Навіны

Рэанімацыя вёскі

Прывёз у родную вёску штыхеткі. Можа гэта іранічнае дапушчэнне, як мая неверагодная ўява кола гадоў, кола часу, так падбадзёрыла мяне пашчыраваць каля роднага бацькоўскага двара, дзе паабапал вуліцы стары штыхетнік дашчэнту падгніў, збуцьвеў, спрах. Ды і самому неяк было брыдкавата праязджаць па адной з вуліц, дзе быў збуцьвелы штыхетнік. Бог ты мой, а колькі сёння такіх гнілых платоў са старым штыхетнікам у беларускіх вёсках, а колькі пустых хат, якія глядзяць на цябе вокнамі-вачыма і нібы просяць: зайдзі ў хату, запалі печ, абагрэй нас цёплым агнём ад бярозавых дроў. Тысячы, тысячы пустых хатаў і мільёны, мільёны спарахнелых штыхетнікаў…

Знайшоў час і абгарадзіў плот. Цяпер любуюся ім, а ён – цешыцца мной. Іду вуліцай, абгароджанай новым штыхетнікам, а на вуліцы – ні душы. Пустыя хаты адна за другой, нават весніц у іхнія падворкі ўжо не робяць – суцэльны плот!

Рэанімацыя вёскі… Ці ажыве яна з дапамогай новых платоў, знешне, вонкава ўсё гэта.Тры штыхеціны жоўтыя, далей тры зялёныя, тры жоўтыя – тры сінія. А варотаў, весніц няма – на той выпадак, калі б гаспадары-прывіды ноччу ўздумалі завітаць у свае хаты. Хоць ты праз комін прабірайся.

Яшчэ чвэрць веку назад ніхто нават падумаць не змог бы, што такое здарыцца з усёй вёскай, што выберацца яна амаль хата ў хату на новае прыстанішча. Вёска мае цяпер – на мясцовым пагосце. І дзядзькі, і цёткі, і дзядулі з бабулямі. Якіх я ведаў і добра памятаю да сённяшніх дзён. А колькі там маіх равеснікаў і маладзейшых за мяне… З аднымі я тут рос-падрастаў, гуляў у лапту, футбол, пасвіў кароў, ездзіў на роварах, купаўся. І цяпер нават мог бы адрозніць кожнага з равеснікаў-падлеткаў, з дзядзькоў ды цётак па голасу, па постаці. Яны жывуць ува мне, пакуль сам дыбаю на гэтым свеце. А потым што – небыццё? Прадонне? Нішто не падлягае ўваскрашэнню, як гэтая вёска – рэанімацыі.

Моўчкі пахадзіў па вёсцы. Вось там стаяла хата бабы Сані. Яна адна выхавала пяцёра сыноў і дачку. Бо яе мужа адразу пасля вайны закатавалі савецкія партызаны за сувязь з беларускай партызанкай. А вось там жылі дзед Іван і дзед Фёдар. Падчас вайны яны пераапрануліся ў жаночае адзенне і пяшком з Польшчы, з граблямі і віламі за плячыма, прыйшлі дамоў. Калі дзед Фёдар лічыўся удзельнікам вайны, дык дзед Іван нават ніколі не хадзіў у ваенкамат, бо баяўся, што арыштуюць і вышлюць у Сібір за тое, што ўцёк з вайны. А там стаяла хата дзеда Агустына. Усё жыццё ён карыстаўся толькі двума адрыўнымі віленскімі беларускімі календарамі 1936 і 1939 гадоў. І вяскоўцы заўсёды ў яго пыталіся, калі якія святы. І ён ведаў, і з радасцю іх распавядаў…

Іду па вёсцы… моўчкі… І куды гэта я? Сярэдзіна кастрычніка. Цяплынь. Вызарылася неба. Нязменна адна толькі Мядзведзіца. Вялікая з Малой кружаць, як на нябачнай прывязі, вакол Паўночнай зоркі. Яны, пэўна, толькі адны-адзіныя застануцца сведкамі мімалётнага жыцця роду чалавечага…  

Сяргей Чыгрын

15.10.2017

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты