Навіны

Сьледчыя завялі крымінальную справу аб сьмерці вайскоўца пад Барысавам. Падазраюць «дзедаўшчыну»

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці распачалокрымінальную справу па факце сьмерці вайскоўца Аляксандра Коржыча, які нібыта павесіўся 3 кастрычніка ў вайсковай частцы ў Барысаўскім раёне.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік прэсавай службы СК Сяргей Кабаковіч.

«Падкрэсьліваю, што справа заведзеная ў тым ліку таму, што гэта дае магчымасьць паўней выкарыстаць усе сродкі для праверкі розных вэрсіяў», — сказаў Сяргей Кабаковіч.

Паводле Сьледчага камітэту, крымінальная справа заведзеная паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага 3 часткай артыкула 443 КК — парушэньне статутных правіл узаемаадносін вайскоўцаў, якое мела цяжкія наступствы.

Сяргей Кабаковіч са Сьледчага камітэту сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў межах крымінальнай справы пакуль няма затрыманых. Пры гэтым, паводле сьледчых, «прымаюцца ўсе меры да выяўленьня рэальнага стану рэчаў з вайсковай дысцыплінай у дадзенай вайсковай частцы».

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Пячах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

9 кастрычніка ў Мінабароны Беларусі Свабодзе сказалі, што ўсе іншыя вэрсіі сьмерці Аляксандра Коржыча, акрамя суіцыду, грунтуюцца на чутках.

Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі цела загінулага, на якіх відаць вялікія гематомы. Сям'я і сябры ня вераць у афіцыйную вэрсію і дабіваюцца расьсьледаваньня.

10.10.2017

праваабарончыя сайты