Навіны

Вінаваты

Адвакат – гэта асоба, прафесіяй якога з’яўляецца аказанне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі фізічным і юрыдычным асобам (арганізацыям), у тым ліку абарона іх інтарэсаў і правоў у судзе. А адвакатура як прафесія вядомая са старажытных часоў.

Так пра адваката і яго прафесійныя абавязкі гаворыць вікіпедыя. І сапраўды, прафесія адваката вядомая з часоў старадаўняга Рыму. Вядомая як прафесія. Ну а адвакат у прынцыпе быў заўсёды. Кожны, хто нейкім чынам абараняў таго, каго судзілі, і быў адвакатам. З’яўленне адваката як прафесіі папросту стала падвышаць кваліфікацыю гэтага чалавека. Сталі з’яўляцца вядомыя адвакаты, якія абаранялі людзей лепш чым іншыя. Зразумела, што такія абаронцы былі больш запатрабаванымі, ну і адпаведна, больш дарагімі. Кліент, ён жа заказчык, і быў галоўным ацэншчыкам працы адваката.

Здавалася б, усё тут проста і нічога больш прыдумваць не трэба. І гэтая схема становіцца прывабнай там, дзе галоўным у судовым працэсе лічыцца пошук праўды. Там, дзе суд зацікаўлены у рэальнай ацэнцы віны падсуднага, каб вынесці яму максімальна справядлівы вырак або апраўдаць цалкам. Менавіта там і той, хто абараняе, і той, хто абвінавачвае, на роўных спаборнічаюць у залі суда. І да самага канца невядома хто пераможа.

А вось там, дзе вырак вядомы яшчэ да таго як пачаўся суд, прафесія адваката становіцца цалкам непатрэбнай. Мне як праваабаронцу прыходзілася прысутнічаць на мностве судовых працэсаў. Большасць гэта былі адміністрацыйныя справы. І тым не менш, людзі, якія першы раз траплялі у залю суда як абвінавачваемыя, вельмі спадзяваліся на адваката. А вось тыя, хто ўжо быў раней знаёмы з сённяшнім беларускім правасуддзем, не лічылі патрэбным губляць на адваката час і грошы. Ну і сапраўды. У дзевяноста дзевяці адсоткаў выпадкаў я і мае калегі, зыходзячы з свайго ўласнага досведу, з дакладнасцю прадказвалі як будзе закончаны працэс і які будзе вырак. Нават мы ведалі прысуд яшчэ да пачатку судовага працэсу. У такой сітуацыі абсалютна лагічным здаецца пытанне: а навошта патрэбны суд увогуле? Няхай бы той міліцыянт які схапіў актывіста на мітынгу ці пікеце, і выносіў бы прысуд, раз гэты прысуд ужо вядомы. Зэканомілі б дзяржаўныя сродкі. Ну а прысутнасць адваката ў такой сітуацыі увогуле выглядае абсурднай.

Зразумела, што размова ідзе пра стасункі ўладаў з апазіцыйна настроенай часткай грамадства. Хоць у іншых выпадках, я думаю, сітуацыя выглядае вельмі падобна. Навошта мяняць схему, калі гэтая цалкам задавальняе ўладу. І калі можна папросту ігнараваць ўсе довады адваката, то навошта такі інстытут увогуле?!

Але ж такі інстытут ёсць. Дык навошта ён патрэбны? Адказ на гэтае пытанне прыходзіць толькі адзін. Хіба адвакат у Беларусі патрэбны выключна для таго, каб мы хоць знешне нейкім чынам былі падобныя на людзей. Маўляў, у нас так, як і ў іншых краінах. Ёсць нават адвакаты.

І тут адвакат ужо набывае зусім іншае значэнне. Ён як інстытут існуе для падману. Для таго каб пыл пускаць у вочы іншым. Толькі вось у такой сітуацыі трэба каб адвакаты былі цалкам ручнымі. Поўнасцю залежнымі ад улады, кантралюемыя і кіруемыя ёй.

Таму ў Беларусі не кліент ёсць галоўным ацэншчыкам працы адваката, а ўлада. Менавіта яна праз, прыкладам, міністэрства юстыцыі праводзіць праверку адвакатаў і прызначае пераатэстацыі. І кваліфікацыя адваката вызначаецца зусім не колькасцю выйграных спраў. А то не ўсе адвакаты ў Беларусі ведаюць сваё месца. Ёсць і такія, якія вельмі сур’ёзна ставяцца да сваёй місіі і спрабуюць рэальна абараняць сваіх кліентаў, нават калі тыя прадстаўнікі апазіцыі.

І вось ужо ідуць чарговыя і пазачарговыя пераатэстацыі. І вось ужо адмоўную атэстацыю атрымлівае вядомая адвакатка Менскай гарадской калегіі адвакатаў Ганна Бахціна. І вось ужо усім ясна, што не яна апошняя.

І вось ужо Беларусь рэальна набліжаецца да таго моманту, які раней можна было ўбачыць толькі ў вельмі камедыйных фільмах, калі адвакат падымаўся і казаў пра падсуднага толькі адно слова: “Вінаваты!”.

Віктар Сазонаў


22.09.2017

праваабарончыя сайты