Навіны

У Гародні правацэнтрысцкая кааліцыя прадставіла эканамічную альтэрнатыву Дэкрэту №3

Паседжанне правацэнтрыскай кааліцыі прайшло ў Гародні. Галоўнай тэмай сустрэчы стала прэзентацыя эканамічнай альтэрнатывы сумнавядомаму Дэкрэту №3. Галоўнымі дакладчыкамі выступілі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Яраслаў Раманчук. Выступаючы перад прысутнымі, лідар Аб’янанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў: “Перад намі стаіць некалькі галоўных тэмаў, адна з іх – гэта Дэкрэт №3, мы зрабілі вялікую працу над тым, каб дэкрэт быў прыпынены, але гэтага недастаткова. Мы зараз працуем  над тым, каб прапанаваць альтэрнатыву, што трэба рабіць, каб была занятасць і эфектыўныя месцы працы. У нас ёсць дакумент і мы гатовы канкураваць з уладамі. Другая важная тэма – гэта кампанія “Стоп дзедаўшчына ў арміі і краіне!” Неабходна, каб мага больш людзей выказаліся  на гэтыя  тэмы. Я думаю, што мы будзем пра гэта шырока гаварыць падчас мясцовай выбарчай кампаніі. Гэта праблемы не лакальныя, яны хвалююць кожнага грамадзяніна нашай краіны. Якому хочацца пачувацца абароненым, мець годную працу і годныя заробкі”.

Лідар грамадска-палітычнага аб’яднання “Рух за Свабаду” Юрась Губарэвіч акцэнтаваў увагу на працы ў рэгіёнах, адзначыўшы: “Традыцыйна  наша галоўная задача – прыцягваць увагу да праблем, якія існуюць ў нашым грамадстве, пашыраць інфармацыю пра альтэрнатыву правацэнтрысцкай кааліцыі. Быць праваднікамі ідэяў, якія мы агучваем. Важна маніторыць інфармацыю на месцах, абапіраючыся на нашых людзей ў рэгіёнах мы зможам адсочваць настроі і пратэстны градус нашага грамадства.”

Гарадзенская дыскусія стала чарговым крокам для выпрацоўкі агульнай  стратэгіі правацэнтрысцкай кааліцыі на бліжэйшых выбарах у мясцовыя саветы, якія павінны адбыцца, як мяркуецца, у лютым 2018 года.

26.10.2017

Відэа

праваабарончыя сайты