Навіны

Свята беларускай паэзіі прайшло на Дзятлаўшчыне (шмат фота)

23 верасня ў Дзятлаўскім раёне прайшло абласное свята беларускай паэзіі. Прымеркаванае яно было да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Арганізавала свята мясцовая філія Таварыства Беларускай Мовы пры падтрымцы мясцовых уладаў і Гродзенскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Асноўная частка фэсту прайшло ў вёсцы Зачэпічы, дзе летась быў усталяваны памятны камень з шыльдай у гонар мясцовых народных паэтаў - Гарасіма Праменя, Петруся Граніта і Васіля Струменя.

Вёў імпрэзу ведамы грамадскі актывіст і краязнавец Дзятлаўшчыны Валерый Петрыкевіч. На свяце выступалі літаратары Валянцін Дубатоўка, Сяргей Чыгрын, Міхась Скобла, Мікола Канановіч, Янка Трацяк, Віктар Сазонаў, Станіслаў Суднік. Песні пад гітару выконвалі Сяргей Чарняк, Уладзімір Хільмановіч, Зміцер Бартосік. Вершы беларускіх класікаў чыталі школьнікі са школаў Дзятлаўшчыны.

Пасля асноўнай часткі свята ў цэнтры вёскі ўдзельнікі перамясціліся ў канец вёскі, дзе захавалася хата паэта Петруся Граніта (сапраўднае прозвішча Іван Івашэвіч), якая была забудаваная ў 1928-1930 гадах. На ёй была павешана шыльда з назвай вуліцы, якая атрымала зараз імя ў гонар паэта.

Свята прадоўжылася ў Жукоўшчынскім клубе, дзе далей гучалі вершы і песні, а школьнікі атрымалі ў падарунак ад літаратараў кніжкі.

24.09.2017

праваабарончыя сайты