Навіны

Мерапрыемствы за адмену смяротнага пакарання ў Гародні

У Гародні 12 верасня 2017 году прайшоў шэраг запланаваных мерапрыемстваў у рамках праекта па інфармаванні насельніцтва Беларусі пра практыку ўжывання смяротнага пакарання і аргументах на карысць мараторыя супраць смяротнага пакарання.

Згодна з праграмай і ў запланаваны час адбыліся сустрэчы групы міжнародных экспертаў з абласной Радай Дэпутатаў, кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласці па пытаннях смяротнага пакарання, спецыялістамі юрыспрудэнцыі, а таксама са студэнтамі і выкладчыкамі Гарадзенскага ўніверсітэта.

Таксама з 15.30 да 18.00 адбылася сустрэча з прадстаўнiкамi грамадскасцi. Некаторыя прадстаўнікі нават запрашаліся па адмысловых запрашэннях. Сярод арганізацый была вялікая колькасць і праўладных, ад БРСМ і да арганізацыі ветэранаў Афганістана і спартовых арганізацый. Таксама прысутнічалі і выкладчыкі ды студэнты гарадзенскага універсітэту імя Янкі Купалы і прадстаўнікі іншых арганізацый.

А з 18.00 адбылася прэсавая канферэнцыя.

На ёй, як і ў раздрукаванай праграме быля агучана інфармацыя, што праект ажыцяўляецца пры ўдзеле працоўнай групы беларускага парламента па вывучэнні тэматыкі смяротнага пакарання, якая ўзначальваецца Андрэем Мікалаевічам Навумовічам.

Спадар Навумовіч наведаў Вялікабрытанію ў сакавіку 2017 года, дзе ён сустрэўся з экспертамі па пытаннях смяротнага пакарання. Зараз працоўная група заклікае беларускіх парламентароў больш актыўна прымаць удзел у публічных дэбатах па дадзеным пытанні, што ў сваю чаргу стварае спрыяльныя ўмовы для дыялогу па тэматыцы смяротнага пакарання ў Беларусі. Праект прадугледжвае серыю выязных мерапрыемстваў у Мінску і абласных гарадах Беларусі з удзелам міжнародных экспертаў.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту з Гародні Раман Юргель звярнуўся да спадара Навумовіча з пытаннем. Распавёўшы пра сумесныя намаганні у пытанні адмены смяротнага пакарання Праваабарончым Цэнтрам “Вясна” і БХК ён спытаў, чаму хоць некаторыя дэпутаты Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і сам спадар Навумовіч не могуць падпісацца пад петыцыяй “скажы Не смяротнаму пакаранню” якая стаіць на сайце ПЦ “Вясна” і ёсць даступная для ўсіх. Гэта ёсць сумесная заява такіх вядомых праваабарончых структур як ПЦ "Вясна", БХК і Amnesty International і на яе варта было б нейкім чынам адрэагаваць. На гэта Андрэй Навумовіч адказаў, што яшчэ не прыйшоў час на такое падпісанне прадстаўнікамі Палаты Прадстаўнікоў. Там не ўсе яшчэ гатовыя, хоць і сярод іх вядзецца такая праца і вынікі павінны быць.

Сярод удзельнікаў прэс-канферэнцыі быў спадар Іван Шымонавіч (Ivan Šimonović), Памочнік Генеральнага сакратара ААН і Адмысловы дарадца Генеральнага сакратара ААН па пытаннях адказнасці за абарону (UN Assistant Secretary General and Special Adviser of the Sec Gen on the Responsibility to Protect). Прафесар Шымонавіч знаходзіцца ў Беларусі ў якасці дэлегата Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання ў складзе групы міжнародных экспертаў па запрашэнні Амбасады Вялікабрытаніі.

У прэс-канферэнцыі таксама ўзялі ўдзел некалькі міжнародных экспертаў. Яшчэ акрамя ўжо ўзгаданага кіраўніка працоўнай групы па вывучэнні тэматыкі смяротнага пакарання Андрэя Навумовіча прысутнічаў таксама і Амбасадар Яе Вялікасці Фіёна Гіб.

На гэтых мерапрыемствах а таксама на прэсавай канферэнцыі былі розныя людзі. І тыя, якія даўно выступаюць супраць смяротнага пакарання, і тыя, якія лічаць яго нормай. Выказваліся розныя думкі, у тым ліку і за тое, каб смяротнае пакаранне заставалася. Эксперты на такія выказванні вельмі паслядоўна растлумачвалі сваю пазіцыю. Галоўнымі тэзамі былі такія, што задачай гэтых мерапрыемстваў было абудзіць цікавасць да тэматыкі смяротнага пакарання, давесці пра неабходнасць яго адмены, і агучылі такую інфармацыю, што ў многіх краінах, дзе смяротнае пакаранне ўжо адмененае сярод грамадскасці былі прыхільнікі гэтай меры пакарання. І іх у некаторых краінах было многа. Але парламенты такіх краін збіралі ўсю палітычную волю, і адмянялі падобную практыку. Паралельна яны праводзілі вялікую працу па распаўсюддзе гэтых ідэй сярод насельніцтва.

У выніку з усіх еўрапейскіх краін Беларусь засталася адзінай краінай, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. Таму неабходнасць падобных праектаў і такіх сустрэч пераацаніць немажліва.  

12.09.2017

праваабарончыя сайты