Навіны

“Алес нармалес” альбо выбары без альтэрнатывы

Палітычна ангажаваная частка нашага грамадства часта любіць наракаць на тое, што ўжо больш дваццаці гадоў беларусы ня маюць магчымасці выбару, бо ўласна выбараў у дэмакратычным разуменні слова ў краіне фактычна няма. Апошнім часам прыйшоў я, аднак, да высновы, што яго – сапраўднага выбару, няма амаль нідзе. Мы жывем у век  інфармацыйных тэхналогій і палітычных маніпуляцый. У век, калі яны відавочна пераважваюць і перамагаюць нейкія ідэалогіі і маральныя прынцыпы. Пра мараль у палітыцы зараз і гаварыць смешна. І як тут і каго выбіраць? Расейская прымаўка гаворыць, што “из двух зол выбирают меньшее”. Нібыта ёсць на гэты конт ангельскае выслоўе з адваротным сэнсам, што са зла і выбіраць нельга. Ёй адпавядае і беларуская лаканічная фразема “Абое рабое”. Да чаго гэта я вяду? Вось у мінулую нядзелю праходзілі выбары ў нямецкі бундэстаг. Фактычна абіраўся не толькі парламент гэтай вялікай краіны, але і вызначалася бліжэйшая палітычная будучыня ўсяго Еўразвязу. Ізноў з запасам, хоць і з меншым адрывам, чым прагназавалася, перамог блок цяперашняй канцлер Ангелы Меркель. Палітычную сілу на чале з ёй называюць кансерватыўнай, ці хрысціянска-дэмакратычнай. Менавіта называюць, бо яна такой даўно не з’яўляецца. Дастаткова прыгадаць нядаўняе галасаванне ў бундэстагу па аднаполых шлюбах і праве такіх пар усынаўляць дзяцей. Тады значная частка гэтых “кансерватараў-хадэкаў” галасавала не паводле ідэалогіі партыі, а па закліку канцлера галасаваць “па сумленні”. А вось я ніяк не магу зразумець – як гэта ідэалогія партыі, у якой ты знаходзішся, можа разыходзіцца з тваім сумленнем. Нейкае раздваенне ў галаве! Тут як у народным выслоўі – “Вы ўжо альбо крыжык здыміце, альбо майткі надзеньце!”.

Другое месца ў Германіі заняла нібыта апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя. Тут таксама ўсё ясна: “хто не быў у маладосці сацыял-дэмакратам, не меў душы, хто ім застаўся ў сталасці – не мае розуму”. Дастаткова сказаць, што гэтая партыя дала еўрапейскай палітыцы папярэдняга канцлера Шродэра, лепшага і вернага сябра Масквы пры якім узрасла імперская палітыка Расеі. А цяперашнія сацдэкі толькі гуляюць у апазіцыйнасць да ўладнай партыі, насамрэч набіваючы сабе цану ў кааліцыі. Ну, а на трэцяе месца ўзабралася нібыта праварадыкальная партыя “Альтэрнатыва для Германіі”. Ізноў жа нібыта, бо дастаткова паглядзець на лідараў гэтай плыні, каб зразумець, што ніякія яны не “правыя”. Гэтая партыя па-майстэрску выкарыстала антыэмігранцкія настроі нямецкага грамадства, але менавіта выкарыстала. АдГ яшчэ называюць прарасейскай партыяй. Але як па мне – дык там усе такія. І так далей па спісе партый, якія прайшлі ў бундэстаг – “Лібералы”, “Левыя” (гэтыя ўвогуле класічныя махровыя камуністы), “Зялёныя”. Уявіў я сябе нямецкім выбарцам і сам сабе ўмоўна заплакаў. Як той казаў, у Бога дарог многа, а чалавеку выйсця няма. Напэўна з пару дзясяткаў іншых партый, было за каго прагаласаваць, але гэтыя партыі застануцца на маргінэсе, не маючы рэальнага ўплыву ні на ўнутраную, ні на знешнюю палітыку дзяржавы.

 У дадатак яшчэ адзін яскравы прыклад інфармацыйных масавых ашуканстваў. Фрау Меркель у сваіх выступах часта апелявала да статыстыкі і нібыта стабілізацыі, казала пра зніжэнне беспрацоўя. Так у 2010 годзе ў Германіі было 6,5 мільёнаў беспрацоўных (цэлая еўрапейская сярэднестатыстычная краіна), а неўзабаве, за нейкі год стала ўсяго 3,5 мільёны (адразу прыгадваецца, як у Беларусі гэтак жа рэзка нібыта вырасла сярэдняя працягласць жыцця). А ў чым палітычны фокус? Усё геніяльна проста: тры мільёны фактычна беспрацоўных Германіі вынаходлівыя праўладныя статыстыкі перавялі ў іншыя разрады – умоўна занятыя, мала занятыя, з мінімальным заробкам і іншыя. Пайдзі – разбярыся і правер гэтыя тры мільёны! А прывабная карцінка для выбарца ўжо створана. “Алес нармалес!, выбіраем стабільнасць”. Яны і выбралі. Так што фрау Меркель, якая кіруе Нямеччынай ужо з 2005 году, можа быць на вяршыні яшчэ дастаткова доўга. Глядзіш і рэкорд жалезнага князя Бісмарка пераўзыдзе.

 А што нам? А нам сапраўды ўсё роўна, хто там перамог. Як некалі трапна і сцісла выславіўся Зянон Пазьняк: “Што б не здаралася ў гісторыі, немцы і расейцы заўсёды супраць нашага Вялікага Княства”. А найгорш, калі яны разам супраць нас.

Уладзімір Хільмановіч     

27.09.2017

праваабарончыя сайты