнікам прапанавалі (наш чытач нават удакладняе: «абавязалі». - Заўвага. Onliner.by) весці гурткі ад імя Раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, уладкаваўшыся туды выкладчыкам гуртка.

Цяпер старшакласнікаў будзем матываваць прыйсці ў школу на гадзіну раней, каб заняцца «аплікацыяй саломкай», «пляценнем бісерам» і г.д. і, напэўна, у выпадку недастатковага прыходу будуць прэтэнзіі ў стылі «Чаму не забяспечылі? Вы ж за гэта грошы атрымліваеце».

У адміністрацыі гімназіі усё, што тычыцца абавязкаў, зняпраўджваюць.

- Тыя, хто напісаў заяву на гурткі, прыходзяць. А хто не напісаў - прыходзяць а 9, - пракаментавала дырэктарка Ірына Абас. - Акрамя чацвярга і пятніцы, калі праводзіцца класная гадзіна (раней яна была пасля ўрокаў).

- Бацькі не супраць пераносу ўрокаў?

- У канцы мінулага навучальнага года мы правялі анкетаванне - большасць бацькоў выказаліся за захаванне 8-гадзіннага пачатку ўрокаў. Ну вы ж разумееце: ва ўсіх установах, якія працуюць у адну змену, пастанавілі перавесціся на 9 раніцы. Чаго абмяркоўваць. Ёсць рэжым работы ўстановы.

- Хто вядзе гурткі а 8 раніцы?

- Педагогам дадатковай адукацыі можа быць настаўнік ці супрацоўнік цэнтра дзіцячай творчасці. Мы пражылі тыдзень - ніхто не прыходзіў і не казаў, што каго-небудзь што-то не задавальняе.

Мы ўжо ў стабільным рэжыме неяк працуем, а вось гэтыя размовы... Давайце правучымся месяц, першую чвэрць, а потым будзем рабіць высновы.

https://charter97.org/be/news/2017/9/11/262563/

11.09.2017

праваабарончыя сайты