Навіны

Змаганне з сумам

Кожны змагаецца з сумам так, як умее. Нейкім падобным чынам выказваўся герой папулярнага старога кінафільма прынц Фларызель. Беларусы, у асноўнай сваёй масе, стаміўшыся наракаць на няўдалае надвор’е цягам году (ды і недарэчна стала наракаць у параўнанні з рознымі заакіянскімі ўраганамі), дачакаліся свайго ўлюбёнага часу. Улюбёны час насельніка нашай зямлі – гэта розныя дажынкі і збор асенняга ўраджаю. Адны ўжо кінуліся ў баразну капаць, а дакладней выбіраць бульбу, іншыя – у лясы, бо пасля шчодрага дажджу надышла цёплая пара і грыбы палезлі з моху і з пад ігліцы, як тыя бежанцы і псеўдабежанцы ў еўрапейскія краіны. Некаторыя, найбольш вушлыя суайчыннікі, паспяваюць і на палеткі і ў лес. На два фронты, так бы мовіць. А то і на тры.

Што датычыць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, то і тут апошнім тыднем было не сумна. Адны фэсты вышыванкі ладзілі, іншыя – адзначалі і святкавалі, як маглі Дзень беларускай вайсковай славы. Дзень перамогі ў бітве пад Воршай адзначалі, зразумела, што дастаткова ў сціплым фармаце, бо дзе тут разгонішся. Як той казаў, разгуляешся тут, як цяля на вяроўцы. Дзяржава даўно выціснула грамадскасць у невялікія рэзервацыі, але перасцерагаецца і працягвае яе пільнаваць.

Улады са свайго боку паразвешвалі расейскія сцягі ў той сама Воршы – ні то як знак поўнай капітуляцыі, ні то ў гонар нейкага супольнага турыстычна-спартовага мерапрыемства, прымеркаванага, канешне, невыпадкова да старадаўняй гістарычнай даты. Не забракла хлеба і відовішчаў і ў беларускай сталіцы. Там было шмат мерапрыемстваў да юбілею Менску. Цэнтральнае месца сярод забаваў адвялі міжнароднаму паўмарафону. Забег быў адзначаны незабыўным канфузам – толькі ён стартаваў, а неўзабаве ўжо ганаравалі пераможцу. Відаць, арганізатары так разбіраюцца ў спорце як свіння ў апельсінах. Праўда, неўзабаве схамянуліся і зразумелі, што фальшывы пераможца, зрэзаў палову дыстанцыі і бег фактычна з хуткасцю 21 кіламетр у гадзіну. Сюжэт для літаратуры.

Ва Ўкраіне было намнога весялей у гэтыя выходныя. Не ведаю як вы, шаноўныя чытачы, а я заўсёды радуюся, калі ў суседзяў адбываецца нешта пазітыўнае. Да ўкраінцаў беларусы вельмі блізкія мовай і маюць да іх найбольшыя сімпатыі. Прыкметна гэта і па сацыяльных сетках беларускай супольнасці.

З вечара 9 верасня, фактычна ў ноч, Україна назірала за баксёрскім паядынкам цяжкавагавіка Аляксандра Усіка з прадстаўніком Нямеччыны Марка Хукам. Гэта быў сапраўды ўражальны спартовы бой, які скончыўся прыгожай вікторыяй украінскага атлета. Жоўта-блакітныя сцягі ганарова луналі на запоўненай нямецкай арэне і было надзвычай радасна за нашых суседзяў.

Назаўтра было вельмі прыкра за Ўкраіну. Ледзь не палова Еўропы назірала за прарывам Мішыко Саакашвілі праз дзяржаўную польска-украінскую мяжу. Да былога прэзідэнта Грузіі і кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі ў мяне асабіста супярэчлівае стаўленне. З аднаго боку – сапраўды плённыя рэформы ў грузінскай дзяржаве і актыўныя спробы рэфармавання ўкраінскай вобласці. З іншага – рэверансы і пахвалы ў бок начальніка дзяржавы РБ, якія не робяць гонару Саакашвілі. Але тое, што зрабіў прэзідэнт Пятро Парашэнка, пазбавіўшы вядомага палітыка-рэфарматара ўкраінскага грамадзянства, не лезе ні ў якія вароты. Абсалютна відавочна, што прычына найперш не ў асобе Саакашвілі. Фактычна ўсе прафесіяналы, тыя адмыслоўцы з іншых краін, якія былі запрошаны ва Ўкраіну дзеля рэфармавання дзяржаўнай сістэмы, не здолелі паразумецца і спрацавацца з карэннымі дзяржаўнымі чыноўнікамі. А гэта можа азначаць адно – ранейшая гідра карупцыі ва Ўкраіне жыве і дабро нажывае. Дзяржава ў значнай ступені, а можа і найперш, бароніць інтарэсы алігархічна-бюракратычных кланаў, Україна, калі і ідзе наперад, то занадта малымі крокамі. А хутчэй усяго яна топчацца зараз на месцы, наступаючы на тыя ж сама граблі. І вось ад гэтага і нам, беларусам, становіцца сумна. Бо так хочацца, каб суседзі давалі нам пазітыўны прыклад.

Уладзімір Хільмановіч

14.09.2017

праваабарончыя сайты