Навіны

Акцыя супраць смяротнага пакарання ў Гародні

Інфармацыю пра смяротнае пакаранне ў Беларусі, а таксама аргументы супраць яго, распаўсюдзілі гарадзенскія сябры праваабарончых арганізацый. Вулічная акцыя была плённай. Больш за тысячу буклетаў супраць смяротнага пакарання атрымалі гарадзенцы.

Гэтая акцыя прайшла ў рамках агульнанацыянальнага  “Тыдня супраць смяротнага пакарання” ў людных месцах Гародні.

Кажа сябра Праваабарончага цэнтра „Вясна” Віктар Сазонаў:

– На свае вочы пабачылі, што многія абсалютна неадукаваныя. Крычаць, што смяротнае пакаранне патрэбнае. Але калі ім пачынаеш прыводзіць аргументы пра тое, што ёсць, напрыклад, судовая памылка, то людзі пачынаюць задумвацца. 

„Тыдня супраць смяротнага пакарання” яўна недастаткова, каб праясніць грамадзянам Беларусі аргументы за адмену практыкі вышэйшай кары. Кажа Эдвард Дмухоўскі з камітэту рэпрэсаваных „Салідарнасьць”.

– Людзі не гатовыя да адмены смяротнага пакарання. Вельмі агрэсіўныя. І пераважна – гэта кабеты сталага ўзросту. Яны проста табе ў спіну крычаць, што трэба расстрэльваць людзей. У нашым грамадстве вельмі шмат штампаў. Першы міф пра нашае грамадства, што мы быццам вельмі талерантныя. Ніякія мы не талерантныя. Мы мусім  павярнуцца да гуманізму. Хадзіць у царкву і касцёл і слухаць, што кажа святар, а не рабіць выгляд, што мы туды ходзім. А калі мы туды не ходзім, то папросту трэба быць гуманістамі. Чалавечае жыццё Бог даў і толькі Бог можа яго забраць. Не чалавек.

Праваабаронцы перакананы, што большае інфармаванне грамадзянаў і шырокая дыскусія можа змяніць стаўленне масаў да смяротнага пакарання. Але, канешне, застаецца прасцейшы шлях: валявое рашэнне кіраўніка дзяржавы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/aktsyya-suprats-smyarotnaga-pakarannya-u/

10.10.2017

праваабарончыя сайты