Навіны

Ну дык за якім?!

У беларускім горадзе Барысаў адбылася вялікая спартовая падзея. Беларускі футбольны клуб БАТЭ зышоўся памерацца сіламі з адным з флагманаў сусветнага футболу брытанскім “Арсеналам”. А гэта вялікая падзея не толькі для Барысава, але і для ўсёй Беларусі. Хто цікавіўся футболам з часоў СССР, памятаюць, што некалі нашы людцы толькі марылі пра такое. Ну а зараз гэта рэальнасць. І стала гэта рэальнасцю таму, што Рэспубліка Беларусь у свой час перастала быць правінцыяй Савецкага Саюзу, а абвясціўшы незалежнасць, стала свабоднай краінай, ганарова падняўшы на планеце Зямля Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.

Без гэтай лёсавай падзеі не толькі “Арсенал”, але можа нават і брытанскі прэм’ер наўрад ці што ведалі б пра слаўны горад Барысаў. А можа нават і пра рэспубліку, у якой той горад знаходзіцца. Бо менавіта пасля абвяшчэння незалежнасці да нас паехалі замежныя амбасадары, артысты, спартоўцы, бізнесоўцы, турысты і іншыя патрэбныя і непатрэбныя наведвальнікі. І ўсё гэта па сённяшні дзень асацыюецца з Бел-чырвона-белым сцягам. Пасля дзяржаўную сімволіку памянялі і да нас сталі прыязджаць яшчэ і расейскія салдаты. Але гэта ўжо асобная тэма.

Вернемся да спорту. Думаю што справядліва было б з гонарам ушанаваць Бел-чырвона-белы сцяг на такой спартовай сустрэчы як у Барысаве хаця б таму, што ён у маладой беларускай краіне стаў апроч іншага яшчэ і сімвалам зараджэння сусветных кантактаў, у тым ліку і спартовых. Аматары футболу то прыносяць яго на стадыёны. Прыносілі нават тады, калі іх з энтузіязмам таўклі за гэта раз’юшаныя “ахоўнікі парадку”. І што характэрна, што не толькі заўзятары БАТЭ, але і беларускія фанаты “Арсеналу” вітаюць яго. Вось толькі відэакамеры, якія вядуць трансляцыю з футбольных спаборніцтваў, сарамліва стараюцца абмінуць гэтыя старажытныя беларускія сімвалы сваёй увагай.

Гэтую абуральную ва ўсіх сэнсах несправядлівасць вырашыў выправіць Аляксандар Вянгерскі. Падабраўшы момант, калі ў гульні была паўза, ён выскачыў на стадыён у кашулі з “Пагоняй” і узняўшы над галавой бел-чырвона-белы, пад апладысменты гледачоў панёсся па “Барысаў-арэне” пакуль яго не скруцілі ахоўнікі. Пасля яго зноў жа пад апладысменты стадыёна павалаклі ў суд, дзе ён і распавёў, што яму яшчэ і па нырках дасталася. Нават хуткую выклікалі.

У судзе з ім таксама не асабліва цырымоніліся і ўвалілі дзесяць сутак за хуліганства. А ў модных на сённяшні дзень сацыяльных сетках пачалося абмеркаванне гэтага ўчынку. І там адны захапляюцца Вянгерскім, другія шукаюць яму ўсялякія апраўданні, а некаторыя лічаць, што для такіх дзеянняў гэта было не месца і не час. 

І я ведаю, што стадыёны зробленыя для таго, каб там пад час матчу за адным мячыкам бегалі дваццаць два чалавекі. І ні адным болей. Але ўсё гэта было б правільна, каб не адно але. І гэтае “але” вынікае з аднаго простага пытання: – А ці ёсць у Беларусі месца, дзе можна публічна прапагандаваць свае старадаўнія сімвалы?

Ды і хуліганствы з сцягамі ў беларускай гісторыі з’ява не новая. Вось, прыкладам, гісторыя сусветнага маштабу, калі ў Рыо-дэ-Жанейра, пад тэлетрансляцыю на ўсю планету, на цырымоніі адкрыцця паралімпійскай алімпіяды беларускі спартыўны функцыянер Андрэй Фомачкін узняў расейскі сцяг і нёс яго пакуль бразільцы не забралі. Расейцаў тады да гульняў не дапусцілі за скандал з допінгам. Быў Фомачкін за допінг ці за Расею ўжо не важна. Важна, што за гэтае хуліганства яго ў суд не пацягнулі і нават у косці не далі. А далі чарговую пасаду.

Таму калі нехта лічыць, што  Аляксандра Вянгерскага пакаралі за хуліганства, можа пацікавіцца ўчынкам Фомачкіна. І зразумець, што галоўная розніца паміж гэтымі двума хуліганствамі ў тым, што  Аляксандр Вянгерскі нёс над галавой менавіта бел-чырвона-белы сцяг.

І яшчэ добра было б, каб уцямілі ўсе, асабліва тыя, хто прымае рашэнні, каго караць, а каго узнагароджваць. За хуліганствы з нейкімі іншымі сцягамі пасады даюць, а ніхто не хоча іх паўтараць. За такія ж дзеянні з Бел-чырвона-белым – караюць. А людзі ўсядно свядома ідуць на тое.

Ну дык за якім сцягам будучыня?!

Віктар Сазонаў

02.10.2017

праваабарончыя сайты