Навіны

Не толькі Кастусь Каліноўскі пісаў “Мужыцкую праўду”?

Кастусь Каліноўскі насамрэч не быў асноўным аўтарам газеты „Мужыцкая праўда”. Такую версію выказвае гарадзенскі краязнавец Сяргей Лушчык, які грунтоўна вывучае гісторыю Вялікай Бераставіцы. У выніку архіўнай і іншай працы гісторык прыйшоў да высновы, што насамрэч асноўным аўтарам легендарнай газеты-адозвы быў паплечнік Кастуся Каліноўскага Фелікс Ражанскі. Ніжэй падаем артыкул, у якім краязнавец даводзіць слушнасць сваёй версіі.                      

У 1861-63 гг. адным з пунктаў падрыхтоўкі студзеньскага паўстання ў краі стаў вялікабераставіцкі касцёл.

фота з архіву Сяргея Лушчыка

Адзін з актыўных арганізатараў і удзельнікаў паўстання Фелікс Ражанскі пакінуў пазней такія ўспаміны:

“У Гародню ў 1861 годзе прыехаў Канстанцін Каліноўскі, – паспяхова скончыўшы вучобу на прававеда, – з мэтай стварэння канспірацыйнага кола і палітычнай дзейнасці. Дзякуючы асабістым знаёмствам і кантактам, такое кола яму ўдалося стварыць, у яго ўвайшлі Эразм Заблоцкі, губернскі сакратар, доктар Юзаф Заблоцкі, Валеры Ўрублеўскі, афіцэр і інспектар лясной школы, Ян Ваньковіч, афіцэр, Фелікс Ражанскі і Ідэльфонс Мілевіч, геаметры, Ксёндз Гінтаўт з Гародні, а ксяндзы Ян Зажыцкі і Ігнацы Казлоўскі з ваколіц і яшчэ некалькі іншых, прозвішчаў якіх не памятаю, альбо не быў з імі асабіста знаёмы. Усе вышэйпералічаныя былі дэмакратычных поглядаў, іх называлі партыяй чырвоных з той прычыны, што яны былі прыхільнікамі праграмы па падрыхтоўцы народу да нацыянальнага паўстання супраць маскоўскага панавання, якое прадугледжвала самавызваленне і ліквідацыю прыгоннага права праз польска-шляхецкае саслоўе, маючыя адбыцца праз два гады, г. зн. у 1863 г.”.

Дзве з пералічаных асобаў канспірацыйнага кола мелі прамое дачыненне да Вялікай Бераставіцы – гэта сам аўтар успамінаў

Фелікс Ражанскі і ксёндз Ігнацы Казлоўскі. Фелікс Ражанскі (1838 – памёр пасля 1903) – шляхецкага  паходжання, гербу “Порай”, працаваў каморнікам (геаметрам) у вялікабераставіцкім маёнтку графа Станіслава Шчэнснага Касакоўскага. У 1861-62 гг. Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі часта наведвалі Вялікую Бераставіцу. Сустракаючыся тут з аднадумцамі-паплечнікамі, абмяркоўвалі будучыя планы. Як адзначала сястра Кастуся Каліноўскага Казіміра Багушэвіч, яе брат быў з бераставіцкім каморнікам у сяброўстве. Вельмі верагодна, што месцам патаемных сустрэч вольнадумцаў у тыя часы служыў мясцовы касцёл, пробашчам якога незадоўга да пачатку паўстання быў прызначаны ксёндз Ігнацы Казлоўскі. Менавіта Казлоўскаму перайшлі ў распараджэнне ключы ад гэтага касцёла і іншых прыкасцёльных пабудоваў. Ёсць верагоднасць, што напярэдадні паўстання Кастусь Каліноўскі станавіўся тут на калені перад драўляным укрыжаваннем.  

“Доктар Заблоцкі пісаў польскую патрыятычную паэзію, а Ражанскі такія ж песні па-беларуску, і гэты апошні супольна з Канстанцінам Каліноўскім друкаваў народнае выданне пад назвай “Mużyckaja prauda” з подпісам “Jaśko hospodar z pod Wilna”, а пару песень і “гутарак” на гэтай жа мове выдаў Браніслаў Шварцэ ў Беластоку” – працягвае ўспаміны былы каморнік з Вялікай Бераставіцы.

“Гутарка двух суседаў” і “Гутарка старога дзеда” – беларускія вершаваныя агітацыйныя творы, папярэднікі ”Мужыцкай праўды”, накіраваныя супраць Маскоўскага панавання ў краі, друкаваліся цягам 1861-62 гг. у падпольнай друкарні Браніслава Шварцэ ў Беластоку. Аўтарам некалькіх “гутарак”, паводле вышэйзгаданых успамінаў, быў Фелікс Ражанскі, які ўжо да гэтага складаў песні і вершы па-беларуску, а выдаваў гэтыя творы Кастусь Каліноўскі, які быў з друкаром Шварцэ ў цесным кантакце. Неўзабаве паліцыі ўдалося выйсці на след канспіратараў. У выніку ўладальнік друкарні змушаны быў яе закрыць і ўлетку 1862 г. тэрмінова з’ехаць у Варшаву.

Неўзабаве ў чэрвені таго ж года з’явіўся 1-ы нумар ”Мужыцкай праўды” – першае ў гісторыі перыядычнае выданне на беларускай мове. Яно востра крытыкавала палітыку расейскіх уладаў і заклікала сялян да змагання з акупантам. Да канца года выйшлі яшчэ 5 нумароў, а ў 1863 г., ужо ў час паўстання, апошні 7-мы нумар. Ёсць верагоднасць, што некаторыя з іх маглі быць надрукаваныя ў Вялікай Бераставіцы. Пасля закрыцця беластоцкай друкарні Браніслава Шварцэ, удзельнікі канспірацыі патаемна завезлі туды друкарскі прэс і схавалі яго ў мясцовым касцёле, дзе быў адміністратарам іх аднадумец ксёндз Казлоўскі. Займацца рызыкоўнай справай у ціхім мястэчку было непараўнальна прасцей. Падобны канспірацыйны станок для друкавання складаўся з дзвюх частак – драўлянага корпусу і ўласна прэсу, у якім металічная пласціна (матрыца) з набраным тэкстам прыціскалася да паперы ўручную з дапамогай механічнага рычага альбо кола. Такога кшталту друкарскія варштаты ў той час ужо не былі рэдкасцю. траплялі яны ў Расійскую імперыю з-за мяжы, часцей з Германіі ці Аўстрыі. Абсталяванне мела невялікія габарыты, было простым і надзейным у абслузе. Яго можна было аператыўна наладжваць для працы і ў разе небяспекі хутка хаваць у памяшканнях касцёла.

фота з архіву Сяргея Лушчыка

Друкавалася “Мужыцкая праўда” беларускай лацінкай на лістах значна меншага фармату, чым афіцыйная прэса, дзякуючы чаму такія аркушы зручна было хаваць ад паліцыі. У мэтах канспірацыі месца выдання і прозвішча аўтара пададзеныя наўмысна фальшывымі – “Яська гаспадар з-пад Вільні”. У самым тэксце выдання ўжываецца шмат простых побытавых сялянскіх словаў і выразаў, часта гучаць такія тэрміны, як “зямля”, “сяляне”, “прыгнёт”. Складваецца ўражанне, што яго аўтар сам паходзіць з сялянскага асяроддзя. Не змяншаючы вялізных заслугаў Кастуся Каліноўскага ў падрыхтоўцы паўстання і выхадзе канспірацыйнай перыёдыкі, можна дапусціць, што тэксты 1-6 нумароў “Мужыцкай праўды” склаў усё той жа каморнік з Вялікай Бераставіцы – Фелікс Ражанскі, які да гэтага пісаў “Гутаракі” і песні на чыстай беларускай мове, у той час як Каліноўскі з Ўрублеўскім выступалі пераважна рэдактарамі газеты, толькі пры неабходнасці ўносілі туды свае карэктывы і арганізізоўвалі яе выданне. У адрозненне ад Кастуся Каліноўскага, які перад паўстаннем амаль шэсць гадоў правёў у Маскве і Пецярбургу, Ражанскі стала пражываў ў Вялікай Бераставіцы, дзе на пасадзе мясцовага каморніка выконваў замеры зямлі, складаў планы грунтаў, размяжоўваў спрэчныя надзелы, у тым ліку сялянскія, не па чутках быў знаёмы з рэальным жыццём паспалітага люду і добра ведаў яго надзённыя патрэбы. Як збіральнік мясцовага фальклору, бераставіцкі землямер дасканала валодаў той мовай, на якой размаўлялі простыя жыхары гэтага рэгіёну, а менавіта сяляне Гарадзенскага, Ваўкавыскага і Сакольскага паветаў. Дзякуючы яго народным творам, беларуская мова выйшла за рамкі побытавага ўжытку. Вядома, што бераставіцкі землямер склаў на мове сялян песні “Гэй-га разам, хлопцы…”, “Ах ты, мая чарнаброва…” ды іншыя.

Свае выданні Кастусь Каліноўскі і Фелікс Ражанскі распаўсюджвалі сярод сялян, вясковых пісараў, настаўнікаў, студэнтаў, ксяндзоў, якія, сваім парадкам, раздавалі іх у прыходах. Нярэдка аўтары “Мужыцкай праўды” пад чужымі прозвішчамі супольна выпраўляліся ў падарожжы па Гарадзенскай, Мінскай і Віленскай губернях, заводзілі новыя знаёмствы, тлумачылі людзям, на чыім баку трэба змагацца.

У час выбуху паўстання Фелікс Ражанскі быў афіцэрам спачатку Ваўкавыскага, а потым Бельскага аддзелу інсургентаў, удзельнічаў у 11 баях на тэрыторыі Беласточчыны, Гарадзеншчыны і Ваўкавышчыны, у Белавежскай, Свіслацкай, Сакольскай і Бужанскай пушчах, а пасля паразы кампаніі выехаў у Галіцыю, дзе неўзабаве ажаніўся і стаў землеўладальнікам. Праз давераную асобу ён прыслаў адтуль некалькі сваіх фотаздымкаў для сяброў і знаёмых. Памёр Фелікс Ражанскі пасля 1903 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kastus-kalinouski-ne-pisau-muzhytsku/

18.09.2017

праваабарончыя сайты