Навіны

80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Содаля

Беларускі журналіст, краязнавец, літаратуразнавец Уладзімір Содаль нарадзіўся 13 верасня 1937 года  ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна (Гомельская вобласць). Яго продкі мелі ўнікальны паравы млын, а потым былі ў высылцы. З дзяцінства меў інваліднасць па зроку, з-за выпадковага выбуху страціў вока. У 1961 годзе ажаніўся з Кларай Караткевіч, меў сына і дачку.

У 1963 годзе Уладзімір Содаль скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў загадчыкам Мормальскага сельскага клуба, электрыкам Мурманскага сударамонтнага завода, скончыў брыгадныя курсы токараў. Пасля працаваў настаўнікам беларускай мовы і гісторыі Астрашыцкага дзіцячага сухотнага санаторыя, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва Беларусі”, рэдактарам навукова-папулярных і навучальных праграм. У 1967-2000 гадах працаваў на Беларускім тэлебачанні, у тым ліку рэдактарам асветніцкіх перадач “Роднае слова” (1979-2000), “У кожнага была свая вайна”.

Першыя свае апавяданні Содаль апублікаваў у 1955 годзе ў газеце “Піянер Беларусі”. Цягам свайго творчага жыцця даследаваў беларускую літаратуру і культуру ХІХ-ХХ ст., жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш., Зоські Верас ды іншых. Аўтар папулярных выданняў “Людзьмі звацца” (1977), “Пуцявінамі сейбіта” (1982), “Кушлянскі кут”, “Сцежкамі Мацея Бурачка” (абедзве 1990), “Жупранская старонка” (1992), “Тут бачу свой край” (1994), “Свіранскія крэскі” (1995), “Карпілаўка” (2001), “Умей слухаць” (2003), “Святы той куточак фальварак Свіраны” (2005), “Анекдоцік у роцік” (2008), “Блаславёныя Кушляны” (2009), “Народныя апавяданні” (2009). Складальнік альбомаў “Францішак Бенядзікт Багушэвіч” (1986), “Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч” (1997). Укладальнік зборнікаў твораў Ф. Багушэвіча “Мая дудка” (1987), “Каму дудка паслушна” (1990). Кніга “Волат з Мiгаўкі” (2007) прысвечана жыццю i дзейнасці Аляксандра Уласава. Уладзімір Содаль – аўтар сцэнараў навучальных дыяфільмаў пра Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага ды іншых. Ніхто не даследаваў так глыбока і дэталёва біяграфію Францішка Багушэвіча як Содаль.

З 1996 года Уладзімір Содаль уваходзіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў, быў у Саюзе журналістаў Беларусі. Сябар Рэспубліканскай Рады “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, рэдкалегіі газеты “Наша слова” і Таварыства беларускай школы. Удзельнік Устаноўчых з’ездаў БНФ, ТБМ. Адзін з падпісантаў творчай інтэлігенцыі ліста ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы ў рэспубліцы Беларусь. За літаратурна-даследніцкую працу і змаганне за родную мову Камітэтам Ушанавання ганараваны ордэнам “Гонар Айчыны” і імянным срэбным пярсцёнкам з выявай герба (27.11.1997) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.

Некалькі разоў затрымліваўся і нават збіваўся за выяўленне сваіх палітычных поглядаў.  Так, 26 красавіка 2007 году, Содаль і ягоная жонка былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі пасля “Чарнобыльскага шляху”. Актыўна выступаў супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі і супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. 

Памёр Уладзімір Содаль 15 красавіка 2015 года ў Менску ў Першым клінічным шпіталі ад інфаркту. Пахаваны на могілках у Астрашыцкім гарадку каля магілы маці.

13.09.2017

праваабарончыя сайты