Навіны

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці паводле справы Аляксандра Коржыча

Ананімная крыніца ва Узброеных сілах пагутарыла з журналістамі.

Цела шарагоўца Аляксандр Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале будынка медыцынскай роты. У падвале быў зламаны замок, таму ён не замыкаўся на ключ. Крыніца tut.by ва Узброеных сілах распавяла падрабязнасці таго, што адбылося ў Печах.

- На сёння затрыманыя 10 чалавек: 2 афіцэры - старшы лейтэнант Сукавенка і капітан Чыркоў, прапаршчык Артур Вірбал, 2 сяржанты 3-й школы - Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі, а таксама 5 сяржантаў 307-й школы (абвінавачванні затрыманым не выстаўленыя - заўв), - распавядае ананімная крыніца ва Узброеных сілах.

Загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі ў склепе 3 кастрычніка. Сашу знайшлі з майкай на галаве і звязанымі шнуркамі.

Затрыманні прайшлі не толькі ў 3-й школе, дзе служыў Саша Коржыч, затрымалі і сяржантаў з 307-й школы. Крыніца тлумачыць гэта так: вялікі адсотак вайскоўцаў з 3-й танкавай роты, куды пазней перавялі Сашу, у перыяд знаходжання ў роце маладога папаўнення былі якраз у 307-й школе. І пасля таго, як Следчы камітэт падключыўся да справы, усплыла інфармацыя, што з дзедаўшчынай жаўнеры ўпершыню маглі сутыкнуцца менавіта там.

- Коржыча знайшлі ў падвале, які не выкарыстоўваўся доўгі час, там проста чатыры сцяны і пустое памяшканне, - прадаўжае распавядаць крыніца.

Не раз гучала пытанне, калі Саша Коржыч знік 26 верасня, а цела знайшлі 3 кастрычніка, то дзе ён знаходзіўся ў гэты прамежак часу? Чаму ніхто не шукаў жаўнера? Крыніца тлумачыць гэта «збегам абставінаў». Калі Сашу прывялі ў медпункт, медсястра пакінула яго ў калідоры чакаць суправаджаючага, а сама адлучылася. Коржыч, хутчэй за ўсё, сам сышоў. Вярнуўшыся, медсястра не ўбачыла жаўнера і падумала, што яго забралі. У выніку ў падраздзяленні думалі, што ён у медыкаў, а медыкі меркавалі, што ён у падраздзяленні.

- Няма сэнсу ўтойваць - пэўнае службовае разгільдзяйства тут таксама мела месца. Хутчэй за ўсё, цела Сашы Коржыча знаходзілася ў склепе 8 дзён. Што тычыцца медсястры, яе звольнілі. Магу сказаць, медсёстры там моцна перагружаныя праз леташнюю аптымізацыю: з чатырох медпунктаў пакінулі два, але колькасць жаўнераў пры гэтым толькі вырасла, - прадаўжае распавядаць суразмоўца.

Пасля гібелі жаўнера ягоныя родныя распавялі, што ў Сашы вымагалі грошы, на ўсё была ўстаноўленая такса. Калі хоча патэлефанаваць дадому - плаці сяржанту, схадзіць у «чыпок» - зноў плаці.

- Як бы гэта непераканаўча не гучала, але з гэтым змагаюцца, і змагаюцца жорстка. Праблема ў тым, што армейскі маладняк маўчыць. Адны спадзяюцца, што пройдзе паўгода, і гэтыя ж бонусы ўжо пасыплюцца ім у кішэню. Яны стануць дзядамі і будуць мець грошы. Іншыя маўчаць, бо ёсць «кодэкс пацана», згодна з якім «стукаць подла». Калі б хоць адна траціна з іх не маўчала, гэтую заразу можна было б вырваць з коранем, - упэўнены суразмоўца. - Усе гэтыя грашовыя дачыненні не ў войску зараджаюцца, гэта ідзе з грамадзянкі. З інтэрнатаў, інтэрнату ПТВ, мікрагрупы дварова-вулічнага асяроддзя, дзе кіруе старшынство або фізічная сіла. Да таго ж, многія жаўнеры мелі прыводы ў міліцыю, ужо адноснай рэдкасцю становяцца прызыўнікі з поўнай сярэдняй адукацыяй.

- Вы ж самі іх набіраеце.

- Мы не маем права недабраць. Напрыклад, у 2012 годзе ў нас у краіне быў лішак прызыўнога рэсурсу, бо 20 гадоў таму быў дэмаграфічны бум, нарадзілася шмат хлопцаў. Дык вось, калі прыйшоў іх час служыць, для войска гэта былі мядовыя месяцы: з 14 тысяч мы маглі выбраць 8 тысяч годных. Гэта быў шыкоўны выбар. Цяпер сітуацыя іншая. Войска - гэта злепак грамадства, у якім усе ўласцівыя грамадству рысы адлюстраваныя напоўніцу, толькі больш канцэнтравана. Не бывае грамадства, якое складаюцца з д'Артаньяна, а войска - з нягоднікаў. І наадварот таксама не бывае.

- Ці можа сітуацыя кардынальна змяніцца пасля гібелі Сашы Коржыча?

- Гадоў пяць таму ў гэтай жа 3-й школе адбыўся выпадак, калі сяржанты вымагалі грошы за карыстанне мабільным тэлефонам, курсанты тады прамаўчалі, раз'ехаліся па войсках. А незадоўга да дэмбеля хтосьці прагаварыўся ў сябе ў частцы, сяржанты ўжо паспелі звольніцца ў запас і жылі спакойным жыццём, абзавяліся сем'ямі. Пачалася праверка, распачалі крымінальную справу, проста ў частцы зладзілі паказальны суд. Сяржантам далі па 5-6 гадоў пазбаўлення волі і паказалі людзям, што пакаранне можа прыйсці ў кожны момант, нават пасля звальнення ў запас. Бачыце, на пяць гадоў выстарчыла, і зноў за ранейшае. Людзей паказальныя суды, на жаль, не заўсёды спыняюць, кожны цешыцца надзеяй: гэта можа здарыцца з кім заўгодна, але толькі не са мной.

https://charter97.org/be/news/2017/10/20/266569/

21.10.2017

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты