Навіны

Праз завінавачанасць Лукашэнкі даходы могуць знізіцца яшчэ на траціну

Тэхнічны дэфолт магчымы ўжо ў наступным годзе.

Запазычанасць Беларусі перад Расейскай Федэрацыяй толькі за дзяржаўныя крэдыты на пачатак кастрычніка соссклала 6,5 мільярда даляраў. Такімі лічбамі збіраецца апераваць прэм'ер РФ Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні Еўразійскай міжурадавай рады.

Шмат гэта ці мала і колькі напраўду паспеў завінаваціцца рэжым Лукашэнкі ўсходняму суседу? На гэта і іншыя пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леанід Заіка.

- Наколькі лічбы Дзмітрыя Мядзведзева адпавядаюць рэчаіснасці?

- Так, гэта супадае з рэальнымі звесткамі. Я неаднаразова звяртаў увагу на тое, што блізу паловы замежнай дзяржаўнай запазычанасці нашай краіны складае завінавачанасць перад Расеяй. А статыстыка ўвесь час паведамляла, што дзяржаўная завінавачанасць складае 13,5 мільярдаў даляраў. Гэта значыць, гэтыя лічбы цалкам рэальныя і паказваюць на тое, што крэдытная залежнасць нашага кіраўніцтва ад усходняга суседа даволі высокая.

- Цікавы факт: сума золатавалютных рэзерваў Беларусі на пачатак кастрычніка складала блізу 7 млрд даляраў. Атрымліваецца, што РФ можа прэтэндаваць на практычна ўвесь «залаты запас пана-атамана»?

- Што тут можна сказаць? Магу толькі пацвердзіць гэтыя звесткі.

Хачу сказаць, што замежныя запазычанасці цяпер - гэта самае слабае месца ў беларускай эканоміцы. Тут яшчэ трэба памятаць пра «падводную частку айсберга»: калі непасрэдны абавязак урада складае блізу 13,5 мільярдаў даляраў, гэта значыць яшчэ і «пашыраная» запазычанасць урада, якая значна большая.

Многія беларускія прадпрыемствы бралі крэдыты ў банкаў і дзяржава гарантавала іх вяртанне. Прадпрыемствы сталіся стратнымі, і цяпер іх завінавачанаць даводзіцца вяртаць дзяржаве. Дык вось, гэтая «пашыраная» завінавачанасць урада - гэта ўжо не 13,5 мільярда, а ўсе 22 мільярды даляраў!

- Урад неяк спрабуе развязаць праблему такіх велізарных завінавачанасцяў?

- Урад бачыць выхад у новых запазычаннях за мяжой. Напрыклад, у гэтым годзе на рынку еўрааблігацый пазычылі 1,4 млрд даляраў. А ўжо ў студзені 2018 гады трэба будзе вярнуць $800 мільёнаў, зробленых на тым жа рынку еўрабондаў сем гадоў таму. Калі цяпер вярстаць кансалідаваны бюджэт краіны, высветліцца, што для выплат замежных пазык не стае вялікай сумы - блізу двух мільярдаў даляраў! А пры гэтым у гэтыя два мільярды не ўключалі $800 мільёнаў, якія трэба вярнуць ужо ў студзені за еўрааблігацыі.

Гэта значыць, праблема ўзнікла вялізная. І Мінфін ужо пастанавіў адразу ж пасля студзеньскай выплаты пазычыць яшчэ 800 мільёнаў даляраў на рынку еўрабондаў. Атрымліваецца свайго кшталту «пазыковая дахоўка», калі выплаты за адныя завінавачанасці напластоўваюцца на нядаўнія запазычанні.

Але галоўная праблема нават не ў гэтым. Трэба разумець, што запазычанні робяцца пад занадта высокія адсоткі. Улетку гэтага года былі ўзятыя два крэдыты: адзін - пад 7,125%, а другі - пад усе 7,5%. Гэта неапраўдана высокія адсоткі. Я, напрыклад, ведаю, што гэтым жа летам расейскі ВТБ-банк запазычаў на рынку еўрабондаў усяго толькі пад 2,6%.

Сітуацыя такая, што Беларусь на зможа цалкам вярнуць завінавачанасці, якія яна бярэ пад 7-8%.

- І што будзе ў выпадку невяртання завінавачанасці?

- Спачатку гэта будзе называцца «тэхнічны дэфолт». Сутнасць яго ў тым, што ніхто ўжо не будзе даваць ніякіх крэдытаў - нават пад неймаверна высокія адсоткі.

А далей могуць адбыцца розныя «цікавыя» рэчы: за пазыкі пачнуць канфіскоўваць гандлёвыя грузы, беларускія дыпламатычныя аб'екты і гэтак далей. Гэта ўжо будзе сапраўдны дэфолт.

Але мы яго адчуем на этапе, калі проста перастануць даваць пазыкі, бо значна ўпадзе ўзровень жыцця.

- І на колькі яшчэ можа панізіцца і без таго невысокі ўзровень жыцця беларусаў?

- Дакладную лічбу разлічыць даволі складана. Але я падаваў летам такія разлікі. За аснову трэба браць тое, на колькі даходы насельніцтва вышэйшыя, чым магчымасці эканомікі. Па выніках мінулага года яны былі адсоткаў на 30 вышэйшымі, чым рэальныя эканамічныя магчымасці ў нашай краіне. Таму ў выпадку тэхнічнага дэфолту і немагчымасці браць замежныя запазычанні ўзровень жыцця можа знізіцца яшчэ прыкладна на траціну.

https://charter97.org/be/news/2017/10/26/267158/

26.10.2017

Відэа

праваабарончыя сайты