Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Янкі Тарасевіча

Беларускі культурніцкі дзеяч, выдавец, публіцыст, хрысціянскі духоўнік Янка Тарасевіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1892 года ў вёсцы Клешнякі Лідскага павету (цяпер Шчучынскі раён). Паходзіў з сялянская сям’і Міхаіла Тарасевіча і Хрысціны з дому Рамашкевічаў.

Пачатковую адукацыю Янка Тарасевіч атрымаў у Бакштах і Васілішках, што на Шчучыншчыне. У 1911 годзе маладым хлопцам выехаў у Амерыку і жыў там стала. Працаваў на розных фабрыках і прадпрыемствах і паралельна займаўся самаадукацыяй. Жыў у мясцовасці Нэшуа (штат Нью-Хэмпшыр), дзе працаваў падмятальшчыкам на фабрыцы бавоўны, пасля перайшоў на працу ў абутковую майстэрню. У 1912 годзе ўступіў у ордэн Салятынаў. Вучыўся далей у Хартфордзе (штат Канектыкут). Вышэйшую тэалагічную адукацыю пачынаў атрымліваць у Канадзе – у Манрэалі, навучаўся там у 1917-18 гадах. Потым цягам 1919-1925 гадоў вучыўся ў швайцарскім Фрыбургу. Яшчэ ў 1923 годзе рукапакладзены ў святары. Стаў доктарам тэалогіі. Абараніў дысертацыю на тэму: “Пакора паводле Тамаша Аквінскага”. Пасля выкладаў у духоўнай семінарыі ў штаце Нью-Ёрк. Вёў на беларускай мове касцельныя набажэнствы, выступаў з публічнымі лекцыямі на беларусазнаўчыя тэмы.

У 1927 годзе Янка Тарасевіч у Нью-Ёрку пачаў выдаваць газету “Праўда”. Аднак выйшаў толькі адзін яе нумар. Выдаваў у 1930-1940-ыя гады ангельска-расейскі часопіс “Голос церкви”. У 1936 годзе з дазволу Ватыкана перайшоў у іншы каталіцкі ордэн – Бенедыктынаў. З 1937 года працаваў у манастыры Святога Пракопа каля Чыкага. Разам з Язэпам Варонкам і Язэпам Рэшацем у 1941 годзе стаў адным з заснавальнікаў “Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады”, у 1941-48 гадах быў старшынём гэтай арганізацыі. Разгарнуў шырокую беларускую асветніцкую працу пасля другой сусветнай вайны. Стварыў у Чыкага першую беларускую парафію Хрыста Збаўцы. Цягам многіх гадоў (1952-1961) выдаваў газету “Лісток к беларусам”.

Неаднаразова Янка Тарасевіч прыязджаў з эміграцыі і наведваў родную зямлю – 1921, 1924, 1935, 1967-68 гадах. Кожны яго прыезд на Бацькаўшчыну з-за беларускасці святара быў сполахам для уладаў i выклікаў незадавальненне касцельнага кліру. У 1935 г. яго нават папрасілі пакінуць межы Рэчы Паспалітай як грамадзяніна  ЗША, пра што сведчыла пастанова навагрудскага ваяводы Стэфана Свідэрскага.

Тарасевіч друкаваў свае вершы, апавяданні, эсэ, рэлігійна-асветніцкія артыкулы ў вядомых, пераважна беларускіх часопісах: “Хрысціянская думка”, “Божым шляхам”, “Голос церкви”, “Сяўбіт”. Пісаў мемуары і ў Вільні ў 1936 годзе выдаў свае ўспаміны пад назвай “На Бацькаўшчыну. Апісанне падарожжа з Амерыкі і назад”. Таксама ў Вільні выйшлі з друку ягоныя філасофска-тэалагічныя патрыятычныя трактаты “Зло і лякарства на яго” (1928 год), “Чалавек – шукальнік Бога” (1934 год), “Беларусы ў святле праўды” (1935 год).

Памёр Янка Тарасевіч 11 чэрвеня 1978 года ў сваім абацтве ў горадзе Лайл (штат Ілінойс, ЗША). Пахаваны на могілках бенедыктынскага кляштару Святога Пракопа ў Лайле. Духоўную справу яго працягвалі родны пляменнік Уладзімер Тарасевіч, які выехаў да дзядзькі ў Амерыку перад другой сусветнай вайной, а пазней стаў ведамым багасловам, беларускім рэлігійным дзеячам у эміграцыі, а таксама пляменніца Юзэфа Тарасевіч.

На фота: Адам Станкевіч, Янка Тарасевіч, Адольф Клімовіч

19.10.2017

Відэа

праваабарончыя сайты