Навіны

Імперыя зла

Чаму імперыі распадаюцца? Самы красамоўны прыклад – Расея. А пры ёй – і Беларусь уцягнутая ў працэс нямогласці і заняпаду. Адна з прычын – марнатраўнае разбазарванне глыбокіх спадчынных рэзерваў, у тым ліку і людскіх. Здавалася, і канца не будзе вычэрпванню, згубнаму знішчэнню, скажам, людскіх рэзерваў. Ішла, як віхравая навала, бура, паласа за паласой, самазнішчальная вайна са сваім народам – як разгул і своеасаблівы працяг грамадзянскай вайны – раскулачванні, высяленні ў Сібір – самых здаровых, працавітых, цягавітых, гаспадарлівых людзей, – крыніца дармавой рабсілы… (за пайку хлеба і баланды) ішло няспынна абяскроўліванне вялікаросаў, а разам – захопленых, пагвалчаных імі народаў. Такога кравапійства не знала гісторыя чалавецтва, не было, пэўна, і ў свеце такіх звяроў. Такой абясцэнкі асобнага чалавечага жыцця – дыктатарска-імперская сістэма дасягнула вяршыні жорсткасці, глумлення. Чалавека трэба нарадзіць, выгадаваць, выхаваць – колькі сіл матэрыяльных, духоўных спатрэбіцца – і ўсё ў прадонне.

Памёр нядаўна сваяк. Завітаў да знаёмага, які гандлюе дамавінамі, вянкамі і ўсім, што патрэбна для рытуальных паслугаў. Пытаюся, ці шмат памірае землякоў. “Шмат, –  адказвае той. – Але самае страшнае, калі людзі гінуць тыя, хто працуе за мяжой, каб пракарміць сям’ю. Толькі за жнівень у наш горад прывезлі чатырох мужчын, якія пры розных абставінах загінулі ў Расеі. А з Еўропы, колькі я працую, дзякаваць Богу, такіх прывозаў не было…”  

Прыгадваецца і звыродны “рускі герой” маршал Жукаў, які скінуў атамную бомбу на войскі на Тоцкім палігоне Арэнбурскай вобласці Расеі ў 1954 годзе. Там загінулі 45 тысяч савецкіх салдат, у тым ліку і дзве беларускія дывізіі.

Сёння спрабуюць апамятацца, спахапіцца… Ды запозна. Развал. Без грунтоўных асноў у будыніну не падапрэш. Імперскія сцены рушацца. Людское, чалавечае ўзнаўленне сем’яў, родаў – цяпер падсякае ўжо ментальнасць знявер’я. Імперская ментальнасць засталася, каб загрэбсці, пажадана спажыць і выкінуць, як абгрызлую костку, захопленыя землі, рэсурсы – матэрыяльныя, людскія… Адкуль жа брацца той дужасці і моцы, каб развівацца народу? Калі падсякаюць карані гістарычнай памяці, мовы – гэтых найпершых чыннікаў нацыянальнай самасвядомасці! 

Дзіву даюся, калі ў Магілёве, дзе пражывае каля 400 тысяч чалавек, сёння створаны толькі адзін беларускамоўны клас, дзе вучацца два вучні –  хлопчык і  дзяўчынка. Што гэта? Чаму так здарылася? Можа таму, што побач дыхае імперыя зла? Ці можа тая віхравая бура з імперыі зла лезе на нашу зямлю і палохае нас? І папярэджвае, што будзе працяг высяленню ў Сібір. Але гэтага ўжо не будзе. Імперскаю ментальнасцю нас не запалохаць. Ніколі і нідзе!..

Сяргей Чыгрын

05.10.2017

праваабарончыя сайты