Навіны

170 гадоў з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча

Грамадска-палітычны дзеяч Эдвард Вайніловіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 г. у маёнтку Вялікая Сляпянка (цяпер у межах Мінску). Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду гербу “Сыракомля”. Выявіў сябе як вернік, сумленны і працавіты чалавек, як абаронца права прыватнай уласнасці і патрыёт Беларусі. Атрымаў тэхнічную і сельскагаспадарчую адукацыю (у тым ліку за мяжой), але хутка пачаў займацца ў сваім маёнтку сельскагаспадарчай вытворчасцю, грамадскай і дзяржаўнай службай у Слуцкім павеце. Абіраўся сябрам дабрачыннага таварыства, па прызначэнні расійскіх улад быў шматгадовым ганаровым міравым суддзём Слуцкага павета і дэпутатам дваранства. Быў апекуном над маяратамі малалетняга князя Альбрэхта Радзівіла, фінансаваў разам з іншымі будаўніцтва камерцыйнай вучэльні ў Слуцку, арганізоўваў сельскагаспадарчыя выставы.

Уступіў у 1878 г. у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, стаў яго віцэ-старшынём, а ў 1907-1921 гг. старшынём. З 1888 г. фактычна быў кіраўніком Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, вывеў яго ў шэрагі самых эфектыўных гаспадарчых арганізацый. Дзякуючы Вайніловічу Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі стала ўзорным і цэнтральным у літоўска-беларускім краі. У канцы XIX-пач. XX ст. стаў неафіцыйным лідарам карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран літоўска-беларускіх губерняў.

У 1905-10 гг. на свае грошы пабудаваў у Мінску велічны каталіцкі касцёл Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у памяць пра сваіх заўчасна памерлых дзяцей. Быў каталіком, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення, будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэта абароны праў яўрэяў і татараў у Клецку.

У 1906 г. адмовіўся ад прапанаванай Сталыпіным пасады намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі. Стаў адным з лідараў ліберальна-кансерватыўнага кірунку “краёвасці” і першым старшынём Краёвай партыі Літвы і Беларусі, выступаў за аўтаномію свайго краю ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, ліквідацыю сялянскага малазямелля, развіццё сістэмы бясплатнай пачатковай адукацыі, роўнасць народаў, моў, культур, канфесій. Вялікім дасягненнем дзейнасці Вайніловіча ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі было ўвядзенне расійскім урадам у 1911 г. земстваў, што паспрыяла эканамічнаму і культурнаму развіццю. У час першай сусветнай вайны дапамагаў бежанцам, ахвярам вайны, захоўваў эвакуяваную пародзістую жывёлу, арганізаваў дагляд за прыватнымі гаспадаркамі, чым памяншаў страты ад вайны. Пасля расійскай Лютаўскай рэвалюцыі станоўча ўспрыняў працэс палітычнага самавызначэння беларусаў. Падтрымліваў свайго паплечніка Рамана Скірмунта. Пазней падтрымаў у лістападзе 1918 г. ідэю адраджэння ВКЛ пад нямецкай апекай. Пасля захопу ў ліпені 1920 г. бальшавікамі беларускіх зямель назаўсёды змушана пакінуў родныя мясціны і пераехаў у польскі Бзовец. У снежні 1921 г. вырашыў асесці ў Быдгашчы, адышоў ад палітычнай дзейнасці. Выступаў супраць палітыкі паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Польшчы і выказваўся у падтрымку развіцця беларускамоўнай культуры. Да канца жыцця быў прыхільнікам злучэння разам усіх беларускіх зямель, стварэння польска-беларускай федэрацыі.

Памёр Эдвард Вайніловіч у Быдгашчы 16.06.1928 г., пахаваны сябрамі і сваякамі з вялікай пашанай. 11 чэрвеня 2006 г. труна з парэшткамі ўрачыста перапахавана ў Мінску каля Чырвонага касцёла. 

 

 

13.10.2017

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты