Навіны

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Чаму замоўчваецца інфармацыя пра няштатныя сытуацыі на будаўніцтве АЭС? Куды Беларусь будзе дзяваць электраэнэргію? Дзе будуць захоўвацца радыеактыўныя адкіды? Ці атрымаецца хоць нешта прадаць Эўразьвязу ці Расеі? Чаму абслугоўваць рэактар будуць не беларускія, а чужыя кадры?

Свабода з дапамогай афіцыйных прадстаўнікоў і незалежных экспэртаў шукала адказы на вострыя пытаньні.

 

1. Чаму замоўчваецца інфармацыя пра няштатныя сытуацыі пры будаўніцтве АЭС?

10 ліпеня 2016 году пры мантажы корпус рэактара сарваўся і ўпаў з вышыні 4 мэтры. На корпусе зьявілася ўвагнутасьць. На самой станцыі інфармацыю пра гэта доўга хавалі, але праз два тыдні яна трапіла ў СМІ.

На афіцыйным сайце БелАЭС пра інцыдэнт паведамілі 26 ліпеня — праз 16 дзён пасьля здарэньня. Афіцыйная вэрсія — корпус «прасьлізнуў па стропах і даткнуўся зямлі».

8 жніўня 2016 году Расатам паабяцаў замяніць корпус рэактара. Але пры транспартаваньні новага корпусу па чыгунцы 26 сьнежня 2016 году адбылося новае надзвычайнае здарэньне — кажух корпусу рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі.

Тым ня менш гэты новы корпус рэактара ўсё ж усталявалі на першым блёку АЭС.

У СМІ паведамлялася прынамсі пра дзясятак няшчасных выпадкаў і тры сьмерці рабочых на будоўлі. 12 ліпеня 2015 году пасьля мантажу апалубкі з вышыні 15 мэтраў упаў бэтоншчык. 20 кастрычніка 2015 году пры падобных абставінах разьбіўся цясьляр. Паводле афіцыйнай вэрсіі, абодва не карысталіся поясам бясьпекі. 26 жніўня 2016 году на будоўлі другога энэргаблёку з вышыні 60 мэтраў на мантажніка зваліўся кіслародны балён. Грамадзянін Украіны быў сьмяротна траўмаваны. Потым зьяўляліся яшчэ чуткі пра сьмерці на будоўлях, але кіраўніцтва АЭС іх абвяргала.

На пытаньне Свабоды, чаму інфармацыя пра ўсе згаданыя выпадкі зьяўляецца зь вялікім спазьненьнем, пасьля таго як абрасьце чуткамі, начальнік упраўленьня інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Эдуард Сьвірыд адказаў так:

Эдуард Сьвірыд

Эдуард Сьвірыд

«Інфармацыю пра ахвяры мы не хаваем. Публікуем яе і ў сваіх прэсавых рэлізах. За ўвесь час будаўніцтва было тры выпадкі гібелі рабочых.

Пра інцыдэнт з корпусам мы адкрыта напісалі — што здарылася, як. Тым больш, корпус рэактара замянілі.

Што да інцыдэнту пры транспартаваньні, вага гэтага прадмета, які называецца „корпус рэактара“, — больш за 300 тон. Лякаматыў рухаўся з хуткасьцю 3 км у гадзіну. Ня тое што ён урэзаўся на вялікай хуткасьці. Дый нават слуп параўноўваць з такім вырабам неяк „недарэчна“. Тым ня менш быў невялікі дотык. Быў пашкоджаны ахоўны кажух, на ім невялікая ўмяціна. Корпус ня быў пашкоджаны.

А грамадзкасьць і некаторыя СМІ ўпускаюць такі факт, што мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем з МАГАТЭ і пастаянна інфармуем міжнароднае агенцтва пра ўсе інцыдэнты», — кажа Эдуард Сьвірыд.

 

2. Дзе будуць захоўвацца радыеактыўныя адкіды?

Адпрацаванае паліва будзе вяртацца ў Расею, а радыеактыўныя адкіды будуць захоўвацца ў Беларусі, на тэрыторыі атамнай станцыі, патлумачыў Свабодзе начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд:

«Адпрацаванае ядзернае паліва зьмесьцяць у так званы „басэйн вытрымкі“, які знаходзіцца ў будынку рэактара. Там паліва астыне, крыху страціць сваю радыеактыўнасьць. А пасьля яго павязуць на перапрацоўку ў Расею. Тут вельмі важна адрозьніваць: адпрацаванае ядзернае паліва не зьяўляецца радыеактыўнымі адкідамі, таму што гэта, па сутнасьці, уся табліца Мендзялеева. Там маса элемэнтаў, якія яшчэ можна выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы, навуцы, у ядзернай прамысловасьці. У Расеі ёсьць адмысловы завод, дзе гэтае паліва разьбяруць на складнікі, будуць вырабляць зь яго новае паліва, таму што ўран ня ўвесь выгарае».

А вось радыеактыўныя адкіды — гэта тое, што нельга выкарыстоўваць другі раз: спэцадзеньне, інструмэнты, якія пабывалі ў радыеактыўнай зоне, расходныя матэрыялы, пракладкі, вэнтылі, — тлумачыць Эдуард Сьвірыд:

«Спачатку ўсё гэта сартуецца па агрэгатных станах, здрабняецца, зьмяшчаецца ў адмысловыя ёмістасьці, прэсуецца, заліваецца бэтонам. Сховішча для радыеактыўных адкідаў, дзе гэтыя кантэйнэры будуць захоўвацца, разьмесьціцца на самой станцыі.

Задача — зьмясьціць радыеактыўныя адкіды ў бясьпечную форму захаваньня, каб не разьвеяла ветрам, не размачыла вадой. За адзін год атрымліваецца ня больш за 1 кубамэтар высокаактыўных радыеактыўных адкідаў з аднаго энэргаблёку. Гэта нікому не патрэбна і застанецца нам».

Менскі энэргетычны форум. Макет, які дэманструе бясьпечнасьць Беларускай АЭС

Менскі энэргетычны форум. Макет, які дэманструе бясьпечнасьць Беларускай АЭС

Галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар у афіцыйным адказе Эўрарадыётаксама пацьвердзіў, што высокаактыўныя радыеактыўныя адкіды не падлягаюць перапрацоўцы і будуць захоўвацца на атамнай электрастанцыі на працягу ўсяго пэрыяду яе эксплюатацыі — маўляў, гэта ўсясьветная практыка.

А вось незалежны экспэрт у галіне энэргетыкі, які прасіў не называць яго прозьвішча, сьцьвярджае, што ў Беларусі будзе тры магільнікі ядзерных адкідаў:

«Адзін зь іх непасрэдна пры рэактары — для высокаактыўных элемэнтаў, другі — для нізкаактыўных, і трэці магільнік будзе для таго паліва, якое „зьезьдзіць“ у Расею, там зь яго „забяруць“ уран і плютоній, а ўсё астатняе (цэзій, стронцый) — вернуць нам (як зараз у Чарнобыль павінны вярнуць паліва, якое некалі ўтылізавалі ў Расеі). Калі я задаў пытаньне адной зь кіраўніц Міністэрства прыродных рэсурсаў, ці чула яна пра гэта, што ўжо праектуюць гэтыя магільнікі, у яе былі круглыя вочы».

Паводле незалежнага экспэрта, такія аб’екты нельга праектаваць без грамадзкага абмеркаваньня, без сур’ёзных разьлікаў. Тым больш што скальнага грунту ў Беларусі няма, у асноўным тут рыхлы грунт. Да таго ж любы тэхналягічны аб’ект — небясьпечны, ня кажучы ўжо пра АЭС:

«Атамны рэактар усё адно выпраменьвае, скажам так, пэўныя праблемы ў навакольнае асяродзьдзе. Паверце, некалі сховішча, дзе абслугоўвалі ядзерныя боепрыпасы, хацелі аддаць пад сельскагаспадарчыя патрэбы, вырошчваць грыбы-вешанкі. Але прыйшлі спэцыялісты і сказалі, што ёсьць такое паняцьце: наведзеная на элемэнты глебы радыяцыя. Ёсьць грунтовыя воды, ёсьць глеба вакол аб’екта — усё адно наступствы застануцца».

Менскі энэргетычны форум

Менскі энэргетычны форум

 

3. Куды Беларусь будзе дзяваць электраэнэргію, выпрацаваную АЭС?

На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт.

Паводле дырэктара Інстытуту энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Антона Грыня, у 2016 годзе Беларусь спажыла 36 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін — на дадатак да гэтых 36 мільярдаў.

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд кажа, што асноўная мэта будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі — гэта праца на беларускі рынак. І засяроджвае ўвагу на дывэрсыфікацыі энэргарэсурсаў:

«У Беларусі каля 95% — гэта электраэнэргія, якая выпрацоўваецца на цеплавых электрастанцыях з дапамогай спальваньня газу. Таму асноўная задача Беларускай АЭС — з гэтых 95% адрэзаць кавалак каля 30%, і гэта будзе атамная генэрацыя. Такім чынам, мы скароцім долю газавай генэрацыі за кошт атамнай энэргетыкі. А куды будзем дзяваць лішкі — прыдумаем, час яшчэ ёсьць. Наша справа — вырабіць».

Перад Інстытутам энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пастаўлена задача — распрацаваць прапановы, што яшчэ ў краіне можна электрыфікаваць, кажа дырэктар інстытуту Антон Грынь:

Антон Грынь

Антон Грынь

«Адна з нашых прапаноў навідавоку — гэта электратранспарт. Гэта самае простае, што можна прыдумаць.

Другая прапанова — пераход на электрыфікаванае шматкватэрнае жытло. То бок адмовіцца ад газу — праводзіць толькі электрычнасьць і водаправод, адмовіцца ад цепласетак. Такі пілётны праект Акадэмія навук падрыхтавала, будзем рэалізоўваць у наступным годзе.

Ёсьць яшчэ прапанова — інфрачырвоныя выпраменьвальнікі ставіць, выкарыстоўваць электраэнэргію для цеплавога абагрэву. Яны вельмі эфэктыўныя і пэрспэктыўныя.

Можна ўкараняць электракатлы, каб не залежаць ад газу. Па-першае, гэта бясьпечна, бо газавыя катлы выбухованебясьпечныя, да таго ж трэба шмат узгадненьняў. А тут у разэтку ўключыў — і ўсё.

Але галоўная праблема — тарыфы. Калі яны будуць зьніжацца, гэтыя тэхналёгіі будуць разьвівацца».

Выходзіць, што раней усе казалі пра эканомію электраэнэргіі — у Беларусі дзейнічае Дзяржаўная праграма «Энэргаашчаджэньне» на 2016–2020 гады. А цяпер задача пастаўлена зусім іншая — спажываць як мага больш.

Незалежны экспэрт у галіне энэргетыкі, сябра грамадзкай кансультацыйна-экспэртнай рады пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, які папрасіў не называць ягонага імя, кажа, што ёсьць асноўнае і ключавое пытаньне: як транспартаваць электраэнэргію ўнутры Беларусі?

«Цяперашняя сеткавая інфраструктура не адпавядае тым аб’ёмам і маштабам, якія чакаюцца. А для таго каб стварыць новую інфраструктуру і рэканструяваць тое, што сёньня працуе, трэба ўкласьці як мінімум паўмільярда даляраў.

Да таго ж у Беларусі няма ніякіх сыстэм акумуляваньня электраэнэргіі. Некалі ў Літве для Ігналінскай станцыі была такая гідрасыстэма, калі на вышыню каля 60 мэтраў вышэй за ўзровень вады магутнымі энэргаёмістымі помпамі напампоўвалася вада, а раніцай, калі прамысловасьць пачынала працаваць, гэтая вада праз гідратурбіны вяртала энэргію ў сетку. Але такія акумуляцыйныя сыстэмы — гэта яшчэ 2 мільярды даляраў плюс», — кажа экспэрт.

Менскі энэргетычны форум. Макет, які дэманструе бясьпечнасьць Беларускай АЭС

Менскі энэргетычны форум. Макет, які дэманструе бясьпечнасьць Беларускай АЭС

 

Незалежны экспэрт у галіне энэргетыкі скептычна паставіўся і да прапановы замяніць газавыя катлы на электранагравальныя і ў прамысловасьці, і ў дамах беларусаў:

«Хто іх будзе вырабляць? Дзе браць грошы на замену? Я пакуль усё ў эканоміку перавожу. Бытавыя электракатлы — гэта таксама ня выйсьце. Таньней за газавыя яны ня будуць, а толькі даражэй. Як прымусіць людзей купіць электракатлы? І адкуль у людзей грошы?

Па-другое, пастаўкі газу нам Расея рэзка ня зьменшыць, таму што ў нас ёсьць дамоўленасьці, падпісаныя на шмат гадоў наперад».

 

4. Ці ўдасца хоць нешта прадаць Эўразьвязу ці Расеі?

Калі пачыналі будаваць атамную электрастанцыю, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «гэта будзе камэрцыйны праект. Мы будзем прадаваць электраэнэргію, акупляць будаўніцтва і зьмяншаць тарыфы для свайго насельніцтва». Меркавалася, што лішкі электраэнэргіі Беларусь будзе прадаваць суседзям — у Польшчу і краіны Балтыі.

Але Польшча і Літва ўжо адмовіліся купляць энэргію, таму што, на іх погляд, у Беларусі будуюць небясьпечную АЭС.

Незалежны экспэрт кажа:

«У Літве прыняты закон — не прэзыдэнтам Даляй Грыбаўскайце, яна толькі палітычны вяшчальнік, а закон прыняты — што літоўцы ў нас купляць электраэнэргію не зьбіраюцца. Гэта палітычнае пытаньне.

А цяпер пра эканоміку. Міністар энэргетыкі Літвы пытаецца: „Вы нам па якой цане гатовыя прадаваць электраэнэргію? Вось нам швэды праз падводны кабэль, пракладзены па дну Балтыйскага мора, прадаюць электраэнэргію па 3 цэнты за кіляват-гадзіну. А вы па якой цане?“ Нямая сцэна.

Палякі кажуць: а навошта нам ваша электраэнэргія? У нас сваёй хапае. Эўропа бурна разьвівае аднаўляльныя крыніцы энэргіі. І Швэцыя прадае так танна электраэнэргію не таму, што яна такая добрая, а таму, што ў іх шмат энэргіі з аднаўляльных крыніц. У Нарвэгіі ветрапаркі стаяць і афшорныя ў акіяне, яны зарабляюць на гэтым.

Але геапалітыка мяняецца. Зараз хтосьці кажа, што дамовіліся з Расеяй, і расейцы ў гадзіны начнога „правалу“ гатовыя будуць у нас купляць электраэнэргію. Але гэта ўсё словы. За час будаўніцтва электрастанцыі ніводнага пратаколу аб намерах, ніводнай дамовы аб продажы электраэнэргіі няма», — кажа незалежны экспэрт у галіне энэргетыкі.

Нават калі б заходнія краіны і пагадзіліся купляць беларускую электраэнэргію, ня ўсё так тэхнічна проста, тлумачыць дырэктар Інстытуту энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Антон Брынь:

«Каб прадаваць электраэнэргію на Захад, трэба, каб былі аднолькавыя частоты ў Беларусі і ў Польшчы. Каб мы маглі працаваць, так бы мовіць, у адной фазе. А тут ёсьць праблемы: Эўропа працуе крыху па іншым графіку. Для таго каб перадаваць электраэнэргію, трэба будзе на мяжы ўсталёўваць устаўкі, якія будуць трансфармаваць нашу частату току ў частату току для Эўразьвязу. Гэта рэальна, але гэта даволі дорага. І хто гэта будзе рабіць? Пытаньне».

Беларуская АЭС

Беларуская АЭС

 

5. Чаму напачатку абслугоўваць АЭС будуць чужыя кадры?

У Беларусі ёсьць Дзяржаўная праграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энэргетыкі на 2008–2020 гады. Замоўнікі праграмы — Мінэнэрга, МНС, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды, Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржстандарт ды іншыя — усяго амаль два дзясяткі ўстаноў, уключна з КДБ.

Пастаўлена задача — паступова падрыхтаваць сваіх спэцыялістаў. Хоць на пачатку працы без замежных ніяк не абысьціся.

Кадры для АЭС рыхтуюць чатыры профільныя ВНУ: БДУ, БНТУ, БДУІР, Сахараўскі экалягічны ўнівэрсытэт, кажа Эдуард Сьвірыд:

«Ужо прыйшоў чацьвёрты ці пяты выпуск фізыкаў-ядзершчыкаў. Нам даюць самых лепшых. Сярэдні бал у дадатку да дыплёму — 8,9. Хлопцы прыходзяць — супэрпадрыхтаваныя! Але гэта не азначае, што такія таленавітыя хлопцы з чырвоным дыплёмам прыйдуць, і іх адразу ж пасадзяць кіраваць атамным рэактарам. Яны павінны прайсьці вельмі доўгі час навучаньня і трэніроўкі — у нашым вучэбна-трэніровачным цэнтры, дзе ёсьць поўнамаштабны трэнажор блёчнага пункту кіраваньня. Пульт адзін да аднаго супадае з рэальным пультам — аж да колеру кнопак. Але ён зьвязаны не з рэактарам, а з кампутарнай мадэльлю, якая дазваляе адпрацаваць магчымыя і немагчымыя сытуацыі.

Наш супрацоўнік павінен прайсьці ўсе прыступкі кар’ернай лесьвіцы, а гэта займае 8–10 гадоў».

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт — адна з «кузьняў кадраў» для атамнай станцыі. Але прахадныя балы на адмысловыя факультэты ня надта высокія. На спэцыяльнасьць «будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый» прахадны бал на бюджэт у 2017 годзе быў 196, у 2016 — 152. На спэцыяльнасьць «паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый» прахадны бал сёлета быў 241, летась — 229 з 400. Конкурс на абедзьве «атамныя» спэцыяльнасьці ледзьве перавышаў аднаго чалавека на месца.

А пакуль на працу прымаюць працаўнікоў з вопытам працы на дзейных атамных станцыях — з Украіны, Расеі, Літвы. Вяртаюцца і этнічныя беларусы, якія працавалі на іншых АЭС. Да прыкладу, цяперашні галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар працаваў на многіх станцыях, апошняе ягонае месца працы — Балакоўская АЭС у Расеі.

На думку незалежнага экспэрта ў энэргетычных пытаньнях, усё ў чужых руках — праектавалі АЭС расейцы, яны фінансуюць, будуюць, абяцаюць паставіць першасныя кадры:

«Ня нашы кадры спачатку там будуць працаваць. Нашы кадры ні ў якім разе запускаць туды нельга. Яны ж толькі што скончылі ВНУ. Таму будуць кітайцы, французы, літоўцы, расейцы, немцы, якія закрываюць свае атамныя станцыі. Мы вымушаны будзем запрашаць спэцыялістаў, якія ўмеюць працаваць, але яны часовыя людзі, яны чужыя. Яны будуць зарабляць добрыя грошы — і ім трэба будзе плаціць прыстойна. Але яны ня будуць зацікаўленыя ў выніках сваёй працы. Адчуваньне такое, што Міністэрства энэргетыкі ня чуе, што мы з газавага кручка Расеі пераскокваем на кручок ядзерны».

***

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.

Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ праектнай дакумэнтацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі. На думку экспэртаў, кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца будаўніцтва прыкладна за 20 гадоў.

https://www.svaboda.org/a/28788108.html

12.10.2017

праваабарончыя сайты