Навіны

Станіслаў Шушкевіч: Масква патрасе Захаду кулаком з Беларусі

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў сваё меркаванне з нагоды правядзення ў Беларусі вайсковых расейска-беларускіх вучэнняў “Захад-2017”

Станіслаў Шушкевіч: Калі ў Крамля няма магчымасцей і жадання паклапаціцца пра сапраўдны дабрабыт расейскага народа, то людзям трэба паказаць, што ў краіны ёсць ворагі на Захадзе, і што Расея можа гэтаму супрацьстаяць, а значыцца неабходна траціць на такія вось мерапрыемствы шмат сродкаў. А беларускія ўлады усходняму суседу ні ў чым жа не могуць адказаць.

Хаця, шчыра кажучы, я не бачу асаблівай пагрозы для нашай краіны ад гэтых вучэнняў. Пастраляюць, памарнуюць зямлю беларускую, але не больш за тое. Цяпер Пуціну не зручна ў міжнародным плане ладзіць нейкія новыя правакацыі. Крэмль так абанкруціўся з Данбасам і Крымам, што, як мне падаецца, не будзе Масква зараз прымаць нейкія ваенныя захады. Да таго ж, Беларусь знаходзіцца ў такой эканамічнай залежнасці ад Расеі, што ваеннага ўмяшальніцтва нават і не патрэбна.

РР: Але краіны Прыбалтыкі, Польша, Україна з вялікай асцярогай пазіраюць на гэтыя ваенныя гульні…

Станіслаў Шушкевіч: І іх пасля сумнавядомых падзей ва Украіне можна добра зразумець. На мяжы расейцы будуць бразгаць зброяй, таму занепакоенасць суседзяў, безумоўна, маецца. А Масква, натуральна, мае вялікае жаданне патрэсці Захаду і НАТА кулаком праз гэтыя вучэнні. Мне падаецца, што на гэта ўсё і разлічана.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/stanislau-shushkevich-maskva-patrase-za/

12.09.2017

праваабарончыя сайты