Навіны

Лекцыя па анархізме – у міліцэйскім пастарунку

Гарадзенскія студэнты і актывісты правялі больш за 5 гадзін у пастарунку Ленінскага РАУС Гародні замест лекцыі расейскага філосафаі дацэнта Пятра Рабава, якая мусіла адбыцца ў Цэнтры гарадскога жыцця. У памяшканне Цэнтра ўварваліся людзі ў масках без усялякага папярэджання і затрымалі ўсіх яе ўдзельнікаў.

Пра падзеі распавядае  супрацоўнік Цэнтра гарадскога жыцця Сяргей Герман:

– Лекцыя толькі пачалася, як уварваліся супрацоўнікі АМАПу Ленінскага РАУСа. Прыпынілі лекцыю. Нікога, канешне, не вязалі. Пасля завезлі нас без тлумачэнняў прычын, без тлумачэння хто яны такія ў Ленінскі РАУС. Кіраваў імі чалавек у цывільным з закрытым тварам. Мне інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якое адбылося ў  памяшканні.

Для Пятра Рабава, які хацеў прачытаць у Гародні лекцыю пра лібертарыянства, затрыманне і пяць гадзін ў пастарунку былі вялікім здзіўленнем:

– Я думаю, што іх напалохала страшнае слова “анархія”. Яны ў мяне забралі 11 кніжак, дзе ёсць гэтае страшнае слова. Наколькі я разумею, ніякіх асабіста мне, на шчасце, адміністрацыйных і крымінальных спраў не пагражае. Спачатку нас вінавацілі ў правядзенні мітынгу. Яны казалі, што ўсё трэба ўзгадняць, і, прывозячы нейкую кнігу, трэба даведвацца ці не забаронена яна ў Беларусі. Тады трэба проста зачыніцца ў пакоі і нікуды не выходзіць, бо паездка ў іншы горад, лекцыя і распаўсюд кніг, якія ты купіў у Расейскай Федэрацыі, ужо можа быць падсуднай справай.  

Пётр Рабаў ужо неаднаразова да гэтага наведваў Беларусь. Удзельнічаў у розных анархічных і антыядзерных акцыях і быў неаднаразова затрыманы як у Расеі, так і ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/lektsyya-pa-anarkhizmu-u-militsejskim-p/

10.10.2017

праваабарончыя сайты